15.12.2018,Суббота, 04:10
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Банкет на ўвесь свет

Душа патрабуе свята? Трэба зладзіць яго самому! Як? Накрыць на стол і чакаць гасцей! А рэцэптамі найсмачнейшых беларускіх страў з табой падзеляцца фіналісты рэспубліканскага творчага конкурсу “А ў нашай хаце свята”.

Цукеркам — дызлайк!

Асёмай гадзіне вечара. Знаёмы водар запаўняе кожны куток кватэры, пакуль я чытаю апавяданні Янкі Брыля ў сваім пакоі са шпалерамі ў дробны рамонак. З кухні чуваць бульканне сланечнікавага алею на па­тэльні, звон талерак… Матуля гатуе вячэру.

Сям’я, есці! — кліча яна. Не праходзіць і хві­ліны, як мы ўжо дружна сядзім за вялікім сталом з бялюсенькім абрусам і паглядаем, праглына-ючы слінкі, на прыгатаваныя з матчынай лю­боўю і пяшчотай залатабокія наліснікі. Бліскучыя, нібы ранішняя раса, румяныя, быццам дзіцячыя шчочкі пасля летніх вакацый, салодкія, як дзяцінства. Кладзем на блінчык кубік сметанкова­га масла і адпраў­ляем у рот тварожны канверцік. Смаката!

У нашай сям’і цікавяцца гісторыяй і культурай сваёй радзімы, а на кніжных паліцах пачэснае месца займаюць творы беларускіх аўтараў. Мы любім нацыянальную кухню за яе прастату і цудоўны смак. Улетку, каб задаволіць смагу, робім ледзяны бурачнік, а ўзімку, каб сагрэцца, выдумляем разнастайныя гарачыя рэцэпты бульбяных прысмакаў.
Павага да ўсяго айчыннага заклалася ў мяне з дзя­цінства, бо мая маці — Ларыса Лявонцьеўна — выкладае беларускую мову і літаратуру, а тата — Міхаіл Мі­хай­лавіч — настаўнік гісторыі і сусветнай мастацкай культуры. Нядзіўна, што дома мы размаўляем на роднай мове, а прыгатаванне на кожнае свята нацыянальных страў з’яўляецца традыцыяй. Хрумсткія дранікі і сытная бабка, яблычная драчона і хлебны квас — вось што любяць сапраўдныя беларусы!

Мая бабуля навучыла старэйшую дачку (маю матулю) гатаваць смачны, а галоўнае, натуральны дэсерт — кулагу. Гэта ягадная страва, якая часам замяняе нам цукеркі. Як яе рабіць? Спатрэбіцца паўкілаграма памытай свежай маліны. Зварыць у вялізнай ёмістасці, дадаць дзве сталовыя лыжкі пшанічнай мукі, змешанай з невялікай колькасцю вады, і мёду на свой густ. Масу трэба трымаць на маленькім агні, пастаянна памешваючы, пакуль яна не стане падобнай на кісель. Асабліва добра кулага ідзе з бабулінымі блінчыкамі і пшанічным хлебам.

Яшчэ любім паласавацца запечанай у гар­шчэчках бульбай з мясам. Гэты водар і смак здольны зачараваць нават самага пры­дзірлівага гурмана! Больш агародніны, свініна з тлушчыкамі — і ўсё шчодра пасыпаць зелянінай і спецыямі. Пальчыкі абліжаш!

Увогуле, у нашым пасёлку любяць адзначаць святы, ні адно з якіх не абыходзіцца без пышных смятаннікаў, духмяных булачак, беляшэй з мясам, блінчыкаў, дранікаў… І я заўсёды частуюся сваім, родным!

Кацярына Шчэрбач, Антопальская сярэдняя школа.

Амаль магічны рытуал

Раніца. Сонечныя праменні асвятляюць хату. У пакоях ціха, яшчэ ўсе спяць, і толькі з кухні даносяцца глухія, цяжкія гукі. А таксама пах… Нязвыклы пах нечага кіслага. Гэта бабуля месіць цеста. У хаце свята: пячэцца хлеб…

У нашай сям’і гэта асаблівы рытуал са сваёй гіс­торыяй. Мая прабабуля ў гады вайны дапамагала выпякаць сваёй маці хлеб для партызан. Жытняй мукі было мала, таму ў замес дадавалі кару ду­ба, якую перамолвалі, і прасеяную мякіну. Ад гэтага хлеб страчваў якасць, але не каштоў­насць. У той цяжкі час бераглі кожную скарынку…

Бабуля нагадвае правілы, якія сталі нашай сямейнай традыцыяй. Таму мы ведаем, што пры выпечцы хлеба нельга шумець, стукаць дзвярыма, громка размаўляць, без патрэбы хадзіць па хаце: інакш цеста не падыдзе. Хлеб патрабуе да сябе ўва­гі. Бабуля загадзя рыхтуецца да важнага дня: мые посуд, сушыць яго, прыбіраецца. Цеста месіць абавязкова рукамі ў дзяжы, якой нельга карыстацца ў ін­шых патрэбах. Але справа гэта нялёгкая — сама спрабавала.

Загадзя печ добра напальваецца дровамі, затым вымятаецца смецце. Калі ўсё зроблена, бабуля кліча дзяцей, каб паклалі на дно формы, у якой пячэцца хлеб, лісты клёна ці дуба. Яна прывучыла нас, што перш трэба патрымаць ліст між далонямі, каб перадаць сваё цяпло бохану. Потым асцярожна раскладвае цеста ў бляхі і ставіць у печ. У хуткім часе на дварэ ўжо чуваць прыемны пах.

Пакуль пячэцца хлеб, запісвайце рэцэпт. Му­ка жытняя, некалькі жменяў пшанічнай. Абавязкова кладзецца змельчаная кара дуба. “Каб былі дужыя і моцныя, як дуб”, — прыгаворвае бабуля. А ў самой слёзы на вачах, бо ведае, як кара ратавала ў галодны час… Мука атрым­ліваецца мяккай і духмянай. Яшчэ патрэбны калодзежная вада, дрожджы, соль, цукар па густу.

Бабуля пячэ хлеб не надта часта, але і нярэдка. Абавязкова на святы ці з нагоды якой важнай сямейнай падзеі. Акрамя хлеба, з той жа мукі гатуем і аладкі, яны атрымліваюцца шэраватыя, але вельмі смачныя.

…У поўдзень духмяныя боханы ўжо гатовыя. Бабуля асцярожна выкладвае іх на па­душкі, накрытыя настольнікам, — трэба, каб яны адпачылі. А ў хаце цішыня. Ва ўсіх свя­точны настрой, бо сям’я збіраецца разам. Прыемны, салодкі водар чуваць і на двары. Кожны з нецярпеннем чакае моманту пасмакаваць кавалачак яшчэ цёплага хлеба, каб “быць моцным і дужым, як дуб”.

Вечар. Уся сям’я сабралася за сталом, на якім шмат розных страў, а пасярэдзіне — Яго Вя­лікасць Хлеб.

Дар’я Конюх, СШ № 1 г.п. Карэлічы.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь