18.11.2018,Воскресенье, 15:15
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Цікавей за квэст

Ці ведаеш ты, чаму “ПВ” падабаецца восень? Не толькі за яе непаўторны водар і рознакаляровае лісце, што меладычна шамаціць пад нагамі… Найперш за цудоўныя сачыненні неабыякавых рабят — фіналістаў творчага конкурсу “А ў нашай хаце свята”. Сёння і цябе чакаюць цікавыя гісторыі пра аўтэнтычныя абрады беларусаў, у адраджэнні якіх бяруць удзел твае аднагодкі.

Гусіны фэст 

Мне пашчасціла нарадзіцца ў вёсцы з паэтычнай назвай Белая Дуброва, што на беразе ракі Бесядзь. Мая малая радзіма адметная не толькі маляўнічымі краявідамі, але і народнымі абрадамі. Распавяду пра адзін з іх — “Гусінае свята”.

Па царкоўным календары ў сярэдзіне зімы святкуюць дзень Апанаса. Мая бабуля расказвала: у гэты дзень сяляне вызначалі рэшткі назапашанага корму для хатняй жывёлы. Калі выкарыстана палова, можна не хвалявацца і чакаць першага веснавога выпасу. Заставалася меней — трэба было карміць жывёлу больш ашчадна. Сяляне Магілёўшчыны называлі Панассе “Гусіным святам”. Мяцеліца ў той дзень, нагадваючы белы пух, нібыта варажыла на тое, што выведзецца багата гусянят.

Чаму я зацікавілася гэтым абрадам? Бо толькі ў маёй вёсцы захавалася традыцыя выгану гусей на ваду. Бабуля ўпэўнена: такіх тлустых і смачных, як тут, не знойдзеш нідзе ў Беларусі, бо гадуюцца яны на шырокіх беладуброўскіх палетках, плешчуцца ў празрыстых водах Бесядзі.

Амаль кожны год аднавяскоўцы ладзяць “Гусінае свята” для ўсіх жыхароў раёна. На ім заўсёды весела: гульні і конкурсы, абрадавыя дзеянні, выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці. Гасцінныя гаспадыні частуюць людзей свежапрыгатаванай юшкай, румянымі блінамі… А галоўныя персанажы тут — укормленыя і крыклівыя гусакі і сціплыя гусыні, якія прымаюць удзел у гусіных забегах. Гучным гогатам умешваюцца ў спрэчку самі птушкі.

Асноўнае абрадавае дзеянне — дзяленне запечанага гуся, кавалачак якога атрымлівае той, хто адорвае гаспадынь добрымі пажаданнямі. Ці ж гэта не здорава? Дарэчы, вось вам і бабулін рэцэпт. Яна націрала тушку соллю і часнаком, потым фаршыравала кісла-салодкай капустай з цыбуляю, клала ў чугун і ставіла ў лёгкую печ на дзве-тры гадзіны. Смаката!

У мінулым годзе вядучая тэлеканала “Беларусь 3” Аксана Вечар і яе каманда здымалі ў нас перадачу “Наперад у мінулае”. Я з маімі сябрамі таксама ўдзельнічала ў здымках. Абрадавыя песні, гульні, радасны настрой пакінулі ў маёй душы глыбокі след. А які гонар за сваю малую радзіму адчувалі мы, гледзячы па тэлевізары рэпартаж пра нашу Белую Дуброву! Такое не забываецца.

Вольга Прымакова, Касцюковіцкі раён.

“Бразгун” жыве

Для жыхароў Чэрыкаўскага раёна “Бразгун” значыць шмат. Найперш — крыніца, якая некалі моцна “бразгацела”. Па-другое — абрад з аброчнай свечкай і іконай. І трэцяе — гулянне на лясной паляне, якое ладзілася ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла (12–13 ліпеня).

Сёлета “Бразгун” сабраў каля крыніцы дзясяткі паломнікаў — старых і малых. Пабыць на гэтым абрадзе важна, каб набрацца здароўя, умацавацца ў веры, сустрэцца з землякамі, якія ніколі не пра­мінаюць такі фэст-кірмаш.

Свята пачынаецца ў хаце Любові Чапелінай — жыхаркі вёскі Наркі, якая шмат гадоў захоўвае ікону Пятра і Паўла ў сябе. Некалі ў вёсцы бытаваў абрад пераносу аброчнай свечкі, і гэты абраз раз на год насілі з хаты ў хату. Спачатку крочылі да крыніцы. А пасля свят каля гаючай вады ішлі з ёй (тры кіламетры) да новых гаспадароў. З цягам часу Наркі апусцелі, і ў абраду засталіся толькі дзве апякункі: баба Люба і баба Ніна — Ніна Акімаўна Гаспадарова. Дарэчы, “Бразгун” узяты пад ахову  дзяржавы як гісторыка-культурная каштоўнасць. І гэта вельмі радуе абедзвюх жанчын, іх дзяцей і ўнукаў, якія ў святочны дзень заўсёды збіраюцца ў бацькоўскіх хатах.

Адкуль трапіла ікона ў вёску, расказаў Анатоль Чапелін — сын Любові Ільінічны. Нібыта пецярбургскі вяльможа перадаў “Пятра і Паўла” вясковаму старасце. І што на старых картах крыніца Бразгун пазначана як святое месца. Пра яе гучнае з’яўленне пачулі нават у навакольных вёсках — так узнікла свята. Абрад з іконаю ладзілі як аброчны ад пажараў, якія некалькі разоў ушчэнт вынішчалі Наркі. Пасля рытуалаў вёска больш не гарэла. Два гады таму ў суседнім сяле ўраган пазрываў дахі з хат, а Наркі ацалелі. Цяпер насіць абраз да крыніцы старым не пад сілу, і яго перавозяць на легкавіку. Ставяць каля крыніцы, каб асвячэнне вады прайшло пад апекай нябесных ахоўнікаў Пятра і Паўла. Потым ахвотныя тройчы праходзяць (раней прапаўзалі на каленках) пад святыняй, каб умацаваць здароўе. П’юць ваду, хо­дзяць басанож па ручаіне, зрываюць галінкі бярозак, якія ўпрыгожвалі крыніцу і ікону.

Найбольш вясёлая частка свята — кірмаш і гулянне. Як кранальна спявае царкоўны хор і ансамбль духоўных спеваў музычнай школы Чэрыкава! І гэта толькі першыя спробы зрабіць “Бразгун” вялікай падзеяй рэгіёна, вярнуць яму былую славу. Сардэчна запрашаем кожны год 13 ліпеня ў вёску Наркі, каб паспрабаваць цалебнай вады, прайсці пад іконай, а яшчэ пабачыць хараство прыроды і пагутарыць з захавальніцамі абраду, чые словы напоўнены сапраўднай жыццёвай мудрасцю…

Яўген Закоркін, г. Чэрыкаў.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Оставьте свой комментарий!

Оставьте свой комментарий ниже.

Пожалуйста, старайтесь придерживаться темы публикации.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь