22.04.2018,Воскресенье, 11:24
Мы в социальных сетях:
Главная » Есть повод!

Як захаваць мір?

0_6ecee_5126f191Кажуць, найлепшы настаўнік — вопыт. Бярэ, праўда, дорага, затое тлумачыць даходліва. А які галоўны ўрок павінен вынесці з мінулага кожны? Правільна: мір, незалежнасць і бяспека — самыя важныя каштоўнасці, якія трэба захаваць чаго б тое ні каштавала. Менавіта таму ва ўсіх школах краіны 1 верасня прагучыць: «Нам мір завешчана берагчы…»

А мінулае бязлітасна: яшчэ жывыя беларускія ўдзельнікі і відавочцы Вялікай Айчыннай вайны, што добра памятаюць, якой цаной нам дасталася Перамога. Загінула каля 2,5—3 мільёнаў жыхароў, знішчана палова нацыянальнага багацця рэспублiкi… І толькі дзякуючы добрасуседскім зносінам і агульнай мэце мы жывём у шчаслівай, квітнеючай, незалежнай краіне!

Як захаваць гэты мір — асноўны залог будучага чалавецтва? Не дзяліць людзей на сваіх і чужых, на сяброў і ворагаў па нацыянальнай ці культурнай прыкмеце… А галоўнае — ніколі не пераставаць шанаваць тое, што мы маем. Бо ў нас ёсць моцная дзяржава, і яна бесперапынна рухаецца наперад. А зараз прапануем табе азнаёміцца з асноўнымі яе дасягненнямі, а таксама даведацца, якія меры па бяспецы прымаюцца нашым кіраўніцтвам.

На варце

Памятаючы гісторыю, мы ведаем, што любая міралюбівая палітыка павінна быць падмацавана рэальнымі магчымасцямі ўлад абараніць свой народ. Таму абараназдольнасці надаецца першараднае значэнне. У Беларусі распрацаваны і прыняты Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і новая рэдакцыя Ваеннай дактрыны, у якіх сфармуляваны асноўныя задачы і акрэслены напрамкі дзейнасці з улікам сучасных пагроз. Сёння нашу армію па праву можна назваць школай мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму. За апошнія гады зроблены захады па гарантаванні тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Таксама рэалізоўваецца комплекс мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы аховы дзяржаўных межаў. Станаўленне, развіццё і баявы шлях Узброеных Сіл непасрэдна звязаны з гісторыяй нашай дзяржавы, з барацьбой беларусаў за свабоду і незалежнасць, за захаванне і ўмацаванне заваёў былых пакаленняў. Воіны здаўна карысталіся нязменнай любоўю народа, а іх цяжкая прафесія заўжды лічылася адной з самых высакародных. Такія адносіны да ратнай працы выхавалі ў нашых ваяроў якасці, што заўсёды адзначалі не толькі саюзнікі, але і ворагі: нязломную волю да перамогі, стойкасць, цвёрдую рашучасць, беззапаветную мужнасць і храбрасць, гераізм, моцнае вайсковае братэрства і ўзаемавыручку.

Сяброўства без межаў

Наступная ўмова нацыянальнага дабрабыту — станоўчыя дачыненні з суседнімі краінамі. Гэты прынцып таксама з поспехам выкарыстоўваецца ў Беларусі. У снежні спаўняецца 25 гадоў з дня падпісання Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, у развіццё якой наша краіна ўнесла значны ўклад. Сёння СНД — рэальны і ўстойлівы механізм, накіраваны на інтэграцыю і супрацоўніцтва ва ўсіх галінах. Сумесныя намаганні ўдзельнікаў Садружнасці нацэлены на забеспячэнне стабільнага і збалансаванага росту, павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік, умацаванне пазіцый членаў у сусветнай гаспадарчай сістэме. Акрамя названых пытанняў, усё больш увагі надаецца адукацыі, сферы культуры. Агульная гісторыя, традыцыі, адсутнасць моўных бар’ераў ствараюць глебу для плённага супрацоўніцтва.

Наперадзе ўсіх

У дакладзе Прэзідэнта на V Усебеларускім народным сходзе былі ўзгаданы неаспрэчныя поспехі ў галіне сацыяльнай палітыкі. Пацвярджэнне гэтаму — выкананне ўжо ў 2015-м вызначаных Дэкларацыяй ААН мэт тысячагоддзя, звязаных з выкараненнем беднасці і голаду, зніжэннем дзіцячай смяротнасці, забеспячэннем пісьменнасці насельніцтва. Па індэксе чалавечага развіцця наша дзяржава сярод 200 краін сусветнай супольнасці перамясцілася за пяцігодку з 68-й на 50-ю пазіцыю. З 2014-га ўпершыню за 20 гадоў колькасць жыхароў пачала расці. Нараджальнасць і смяротнасць практычна зраўняліся — сціснуты так званыя дэмаграфічныя нажніцы. У рэйтынгу па ўзроўні развіцця адукацыі мы знаходзімся ў групе 30 краін-лідараў і стаім наперадзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Па паказчыках даступнасці адукацыі — прыём дзяцей у школу, колькасць студэнтаў вну — Беларусь таксама ў спісе першых сярод усіх народаў Еўропы і свету. Рэспубліка лідзіруе па ліку навучэнцаў ва ўс­та­новах прафесійнай адука­цыі.

Сямімільнымі крокамі

У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі, завяршаецца пераабсталяванне дзевяці найбуйнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, уведзены ў строй тэхналагічныя лініі па выпуску цэменту сухім спосабам, арганізаваны выраб комплексных складана-змешаных угнаенняў. Асвоена серыйная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, з’явіўся самы вялікі ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон, узведзены завод, на якім ствараюцца сучасныя чыгуначныя электрацягнікі — яны ўжо сталі на рэйкі нашай Беларусі. Ідзе будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Мадэрнізацыя дазволіла абнавіць тэхналогіі і істотна скараціць затраты: зніжэнне ўзроўню матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці склала каля васьмі адсоткаў. За пяць гадоў увялі ў эксплуатацыю і тэхнічна перааснасцілі больш за тысячу малочнатаварных, 55 свінагадоўчых, 456 збожжасушыльных, звыш 500 птушкагадоўчых комплексаў. Аўтаматызацыя асноўных працэсаў сельгасвытворчасці дала магчымасць павялічыць прадукцыйнасць працы за пяцігодку на вёсцы амаль у 1,5 разу.

Традыцыйныя галіны былі не толькі захаваны, але і стварылі аснову для развіцця новых напрамкаў: атамнай энергетыкі, касмічнага, біятэхналагічнага… На парадку дня — пераход да зялёных тэхналогій і эканомікі ведаў. Выпуск інавацыйнай прадукцыі за пяцігодку павялічыўся больш чым у чатыры разы. У краіне ёсць значныя напрацоўкі ў сферы высокіх тэхналогій, напрыклад, у вытворчасці аптычных і лазерных прылад, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Шырокую вядомасць у свеце набыў шэраг камп’ютарных праграм беларускіх распрацоўшчыкаў. Па экспарце ў галіне IT і інфармацыйных паслуг на душу насельніцтва Беларусь апярэджвае ўсе краіны Садружнасці.

Акрамя таго, паказчыкам сусветнага інтарэсу да айчыннай эканомікі з’яўляецца ўзрослая актыўнасць замежных інвестараў. За апошнія пяць гадоў аб’ём інвестыцый вырас у 2,5 разу, пры гэтым прыцягнута амаль 11 мільярдаў долараў на чыстай аснове.

P.S.

Таму невыпадкова на 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый нашу краіну назвалі сімвалам міру. Беларускі народ умее браць урокі з мінулага, даражыць мірам і спакоем у грамадстве. І дзеля таго каб працягваць развівацца, трэба заставацца вернымі маральным каштоўнасцям і добрым традыцыям, шанаваць тое, чаго дамагліся нашы продкі, і імкнуцца прымножыць іх дасягненні.

Беражэ мір Кацярына Чобат, «ПВ».

 

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Оставьте свой комментарий!

Оставьте свой комментарий ниже.

Пожалуйста, старайтесь придерживаться темы публикации.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь