Абеліскі памяці
Юныя журналісты клуба «Маладзік» сталі пераможцамі конкурсу Маладзечанскага тэлебачання на лепшы сцэнарый дакументальнага фільма, прысвечанага 65-годдзю Вялікай Перамогі. І вось разам з аператарам і карэспандэнтам мы прайшлі па памятных мясцінах горада і раёна, сустрэліся з ветэранамі. У выніку быў зняты фільм «Абеліскі памяці», які паказалі на канале МКТВ у Дзень Незалежнасці нашай краіны.
Подзвіг лётчыкаў
Ішоў чацвёрты дзень вайны… У небе над Радашковічамі загарэўся самалёт. Камандзір экіпажа вырашыў ісці на таран, накіраваўшы машыну ў скопішча варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрнаў. Лётчыкі загінулі, але знішчылі значную колькасць баявой тэхнікі праціўніка. І не важна, быў гэта самалёт пад кіраўніцтвам капітана Мікалая Гастэлы, як лічылі шмат гадоў, ці Аляксандра Маслава, як сцвярджаюць цяпер, але гэта — адзін з першых самаадданых учынкаў абаронцаў, які паслужыў прыкладам для тысячы герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Сястра Хатыні
Не сціхаюць галасы хатынскіх званоў. Яны напамінаюць пра лёс 186 беларускіх вёсак, якія зніклі з твару зямлі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Адна з іх — Сакаўшчына Маладзечанскага раёна. Фашысты спалілі вёску і суседні хутар Клайдуці 11 лістапада 1943 года разам з людзьмі, якія не паспелі схавацца. Невялікі мемарыяльны комплекс быў адкрыты на гэтым месцы праз некаторы час пасля вайны: насыпаны курган, устаноўлены абеліск, а на ім высечаны словы, звернутыя да нас.
«Шталаг-342» — рана нашага горада, якая не загойваецца і сёння. Лагер смерці адзіны з дзевяці стацыянарных, утвораных на Беларусі ў 1941 годзе. Тэрыторыя лагера была абнесена калючым дротам, баракі не ацяпляліся. Вязняў кармілі раз у суткі. Людзі гінулі ад голаду, эпідэмій, здзекаў. «Шталаг-342стаў апошнім прытулкам для 33 125 ваеннапалонных і мірных гараджан: жанчын, старых, дзяцей. Напярэдадні 50-годдзя Перамогі на месцы лагера вырас мемарыяльны комплекс як памяць аб нявінных ахвярах. Астанкі загінуўшых урачыста перазахаваны ў падножжы пантэона. Зямлю пакрывае 221 каменная пліта з нумарамі магіл.
Парк Перамогі
Наш гарадскі парк — адзін з самых прыгожых у рэспубліцы. Ён равеснік Перамогі. Стваралі яго маладзечанцы адначасова з адраджэннем горада пасля Вялікай Айчыннай вайны: ішлі на пустэчу ў выхадныя дні і пасля работы. Метр за метрам ператваралі неўрадлівую зямлю, саджаючы дрэвы… Людзі радаваліся жыццю і міру. А праз 40 гадоў на цэнтральнай алеі ўзвысіліся абеліскі ў гонар вызваліцеляў Маладзечна. З двух бакоў — барэльефы, якія адлюстроўваюць эпізоды баёў за горад, мемарыяльныя пліты з назвамі вайсковых часцей, якія вызвалялі Маладзечна. Падыміцеся да вечнага агню і ўзгадайце… Бо памяць — невялікая даніна людзям, якія падаравалі жыццё без вайны, страху і пакут.
Наталля Скарынка, клуб юных журналістаў «Маладзік», г. Маладзечна.
Популярность: 3%












Оставьте свой комментарий!