15.12.2018,Суббота, 04:06
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Падлеткам даспадобы!

Што? Гаворка пра сеціва? А вось і не! Удзельнікі рэспубліканскага конкурсу “А ў нашай хаце свята” ствараюць новыя трэнды ў баўленні часу! Якія? Знаёмся з прасунутымі аднагодкамі і іх ідэямі!

На хадулях у век IT

Ці ведаеш, што такое гонак? А кубар? Як карыстацца бірулькамі? Яшчэ тры гады таму гэтыя назвы нічога не казалі і дзецям аграгарадка Райцы Талачынскага раёна, дзе я жыву. А цяпер мы спрытна ходзім на хадулях, запускаем «чыжа», катаем гонак, гуляем у лапту. Да нас вярнуліся забавы нашых бабуляў і дзядуляў!

У сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак іншыя інта­рэсы: яны больш цікавяцца камп’ютарнымі гульнямі, якія трэні­руюць мысленне, але шкодзяць здароўю. А старадаўнія забавы дапамагаюць нам, падрастаючаму пакаленню, расці спрытнымі і моцнымі.

У маёй сям‘і маці і бабуля надаюць вялікае значэнне народным гульням, традыцыям і свя­там у выхаванні дзяцей (у мяне ёсць бра­цік Раман). Захапляюся футболам, займаюся ў музычнай школе па класу акардэона і наведваю гурт аматараў фальклору “Забава”, якім, да­рэчы, кіруе мая бабуля Людміла. Мабыць, дзякуючы яе энерге­тыцы ў нашай сям’і адчуваецца павага да культурнай спадчыны продкаў. Мы развучваем народныя гульні, песні, танцы, ладзім святы. Разам з сябрамі калядуем, сустракаем птушак, майстру­ючы для іх шпакоўні (на свята Саракі). Далучаемся да магічных дзеянняў са свечкай на Грамніцы і вярбой на Вербную нядзельку (“Не я б’ю — вярба б’е, за тыдзень да Вялікадня. Будзь здароў, як у полі ба­роў”), захапляемся гульнямі на Вялікдзень і Купал­ле, вучымся шанаваць прыроду на Сёмуху, паважаць чужую працу і самі ўліваемся ў агульную справу падчас Засевак, Зажынак, Дажынак, Сенакосу.

Пазнанне роднага краю пачалося ў мяне з вывучэння сямейнага радаводу. Я даведаўся, што прабабуля Саша добра спявала. А да бабулі Ніны мы ходзім на пышныя бліны і духмяныя клёцкі. Апошні раз вырашылі самі прыгатаваць іх па бабуліным рэцэпце. Надралі на мелкай тарцы бульбу, адціснулі, каб сцёк крухмал, дадалі некалькі лыжак мукі, соль, яйка і замясілі вадкае цеста. Прыгатавалі начынне з мяснога фаршу, прыправілі яго змельчанай цыбуляй, кменам. Вырабілі невялікія клёц­кі і зварылі. Падалі на стол са смятанай. Смачна есці!

Разам з татам кожны год рыхтуем сюрпрыз для матулі ў дзень яе нараджэння: упрыгожваем пакой у народным стылі з бабулінымі вышыванка­мі і ручнікамі. А мае дзядулі (дарэчы, яны абодва Міколы) заінтрыгавалі мяне пры­ла­дамі працы для дрэваапрацоўкі, як сучаснымі, так і старымі. Мы з сябрамі плануем падрыхтаваць завочную вандроўку “Прылады працы нашых продкаў”. Дарэчы, маленькі вопыт у нас ёсць: да Года навукі ладзілі выставу “Музей у чамадане: эвалюцыя праса”, якая мела поспех у раёне.

Я вельмі ганаруся сваёй малой радзімай і імкну­ся берагчы яе традыцыі. А ў гэтым мне дапаможа мая дружная сям’я!

Андрэй Какошка, СШ № 1 г. Талачына.

Зачароўвае!

Прывітанне! Запрашаю ў цікавае падарожжа па сямейных традыцыях маёй сям’і, якія звязваюць не адно пакаленне жанчын нашага роду.

…Дажджлівымі восеньскімі вечарамі ва ўтуль­ным пакоі садзімся побач матуля, бабу­ля і я. Пачынаем расквечваць белае палатно роз­накаляровымі ніткамі. Ціха і павольна цягнецца размова, даверлівая, мудрая, павучальная. І вось бабуля адкрывае старажытны куфар, пачынае дэманстра­цыю “хатняй скарбніцы”: дываны з вы­шытымі крупнымі кветкамі; сурвэткі, вязаныя кручком; вясельны ручнік з бабулінага пасагу; накідкі для падушак, якія вышывала мая прапрабабуля Марыя Паўлаўна Захаранка. А якія цудоўныя абрусы нараджаліся ў руках маёй прабабулі Ніны Васіль­еўны Кузняцовай! І гэтую любоў да рукадзелля яна перадала сваёй дачцэ Зінаідзе Іванаўне Купчэнка — маёй бабулі. Яна сапраўдная майстрыха: стварае шэдэўры, якія прыносяць велізар­ную радасць не толькі ёй, але і тым, хто побач. У вясковай бібліятэцы ладзілася выстава яе работ. “Вышыванне для мяне — творчы ад­пачынак, добрыя лекі супраць стрэсу і тры­вог”, — кажа бабуля.

Я таксама ўмею вышываць крыжыкам — маці навучыла. Зачароўвае, як на маіх вачах нараджаецца прыгажосць! Радуюся, калі завяршаю складаную працу, і шчасліва, што
працягваю цудоўную сямейную традыцыю.

Мая маці Таццяна Уладзіміраўна ідзе ў на­гу з тэхнічным прагрэсам: з дапамогай камп’ю­тарнай праграмы яна вышыла крыжыкам сямейнае фота!

…Я вышываю рамонкі, бабуля распавядае таемныя гісторыі, а матуля працуе над аб­русам для сваёй сяброўцы.

— Лепшы падарунак той, які зроблены ўласнымі рукамі, — тлумачыць яна. — Вышыўка дазваляе выразіць любоў і па­дзяку да іншага чалавека. Кожная работа — часцінка сябе. З-за гэтага яна значна больш каштоўная, чым фабрыч­ны выраб.

Званок у дзверы — да нас завітала мая сяброўка Аліна. Яна з задавальненнем разглядае вышытыя работы, ці­кавіцца гісторыяй узнікнення сама­тканага фартуха і пасля некаторых
ваган­няў далучаецца да рукадзелля. Як добра, што ёсць занятак, які аб’ядноўвае розныя пакаленні!

Марына Бараноўская, Кіраўская СШ Віцебскага раёна.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь