25.09.2020,Пятница, 15:38
Мы в социальных сетях:
Главная » Твой ровесник

Дзяўчына, матэматыка, парашут…

040416Хто сказаў, што дзяўчынкі нічога не разумеюць у дакладных навуках? Апошнія даследаванні вучоных (праўда, брытанскіх) пацвердзілі: у жанчын лепш развітая памяць, у той час як у мужчын — вобразнае мысленне. Вось і наша гераіня не  паскардзіцца: логіка ў яе не “жаночая”, а такая, як трэба. Знаёмцеся: Лізавета Манжуліна, вучаніца 11 класа гімназіі № 41 г.Мінска імя У.Х. Сярэбранага, пераможца ІV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат, стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Стыпендыя стыпендыяй, перамогі перамогамі, але я дагэтуль сумняваюся ва ўласных здольнасцях. І чым больш ведаю, тым менш аптымістычна ацэньваю свае магчымасці. Галоўнае, што лічу важным: мне падабаюцца дакладныя навукі, а матэматыка — мая стыхія, паглыбляцца ў якую цікава кожны раз. Прычым сапраўдны інтарэс прачнуўся толькі  ў пятым класе, калі я трапіла на раённую прадметную алімпіяду, потым — выйшла на гарадскі ўзровень, натхнілася поспехамі і апынулася ў школе юных матэматыкаў пры БДУ “Юні-цэнтр-ХХІ”. Вось тут і адкрыла для сябе лічбы і формулы зусім іншага, чым у школе, кшталту: захапляльныя і хвалюючыя. З’явілася шмат прасторы для творчасці: задачы прымушаюць напружваць інтэлект, уключаць мысленне, а не дзейнічаць па ўзоры. Сябры з цэнтра пераканалі перавесціся ў 41-ю мінскую гімназію, дзе амаль усе — дырэктар, выкладчыкі, вучні — выказваюць асаблівую павагу да царыцы навук! Пазнаёмілася з цудоўнымі хлопцамі-аднадумцамі і здзейсніла мару: мець брата. Цяпер у мяне іх ажно чатыры!

— А што наконт сям’і? Талент у тваім выпадку закладзены генетычна?

— Не зусім. Мая мама — настаўніца выяўленчага мастацтва, бабулі — гуманітарыі, а вось дзед — фізік-матэматык. Як бачыце, колькасна  гуманітарыі пераважаюць!

— Вучоныя ў апошні час актыўна аспрэчваюць міф, што дзяўчынкі не маюць здольнасцяў да дакладных навук. Маўляў, цяга да лічбаў у слабага полу не меншая, чым у моцнага. Уся справа ў выхаванні і сацыяльных устаноўках: большасці дзяўчат з дзяцінства даводзяць, што тэхніка не для іх розуму. Гэтак жа, як хлопчыкаў вучаць, быццам вязаць, шыць і гатаваць вячэру — не мужчынская справа. А што скажаш ты, чалавек, які ведае сітуацыю знутры?

— У маім класе дзяўчынак хапае. А вось на алімпіядах пераважаюць хлопцы, большасць з іх — пераможцы. Таму жаночыя спаборніцтвы па матэматыцы — гэта добры шанс заявіць пра сябе. Асабліва ў такіх краінах, як, напрыклад, Кітай, дзе традыцыйная жаночая алімпіяда стала для многіх дзяўчат сапраўдным трамплінам у свет вялікай навукі. А што тычыцца змешаных інтэлектуальных турніраў, то там усе паважаюць адзін аднаго. Жартачкі наконт жаночай логікі часам даводзіцца чуць, але яны зусім-зусім нязлыя, смяёмся з іх разам.

— Я ведаю, што ты яшчэ і заўзяты экстрэмал: катаешся на горных лыжах, сноўбордзе, скакала з парашутам… Як гэта можна звязаць з вобразам  выдатніцы-матэматычкі?

— Самым натуральным чынам! Дзякуючы тату з дзяцінства захапілася актыўнымі відамі спорту, таму катацца на каньках і лыжах для мяне — што пешшу хадзіць. А з парашутам мы наогул усёй сям’ёй спускаліся, нават мама. Прычым ёй пашанцавала больш за ўсіх: яна планіравала каля дзесяці хвілін! Звычайна ўсё адбываецца хутчэй: не паспееш агледзецца, як ужо прызямліўся. Але зрэдку зда-раецца і вось такі шчаслівы збег абставінаў: вецер, узыходзячыя патокі паветра — і ты дзесяць хвілін адчуваеш сябе птушкай!

— Ты яшчэ і танчыш…

— Так, прафесійна займаюся спартыўнымі бальнымі танцамі. Вядома, часам даводзіцца  ахвяраваць студыяй: усё ж выпускны клас, на носе — чарговая алімпіяда. Да таго ж у мяне новы партнёр. З Аляксеем мы знаёмыя год, спачатку доўга не маглі станцавацца: было шмат перапынкаў у рэпетыцыях, то я занятая, то ён. Але ў апошні час добра прыбавілі ў тэхнічным плане. Цяпер мы сапраўды пара…

— А як з вольным часам? Ён у цябе наогул ёсць, напрыклад, на тэлевізар, чытанне, “тупа” паваляцца ў ложку і «папляваць у столь»?

— Я наогул усюды паспяваю: ёсць жа электронныя і аўдыякнігі, якія  чытаю  па дарозе на факультатывы ці рэпетыцыі, ды і часу на сустрэчы з сябрамі хапае. А ў выхадныя магу паглядзець з сям’ёй фільм, выбрацца на прыроду ці засяродзіцца за маляваннем.

— Карацей: жыццё бурліць, як у мурашніку?!

— Імкнуся ўзяць ад яго ўсё!

Гутарыла Віталіна Несцяровіч, «ПВ».

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь