18.11.2018,Воскресенье, 15:09
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Пра спявачку, чары і каханне

Як закахаліся твае мама і тата? Калі лепей скокнуць, каб быць счаслівым, і пры чым тут дранік? Пра гэта і многае іншае даведаешся з лепшых работ удзельнікаў рэспубліканскага творчага конкурсу “А ў нашай хаце свята”. Чытай і далучайся.

Ад жарту да верашчакі

А яшчэ крыхуГаліны Бланкідабаўсмака­та будзе, — таямніча шэпча маёй маці бабуля.

— Ага! — смяецца тата. — Хто ў той далёкі час чуў пра “Бланку”?

Пасля гэтага жарту ўся сям’я зацікавілася беларускай кухняй. Але аб гэтым па парадку.

Бацька вырас “на прызбе Мірскага замка”: яго добра відаць з бабулінага агарода! У родзе шляхціцаў Дылеўскіх, да якога належыць тата, усе любілі смачна пад’есці. Жанчыны выдатна гатавалі беларускія стравы, удасканальваючы рэцэпты сваімі знаходкамі.

Скончыўшы Віцебскі ордэна Дружбы народаў меды­цынскі інстытут, бацька па размеркаванні застаўся на Віцебшчыне. Там яны з маёй матуляй сустрэлі адзін аднаго падчас спартыўных спаборніцтваў. Ніякіх супярэчнасцей у выхаванні “міравога” хлопца і юнай палачанкі не было, аднак час ад часу бацька сумаваў па водары знаёмых з маленства страў… Каб выключыць з сямейнага жыцця маладых кпіны мужа (быццам жонка нічога не ведае пра сапраўдную беларускую кухню), узялася дапамагчы свякроў. І хутка цэлая гара дранікаў высілася ў вялікай місцы (каб хапіла ўсім, бо чакалі гасцей, а па драніках кожная наша жанчына майстрыха). Але ж рэцэпт традыцыйнай верашчакі патра­баваў карэкціроўкі…

І вось залацістым бокам цвірчыць на патэльні нарэзаная кавалачкамі “пальцам піханая” каўбаска. У сатэйніку да яе далучыліся такія ж румяныя свіныя рэбрышкі. А на духмяным ад прыпраў тлу­шчы шкварчыць гара нашынкаванай цыбулі (пла­калі абедзве гападыні). Соль, перац, лаўровы ліст, крыху мукі (каб лепш на дранік бралася!), заліць усё квасам… Тата, раздаючы парады, круціцца побач. Водар дзяцінства, што разносіцца па кватэры, ён пазнае з тысячы, бо так пахнуць можа толькі найлепшая ў Мі­ры верашчака, якую гатуе спявачка “міравога ўзроўню” (бабуля спявае ў хоры ветэранаў педагагічнай працы Міра). Якраз у гэты час і ўзгадалі “Галіну Бланку”… Растлумачыць штосьці гасцям, якія завіталі праз хвіліну, не быў здольны ніхто: мы толькі выціралі ад смеху слёзы. Але пах ежы вярнуў прытомнасць. І дранікі, і верашчака разышліся на ура. Спрэч­кі наконт смаку страў дзяцінства перамяжа­ліся здаровым рогатам. Вынік таго памятнага вечара — цяпер нашы сябры і радня частуюць усіх выключнымі прысмакамі: халадніком і зялёным баршчом са шчаў’я, бабкай са смятанай ды тонка наструганай духмянай паляндвіцай, бігусам і драчонай, пызамі ды калдунамі, наліснікамі са смятанай і тварагом. Але галоўныя на нашым стале — дранікі з верашчакай. Іх падаюць заўсёды з усмешкай, распавядаючы, як бабуля вучыла маму гатаваць верашчаку з татавага дзяцінства…

ЮК. Яна Курто, Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны

Там цячэ пякучая вада…

У вёсцы Жгунь умеюць і працаваць, і святкаваць! Асабліва чакаем Купалле. Чаму? Таму, што мястэчка наша быццам падпарадкоўваецца стыхіям Агню, Вады і Зямлі. Жыхары паважаюць апошнюю: кланяюцца падчас працы — і у нас заўсёды добры ўраджай!

Пра агонь нагадвае назва Жгунь, той жа корань мае гідронім Жгункі. Кажуць, у даўніну рэчка была вялікая, але аб гэтым засталіся толькі ўспаміны ды падсохлае глыбокае рэчышча з ямай, якую называць Карабельня: там калісьці стаяў прычал. А ва­да лічылася пякучай. Ёсць у нас і возера, і ву­ліца Заазёрная. На Купалле на беразе збіраецца народ. Тут заўсёды весела. Кожны марыць адшукаць папараць-кветку: апоў­начы яна зацвітае, а калі знойдзеш яе, па павер’ях, зразумееш мову звяроў і птушак, атрымаеш здольнасць бачыць будучыню, знаходзіць схаваныя скарбы свету. На Купалу многія расліны набываюць магічную сілу.

Рыхтуемся да свята загадзя. Вучым абрадавыя песні і танцы, падбіраем касцюмы ведзьмакоў, русалак і галоўнай гераіні — Купалінкі. Здаўна ў свяце ўдзельнічалі ўсе — ад мала да вяліка, бо толькі сумеснае выкананне абрадаў забяспечвала агульны дабрабыт. Пачынаецца дзеянне каля клуба, дзе задорна спявае народны хор, а потым людзі ідуць на бераг ракі альбо да возе­ра. Там загадваюць жаданні, завязваючы каляровыя атласныя стужкі на абраную маладую бярозку. Непадалёк усталёўваецца абрадавае кола, якое сімвалізуе сонца, а стужкі — пра­мяні. Купалле — свята, прысвечанае сонцу і роск­віту зямлі. Вакол кола водзяць карагоды і спяваюць песні. Дзяў­чаты плятуць вянкі, кідаюць іх у раку і варожаць на суджанага… А яшчэ купаюцца ў расе, абліваюцца вадой, якая ў магічную ноч мае ачы­шчальную сілу. Потым распальваюць вогнішча, бо агонь — сімвал магутнага бога Сонца. Верылі, што, пераскокваю­чы праз купальскія вог­нішчы, набіраешся зда­роўя і моцы. А хто далей і вышэй пераскоча, той будзе больш шчаслівым. Сумесны скачок з’яўляўся свайго роду выпрабаваннем каханых на трываласць: калі падчас яго хлопец і дзяў­чына не расчаплялі рук, пара лічылася ідэальнай. Нават Алёна Геркусава і Яўген Тамашэнка ў мінулым годзе ажаніліся хутка пасля такога скачка. А сёлета пашанцавала маёй сяброўцы: яна знайшла чароўную кветачку!

ЮК. Аліна Шустава, Жгунская сярэдняя школа, Гомельская вобласць.

Свята ладзіла Ірына Хацук, “ПВ”.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Оставьте свой комментарий!

Оставьте свой комментарий ниже.

Пожалуйста, старайтесь придерживаться темы публикации.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь