18.11.2018,Воскресенье, 15:10
Мы в социальных сетях:
Главная » Малая родина: изучай –– действуй!

Каб не стаць манкуртам

Хто ён такі? Адкуль людзі чэрпаюць натхненне? І якое дачыненне маеш да гэтага ты? Сённяшні выпуск — толькі для думаючых падлеткаў!

— Кожную вясну, ні­бы птах, вяртаюся я з гарадскога выраю ў вёску над Нёманам (яна названа паводле Якуба Коласа — Коласаўская). А калі не спіцца ўначы, выходжу на шпацыр па вуліцы, уздоўж хат. Успамінаю людзей, якія жылі тут калісьці. Недзе ўбачу агеньчык у вакне ці дымок з трубы — адразу настрой уздымаецца, — так распавядаў пра сваю малую радзіму беларускі пісьменнік, паэт, перакладчык Мікола Аляксандравіч Маляўка. Размова адбывалася на прэзентацыі яго новай кнігі “Спадчына, або Каб не стаць манкуртам”, што пабачыла свет па замове і пры фінансавай пад­трымцы Міністэрства інфар­мацыі Рэспублікі Беларусь. Урачыстую сустрэчу, якая праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў фармаце круглага стала, арганізавала выдавецтва “Народная асвета”.

І невыпадкова выданне прысвечана Году малой радзімы. Быццам у нязмушанай гутарцы аўтар распавядае, як жылі нашыя далёкія продкі: раніцай выходзілі праз рыпячую браму на поле, малацілі цэпам сабранае жыта, гатавалі вера­шчаку і дранікі, пеклі хлеб у печы… і забаўляліся на вячорках. Тэкст шчодра аздоб-лены прымаўкамі, загадкамі і жартаўлівымі вершаванымі дыялогамі, якія дакладна перанясуць цябе ў старадаўнія часы. Гаворачы пра асаблівасці працы над выданнем, Мікола Аляксандравіч падкрэсліў: нягледзячы на прапановы зрабіць кнігу акадэмічнай, адмовіўся прыбраць сваё “я”.

— Такім чынам атрымалася аповесць у вобразах ад чалавека, які ўсё бачыў на ўласныя вочы, — адзначыў чалец Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Мікалаевіч Чарняўскі, маючы на ўвазе родную для пісьменніка Стаўбцоўшчыну. — Падаецца мне, яе потым стануць шукаць, каб вывучаць нашу спадчыну. Гэта кніжка не сённяшняга дня — будучыні!

Дарэчы, да падрыхтоўкі выдання далучыўся і музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які перадаў шмат гістарычных помнікаў са свайго збору.

— У “Спадчыне” — тое жыццё, якое, на жаль, існуе толькі ў музеях: помнікі этнаграфіі, мастацтва. І, як бы ні цешыўся нашымі калекцыямі, яны ў нечым маўклівыя, бо знаходзяцца ў залах, стаяць на паліцах па-за шклом. Пра іх трэба расказваць! А калі адкрываеш кнігу, рэчы самі пачынаюць гаварыць! — парадаваўся дырэктар музея Барыс Андрэевіч Лазука.

Напрыканцы круглага стала высветлілася: выданне паспела адзначыцца на прэстыжных выставах у Санкт-Пецярбургу, Празе і Варшаве! Паведаміў пра гэта дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Аляксандравіч Вашкевіч.

Завяршылася сустрэча цырымоніяй перадачы прэзен­тацыйнага экземпляра ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама выступам ансамбля “Явар” сярэдняй школы № 159 г. Мінска.

Цябе яшчэ катуе пытанне: хто такі манкурт? Адказваем: чалавек, які не памятае свайго мінулага. Не хочаш стаць ім? Што рабіць – ведаеш!

Арсеній Чупрыгін

Дзякуй за асалоду

Дзе знаходзіцца крыніца натхнення? Літаратурная дзейнасць –– прафесія ці патрэба душы? Што непакоіць сучасных творцаў? На гэтыя пытанні шукалі адказы вучні СШ № 28 г. Брэста падчас сустрэчы з паэтамі Міколам Пракаповічам і Васілём Барысюком.

Гасцей віталі шчырай песняй “Родны мой горад”. А п??я­цікласніца Паліна Рамановіч расчуліла пранікнёным чытаннем урыўка “Цытадэль” з паэмы Міколы Пракаповіча “Галасы берасцейскага дзя­дзінца”. Аўтар –– чалавек тут вядомы: яго творы напоўнены любоўю да малой радзімы, шчымлівым роздумам над гістарычным шляхам Бацькаўшчыны, хваляваннем за лёс матчынай мовы. Радкі з уласных вуснаў паэта скі­равалі юных землякоў да думкі: ім ёсць чым ганарыцца. Прыцягнула ўвагу падлеткаў і яго карэспандэнцкая справа.

Яна — маё жыццё, –– зазначае Мікола Пракаповіч. — Але, каб не паэзія, магчыма, і не стаў бы тэлежурналістам.

Працуючы на тэлебачанні, ён аб’ездзіў усю Берасцейшчыну, сабраў неацэнны скарб — песенна-абрадавую спадчыну продкаў. Вучні мелі цудоўную магчымасць прагледзець фраг-­­
мент з яго тэлеперадачы “Край”, адчуць непадробную замілаванасць мастака слова тымі, хто захоўвае традыцыі для будучых пакаленняў, і, канечне, атрымаць асалоду ад народных песень, прыгажосці прыроды Палесся, ад гармоніі чалавека і зямлі ў гэтым мікрасвеце.

Васіль Барысюк лічыць сябе вучнем Міколы Пракаповіча. Ён перакананы: сённяшняя моладзь, існуючы ў віртуальнай прасторы, пазбаўляецца маг­чымасці застацца па-за адзінотаю. А колькі вакол цікавага! Паэт, які нарадзіўся ў Кобрынскім раёне, засяродзіў увагу на вывучэнні дыялектных гаворак. Гэта дазволіць дакрануцца да сваёй спадчыны, адчуць непарыўную сувязь з малой радзімай на генетычным узроўні.

Сустрэча з цікавымі су­бяседнікамі несумненна ўз­ба­гаціла падлеткаў. Нехта пры­слухаўся да парадаў дасведчаных асоб, у кагосьці з’явіцца жаданне вывучаць гісторыю і мову, знайшліся і тыя, у каго абудзілася грамадзянская па­зіцыя. Аднак усе, без выключэння, атрымалі асалоду ад сустрэчы з родным Словам. За гэта — падзяка паэтам-землякам і Ма­рыне Міхайлаўне Радкавец, кіраўніку метадычнага аб’яднання нас­таўнікаў беларускай мовы і лі­та­ратуры, якая зладзіла сустрэчу.

Паліна Новік, СШ № 28 г. Брэста

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Оставьте свой комментарий!

Оставьте свой комментарий ниже.

Пожалуйста, старайтесь придерживаться темы публикации.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь