У сэрцы назаўсёды
У кожнага чалавека ёсць куточак, куды ён заўсёды спяшаецца, дзе б ні знаходзіўся. Гэта месца, дзе дрэвы здаюцца вышэйшымі, дзе вуліцы такія прыгожыя, дзе ўсе людзі такія знаёмыя… Для мяне такі куточак — родная вёска Больценікі. Яна невялікая — каля 200 жыхароў, і таму мне вядома тут усё: вуліцы, завулачкі, будынкі. Але з кожным днём я адкрываю шмат цікавага і таямнічага.
Прыклад — культурна-гістарычны помнік — маёнтак Путкамераў. Да нашых часоў захаваліся парк, які быў закладзены ў ХVIII стагоддзі, гаспадарчыя пабудовы і знакаміты камень Адама Міцкевіча. Асаблівай увагі заслугоўвае парк. Вельмі прыгожа тут летам, калі дрэвы стаяць у зялёным убранні, гучаць птушыныя спевы, а сонейка ззяе так, што міжволі прыжмурваеш вочы. Часам горача, спякотна. Тады крочым на возера. Цёплая вада набягае на жоўты пясок, лашчыць ногі. Але не толькі пейзажнымі краявідамі славяцца Больценікі. Не менш прыгожая тут і гісторыя.
Зноў прыклад — гісторыя кахання Адама Міцкевіча да Марылі Верашчакі, якое ён пранёс праз усё сваё жыццё. Паэту і дзяўчыне не выпала шчасця быць разам. З самага маленства графіня была заручана з багатым графам. Таму Марыля і Адам вымушаны былі разлучыцца.
У Больценіках захаваўся камень, на якім паэт выбіў крыж у знак кахання да адзінай і любай дзяўчыны Марылі. У народзе існуе такое павер’е: калі дзяўчына і хлопец, паклаўшы рукі на камень, гледзячы ў вочы адзін адному, паклянуцца ў верным каханні, то гэта абавязкова збудзецца — яны застануцца разам на ўсё жыццё. Таму сёння тут можна сустрэць шмат маладых пар.
Я ганаруся сваёй роднай вёскай. А калі ж давядзецца пакінуць яе, то захаваю ў сэрцы назаўсёды…
Ала Шчэрба, гурток «Юнкар», Воранаўскі раённы цэнтр пазашкольнайработы, Гродзенская вобласць.
Популярность: 2%











Оставьте свой комментарий!