20.05.2012,Воскресенье, 02:49
Комментарии Новости
Главная » Архив, Информационный час

Святая крыніца

Опубликовано Среда, 7 Сентябрь 2011Комментариев нет

Вандроўкі… Дарогі… Да якіх дзівосных мясцін яны прыводзяць! З якімі цікавымі людзьмі можна сустрэцца! Вось і мы са сваімі аднакласнікамі і класным кіраўніком Н.Л. Рысевец сабраліся наведаць цудоўную мясціну, якая знаходзіцца за 25 кіламетраў ад горада Асіповічы. Падарожжа пачалося на станцыі Асіповічы, адкуль мы паехалі на дызелі да станцыі Татарка, затым — пешшу па лясной дарозе.
Прошча схавалася ў вялікім лясным масіве. У гэтым месцы шмат незвычайнага. З кожнага куточка, з усіх бакоў на чалавека дыхае таямнічасць — і быццам бы святло напаўняе душу. Хочацца дыхаць на поўныя грудзі. І гэта не дзіўна: яшчэ ў часы паганства там, дзе сёння знаходзіцца Прошча, адбываліся цуды, памяць пра якія захавалася ў народзе.
Вось мы з вамі прайшлі лес, слухаючы птушыныя спевы. А напера­дзе — вялізная паляна сярод бяроз і соснаў, у сярэдзіне якой стаіць невялічкая зграбная беленькая царква пад блакітным дахам. Здаецца, і неба тут сінейшае, і сонца свеціць ярчэй.
Тут мы даведаліся пра гісторыю гэтай мясціны. Сціплы лясны храм прысвечаны іконе Божай Маці «Жываносная крыніца». Па павер’ях, вада з крыніцы вылечвае ад душэўных і цялесных хвароб. Гэта запаветная мясціна на зямлі, з нетраў якой струменіць ціхая крыніца, знаходзіцца пад нябачным заступніцтвам Багародзіцы, у якой можна прасіць прабачэння за свае грахі. Таму лясная палянка і займела назву Прошча.
Старыя людзі захавалі легенду пра гэта незвычайнае месца. Ішлі аднойчы два старцы-сляпцы з вёскі Карытнае і трапілі ў лес. Куды ні пойдуць, адны дрэвы вакол. Зразумеўшы, што яны тут загінуць, упалі старцы на калені і пачалі Богу маліцца. І раптам чуюць: зацурчэла недзе блізка вада. Нахіліліся яны напіцца, прамылі вочы і раптам празрэлі. Бачаць: на бярозе ікона Божай Маці. Раніцай выйшлі старцы з лесу і расказалі пра цуд свяшчэнніку. А той, памаліўшыся, забраў ікону ў Карытнянскую царкву і закрыў. Але раніцай іконы не аказалася на месцы. Нейкім цудам яна апынулася ў лесе, каля крыніцы. І так — некалькі разоў. Тады вырашылі на тым месцы пабудаваць царкву.
Адбылося гэта ў 1864 годзе. Сюды ішлі людзі са ўсёй Беларусі, каб памаліцца, ачысціцца душой, напіўшыся святой вадзіцы. На жаль, у 1928 годзе царкву спалілі, але людзі ніколі не забываліся пра гэта месца: ставілі крыжы, павязвалі ручнікі. У пасляваенны час жыхарка вёскі Ясень Е.Ф. Сідаровіч вельмі доўга дабівалася дазволу на пабудову храма. Працавалі людзі апантана, ад цямна да цямна, без усякай узнагароды. І вось 29 жніўня 1992 года адбылося асвяшчэнне храма ў гонар іконы Божай Маці «Жываносная крыніца».
Над калодзежам, дзе бруіць крыніца, пабудавана невялікая каплічка. Тут і мы з сябрамі напіліся вадзіцы. І сілы прыбавіліся, прайшла стома.
Не толькі людзі наведваюць гэта месца. Мы здзівіліся, калі ўбачылі, што ў вугалку над іконай зрабілі гняздо ластаўкі.
І яшчэ адна дзіўная прыродная з’ява ёсць на тэрыторыі царквы. Гэта зрошчаныя дуб і бяроза. Гавораць, абдымеш дрэва — споўніцца жаданне. Дзверы царквы «Жываносная крыніца» ў Прошчы заўжды адчынены, нават калі там нікога няма. Заходзьце, падарожнікі! Супакойце ў цішыні сваю душу і наталіце смагу гаючай вадой.

Ягор Пуйша, СШ № 2 г. Асіповічы, Магілёўская вобласць.

Популярность: 2%

Оставьте свой комментарий!

Оставьте свой комментарий ниже.

Пожалуйста, старайтесь придерживаться темы публикации.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Каталог TUT.BY