14.12.2018,Пятница, 20:45
Мы в социальных сетях:
Главная » Архив, СКАЛАлазы

Как начинали группы «Мутнаевока», «Drwiwy» и «Hollywood Undead»

Мутнае вокаШто відаць “Мутнымвокам”?
Беларускае трэба не толькі купляць, але і слухаць! І ёсць з чаго выбіраць! Сёння нашы героі — адзін з найцікавейшых калектываў краіны “Мутнаевока”.

Сярэдзіна 2005 года. Альтэрнатыўная сцэна Мінска трашчыць ад колькасці раптоўна ўзнікшых гуртоў. Усе хочуць быць зоркамі. І сярод гэтага натоўпу — чацвёра хлопцаў, пра якіх сёння пойдзе гаворка. Яны — адны з тых, хто вытрымаў шмат складанасцяў. “Мутнаевока” пачало набіраць папулярнасць.

Што гэта за гурт? Пачнем з музыкі. Калектыў грае своеасаблівы мікс рока, панка, рок-н-рола і папсы (цяпер больш прытрымліваюцца рокавага напрамку). Музыка нескладаная і заводзіць з першых акордаў. Акрамя электрагітары, баса ды бубнаў, гурт выкарыстоўвае акустычную гітару.

Цяпер пра спевы. Тут патрэбна шмат чаго сказаць пра саліста. Яўген Змушка на сцэне — гэта заўсёды непаўторнае шоу. Ён аддаецца таму, што робіць, пад яго спевы адчуваеш натхненне, спакой і пры гэтым столькі эмоцый, што хочацца заплюшчыць вочы і слухаць… Дарэчы, незвычайнай цікавосткай з’яўляецца тое, што Яўген часта выкарыстоўвае гучнапрамоўнік. Акрамя гэтага, на канцэртах ён размаўляе з усёй залай, аддаючы столькі энергіі, што, здаецца, яе хопіць на ўвесь свет. Ну і, канешне, фанаткі выстройваюцца ў чаргу за здымкам з сімпатычным артыстам.

Што датычыцца тэкстаў, то яны амаль цалкам беларускія, гучныя, эмацыянальныя, моцныя. Ёсць і дзіцячыя. Але ж усе цікавыя: і вясёлыя, і пабуджальныя, і сумныя, і надзейныя, і бязвыхадныя. У “Мутнагавока” знойдзеш песню на любы густ!

Свой першы альбом — “Пошлы гламур” — гурт выпусціў у 2010 годзе. Гэта была доўгая і старанная праца, таму даволі якасная і паспяховая. Адзначым яшчэ два сінглы “Мутнагавока”: “Усе мае сябры” і “Ліхаманка”. Апошні з’явіўся ў сетцы летам 2012 года.

Адразу бачна, што галоўнае для калектыву не колькасць, а якасць. Яны шмат працуюць над музыкай і тэкстамі, і недарэмна. Вынік — павялічваецца колькасць прыхільнікаў іх творчасці.

Дарэчы, выступае “Мутнаевока” нячаста. Апошнім часам музыкі даюць вялікі сольны канцэрт прыкладна раз у паўгода. І кожны іх выступ — гэта нешта новае, тое, што трэба наведаць, убачыць. Атмасферу канцэртаў апісаць складана: гледачы ўваходзяць у стан творчага шоку, адчуваючы моцную сувязь з артыстамі.

Склад
Яўген Змушка — вакал.
Васіль Ярмоленка — электрагітара.
Алесь Ільін — бас.
Аляксей Яфрэменка — бубны.

hollywood undeadШасцёра ў масках
Маскі-шоу і цудоўны рэпкор? Як такое магчыма? Гэта даволі лёгка сумясцілі шасцёра звычайных хлопцаў з Лос-Анджэлеса, якія вырашылі стаць гуртом сем гадоў таму.

Сваю першую папулярнасць яны атрымалі ў Інтэрнэце. А потым пачалі запісваць альбом і шукаць лэйбл, які не будзе падвяргаць іх песні цэнзуры. І знайшлі. Дэбютная пласцінка “Swan Songs” выйшла ў 2008 годзе. І гэтая кружэлка трымалаcя ў чарце Billboard 200 76 тыдняў.

Hollywood Undead сталі нечым новым ва ўжо існуючым стылі. Гурт здолеў захапіць аўдыторыю. А яшчэ больш цікавасці ў публікі вызваў знешні выгляд хлопцаў: амаль усе яны выступаюць у масках, прычым час ад часу іх змяняюць, чым не пера-стаюць уражваць прыхільнікаў рэпкора.

Далей Hollywood Undead пачалі працаваць над другім альбомам. Але яны не спяшаліся: атрымлівалі розныя прэміі, ездзілі з канцэртамі… І праз тры гады нарэшце запісалі новую пласцінку “American Tragedy”. Зноў яны забраліся на першыя радкі чартаў розных краін, не жадаючы адтуль сыходзіць. Ды і фанатаў станавілася ўсё больш.

