20.05.2012,Воскресенье, 02:26
Комментарии Новости
Главная » Архив

Шляхамі Адама Міцкевіча

Опубликовано Четверг, 30 Июнь 2011Комментариев нет

Толькі пачаліся доўгачаканыя канікулы, як вучні нашага класа разам з класным кіраўніком Аленай Аляксандраўнай выправіліся ў паход па маршруце Арабаўшчына — Калдычэва — Гарадзішча — возера Свіцязь, каб пазняёміцца з мясцінамі, што былі звязаны з жыццём і творчасцю вялікага паэта Адама Міцкевіча.

Упершыню вёска Арабаўшчына ўзгадваецца ў 1865 годзе пад назвай Арабінаўшчына (магчыма, ад слова арабіна — рабіна: яе і цяпер шмат у напрамку Калдычэўскага возера). Па іншай версіі, князь Радзівіл, які валодаў гэтай мясцовасцю, падараваў вёску свайму арабу — ад нацыянальнасці ўладальніка і пайшла назва. У тыя часы гэта было невялікае мястэчка ў 15 двароў, жыхары якога жылі бедна. А сёння Арабаўшчына, вёска Гарадзішчанскага пасялковага Савета, знаходзіцца за 14 км на поўнач ад горада Баранавічы і налічвае амаль 700 жыхароў. Далей мы пешшу дабраліся да вёскі Калдычэва. Па-рознаму ўспамінаюць гэтую вёсачку, што прытулілася пры дарозе, якая злучае старажытны Навагрудак з Баранавічамі. І як маляўнічы куток — вёска размясцілася на ўзгорках, і як месца, дзе пачынаецца Шчара, адна з буйнейшых беларускіх рэчак, і як арыенцір на маршруце па месцах Міцкевіча… І як сведку злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў… Тут у 1942 —1944 гадах на месцы былога панскага маёнтка дзейнічаў канцэнтрацыйны лагер. Дзесяткі мірных жыхароў прайшлі праз яго. У Майданак, Асвенцым, на катаржную працу ў Германію ляжаў адсюль іх шлях… Для 22 тысяч чалавек ён быў карацейшы — іх расстралялі ў наваколлях лагера. Аб злачынствах гітлераўцаў нагадвае помнік каля дарогі.

Наступны пункт — г.п. Гарадзішча. Тут ёсць вуліца ўздоўж правага берага р. Сэрвечы, якая вядзе ў сівую даўніну — гарадзішча, дзе калісьці стаяў горад. Археолагі сцвярджаюць, што людзі пасяліліся тут даўно: знойдзены гліняны посуд, аздоблены тонкімі рыскамі. Такое месца не магло не прывабіць: высокая гара над тонкім поплавам і рэчкай давала зручны прытулак, акружаная равамі і абгароджаная дубовым тынам — надзейнае сховішча. У раннім сярэднявеччы тут узнік горад, і не малы, мяркуючы па памерах гарадзішча (200х130 м). І не бедны, калі меркаваць па знойдзеных упрыгожаннях. А вядомы беларускі гісторык ХІХ стагоддзя, збіральнік старадаўніх рэчаў і пісьменнік Аляксандр Ельскі
быў перакананы, што менавіта тут знаходзіўся горад Варута — вядомая з летапісу сталіца князя Міндоўга!

Потым — шлях на возера Свіцязь, авеянае паэзіяй Адама Міцкевіча. У гады вучобы ў дамініканскай школе ў Навагрудку Адам Дамінікавіч цесна прасябраваў з Янам Чачотам, будучым беларускім і польскім фалькларыстам і паэтам. Шмат цікавага хлопцы бачылі ў навакольных вёсках і мястэчках, куды адпраўляліся ў нядзелю, каб паглядзець, як спраўляюцца сялянскія вяселлі і дажынкі. Іх захаплялі народныя звычаі, абрады. Заслухоўваліся яны і народнымі баладамі, у якіх апавядалася пра вялікае каханне вясковых хлопцаў і дзяўчат. Нязгасны агонь светлага пачуцця распаліла ў душы і сэрцы Адама Міцкевіча Марыля Верашчака са старадаўняга беларускага шляхецкага роду Верашчакаў, маёнтак якіх быў у  Тугановічах, што раскінуліся сярод маляўнічых пагоркаў над ракой Сэрвеч. Аднойчы на беразе Свіцязі яны сустрэлі рыбака, які расказаў ім пра асаблівасці свіцязанскай вады і самога возера, на месцы якога па легендзе калісьці быў горад. У аповядах рыбака было шмат праўдападобнага і паэтычнага: «Калісь вада тут была маладою». Марыля не ўстрымалася: «Гэта сапраўдная паэзія! Напішы што-небудзь падобнае!» — звярнулася яна да свайго каханага.

І вось праз стагоддзе мы ўспрымаем Міцкевічаўскія балады і рамансы з бязмежнай радасцю, таму што геніяльная муза паэта нарадзілася і ўзрасла на нашай зямлі, яе песцілі нашы песні і паданні, калыхалі вятры Плужынскага бору і Налібоцкай пушчы, хвалі празрыстай Свіцязі, імклівага Нёмана…

Ілона Саселія, Арабаўшчынская БАШ, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць.

Популярность: 3%

Оставьте свой комментарий!

Оставьте свой комментарий ниже.

Пожалуйста, старайтесь придерживаться темы публикации.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Каталог TUT.BY