Пад белымі крыламі
У нашай краіне захаваліся куткі некранутай прыроды, маленькія, але гасцінныя гарады, дзе вас заўсёды з ветлівай усмешкай сустрэнуць мясцовыя жыхары. Адным з такіх куточкаў з’яўляецца чысты і ўтульны палескі гарадок Ганцавічы. З’явіўся ён на мапе Беларусі (дзякуючы будаўніцтву чыгункі Баранавічы — Лунінец) у 1898 годзе, як сведчыць надпіс на камені, закладзеным падчас заснавання горада. Такім чынам, сёння маім Ганцавічам 113 год! Нягледзячы на малады ўзрост, наш райцэнтр славуты працавітымі і таленавітымі людзьмі, прыродай, культурнымі помнікамі, багатымі нацыянальнымі звычаямі і традыцыямі.
«Ваша Люсинская школа была моим первым учительским местом, с которого началась вся моя дорога в жизнь…» Так пісаў Якуб Колас жыхарам вёскі Люсіна ў 1948 годзе. Менавіта тут знакаміты беларускі пясняр працаваў настаўнікам у 1902—1903 гадах. У першай кнізе трылогіі «На ростанях» Я. Колас дакладна апісаў вёску (назва гучыць як Цельшына) і школу. А мясцовыя жыхары сталі прататыпамі персанажаў пісьменніка. Сёння ў Люсінскай школе існуе музей Якуба Коласа. На тэрыторыi раёна пад аховай дзяржавы знаходзяцца больш за 100 курганоў-магільнікаў X—XI стагоддзяў. А першыя вёскі (Чудзін, Будча) з’явіліся яшчэ ў XV—XVI стагоддзях. Мы ганарымся ўсім, што пакінулі нашы продкі. А яшчэ Ганцавічы сталі вядомыя і праз паэтычныя творы нашых землякоў: Міхаіла Рудкоўскага, Віктара Гардзея, Васіля Праскурава, Алеся Каско…
Створаны ў нас і Дом рамёстваў, у якім штомесяц ладзяцца выставы самабытных мясцовых майстроў. Непаўторная прырода Ганцаўшчыны прываблівае замежных гасцей, аматараў палявання і рыбалоўства. Турысты з Германіі, Францыі, Польшчы дзівяцца на прыгажосць спрадвечных лясоў і балот, расказваюць дома пра далёкую Беларусь. І хочацца сказаць усім: «Прыязджайце да нас на Ганцаўшчыну, падыхайце водарам жывіцы, паспытайце суніц, чарніц, брусніц і журавін, назбірайце баравікоў, лісічак і маслякоў, пасядзіце з вудачкай на берагах азёраў і мясцовай рачулкі Цны, пабывайце на вадасховішчы ў Лактышах і палюбуйцеся срэбранымі карпамі».
Многія кажуць, што ў вялікім горадзе жыць лепш. Але я шчыра радуюся, што нарадзілася і жыву ў Ганцавічах. Тут сказала першае слова, зрабіла першы крок, з вялікім букетам кветак пайшла ў першы клас і вось ужо праз некалькі месяцаў прайдуся па любімых вуліцах з чырвонай стужкай «Выпускнік»… Усё маё дзяцінства прайшло ў гэтым куточку «зямлі пад белымі крыламі». І нават калі я апынуся далёка ад радзімы, то ў думках заўсёды буду вяртацца сюды.
Анастасія Паўлоўская, г. Ганцавічы.
А дзе апошнім разам шукаў прыгоды ты? Дасылай свой маршрут на электронны адрас рэдакцыі: p_vozrast@tut.by ці поштай: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, «ПВ». Прымі ўдзел у конкурсе «Нататкі юных вандроўнікаў»!
Популярность: 3%











Оставьте свой комментарий!