Зараз хлопцы працуюць хутчэй. Іх новая кружэлка выйшла ў продаж 8 студзеня. Пласцінку назвалі “Notes from the Underground”. У ёй 11 трэкаў і тры бонусныя. Стыль, як і раней, — рэпкор, рэп-метал, альтэрнатыўны хіп-хоп.

Дарэчы, “Notes from the Underground” з упэўненасцю можна назваць галоўным рэлізам студзеня. Чаму? Таму што дыскі Hollywood Undead заўсёды доўгачаканыя і самыя клёвыя. Гэта менавіта тая нота, з якой прыемна пачаць новы год. Толькі зберагчы эмоцыі не атрымаецца, таму што дыск павінен быць кульным і вельмі захапляльным.

Склад
J-Dog (Jorel Decker) — вакал, клавішныя, рытм-гітара, скрым, бас.
Charlie Scene (Jordon Terrell) — сола-гітара, вакал, скрым.
Johnny 3 Tears (George Ragan) — вакал, скрым.
Funny Man (Dylan Alvarez) — вакал.
Da Kurlzz (Mattew St. Claire) — ударныя, скрым, перкусія, вакал.
Danny (Daniel Murillo) — вакал, рытм-гітара.

DrwiwyТэрапія ад Drwiwy
Эксперыментальны праект Drwiwy запісаў першы поўнафарматны альбом «Spokiŭ».

Гурт узнік у 2009 годзе як сольны праект Арцёма Вілейта. Дагэтуль Арцём супрацоўнічаў з Ігарам Валькоўскім (Chem, T.U.B.U.S.), Вітаўтам Ra Om (Insumthinmagma, Exit to Exist, Golova, Nemertis), Аляксеем Багушэвічам (Tok Spakoju), Янкай Понібоем (Сестрічкін Луч). У 2012-м да яго далучыўся гомельскі музыка Сяргей Цуранкоў (вядомы па ўдзеле ў гурце «Сімор» Дзмітрыя Лавіцкага), і ў кастрычніку артысты прэзентавалі першы сінгл «Птушкі».

«Мы любім добрых, цікавых, незвычайных людзей, жывёл, прыроду, самоту. Drwiwy — спадзеў на змену свету да лепшага, на музычную тэрапію і зваротны энергетычны ўнёсак чалавека, што будзе нас слухаць і разумець», — кажа Арцём Вілейта і адзначае, што «Spokiŭ» — гэта каштоўны сувенір, запрашэнне далучыцца да цьмянага сусвету Drwiwy.

Альбом, па словах музыкаў, падобны на адкрыццё маленькіх дзвярэй, загарадкі ва ўтульны куточак, дзе рэальнасць нашмат лепшая за мроі, а птушкі спавіваюць свет.

«У аснове канцэпцыі альбома ляжыць мінімалістычны акустычны гук з некаторым унёскам электронікі і лоў-фая. Гэта дазваляе раскрыцца кожнаму голасу і гуку, — распавядае Сяргей Цуранкоў. — Мы аматары дроўна, бурдоннай музыкі. Любім манатоннасць і мернасць. Але мы намагаліся зрабіць гучанне альбома дынамічным, са скокамі ўгару і падзеннямі, рыўкамі і паўзамі».

У пласцінку ўвайшлі 8 кампазіцый. Апрача інтэрнэт-прэзентацыі, гурт падрыхтаваў наклад кампакт-дыскаў.
Вячаслаў Радзівонаў.

Навіны рок-тусоўкі

  • Знакамітыя металісты Megadeth рэлізуюць сваю чатырнаццатую пласцінку ў пачатку 2013 года. Пакуль яшчэ не вядомы ні дакладная дата выхаду, ні назва, ні трэкліст. Але музыкі абяцаюць шмат цікавостак.
  • Bullet For My Valentine парадуюць сваіх прыхільнікаў новай пласцінкай 12 лютага. “Temper Temper“ — так назвалі альбом рокеры. У ім будзе 11 трэкаў, а першы сінгл “Riot” выйдзе 15 студзеня.
  • Children Of Bodom пачынаюць запісваць новы альбом. Кружэлка з’явіцца вясной — летам.
  • Deep Purple працуюць над 19-м дыскам. І ўжо стала вядома дата яго выхаду — 26 красавіка. У пласцінку ўвойдуць 13 новых кампазіцый. На зва пакуль невядома, але цікава: ці здоляць ветэраны рока набыць новую хвалю папулярнасці?
  • Гітарыст гурта Ministry Майк Скачыа памёр ад сардэчнага прыступу на сцэне падчас канцэрта. Музыке было 47 гадоў.

Па “скалах” лазіла Юлія Канапелька, БГУ.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь