18.11.2018,Воскресенье, 15:08
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Здольнасць здзіўляць

Яны няўрымслівыя, спагадлівыя, улюбёныя ў сваю малую радзіму. Хто? Удзельнікі творчага конкурсу “А ў нашай хаце свята“. Сёння аўтары лепшых работ падзеляцца сакрэтамі гасціннасці і паспрабуюць выпячы вясельны каравай! А ты не забывай чытаць і галасаваць за ўпадабаную нататку на сайце газеты.

Відэа на 1000 лайкаў

Беларуская зямля мае багатую нацыянальную культуру. А ведаць і вывучаць духоўную спадчыну — значыць быць у непарыўнай сувязі з вытокамі свайго народа, сваёй Айчыны. Менавіта такой мэтай задаліся мы, вучні Суботніцкай сярэдняй школы, падчас адпачынку ў палатачным лагеры “Зорны дэсант”. Вы спытаеце чаму? Мы выправіліся ў Іўеўскі раён Гро­дзенскай вобласці, каб дакрануцца да мясцовых традыцый і звычаяў! А прадметам нашага даследавання стаў вясельны каравай (торт), які пякуць у вёсцы Дабраўляны.

Раней я бачыла, як сустракаюць маладых хлебам-соллю, як абсыпаюць вясельны картэж зернем. А наведва­ючы бабулю ў вёсцы Дабраўляны, я была сведкай таго, як да яе прыязджалі людзі і заказвалі вялікі торт — вясельны каравай. Потым высветлілася, што не толькі яна ўмее ствараць гэты цуд. Іншыя тутэйшыя жанчыны таксама пякуць караваі, але кожная па ўласным рэцэпце.

У Дабраўлянах мы сустрэліся з Ме­ланіяй Браніславаўнай Кнутовіч, Ле­а­нардай Францаўнай Аніскевіч, Леакадзіяй Францаўнай Дабрынскай, Эвелінай Ста­ні­славаўнай Кудзін, сабралі кнігу рэцэптаў “Дабраўлянскія прысмакі”, запісалі ві­дэаролік “Выпяканне торта ў вёсцы Да­браўляны”, склалі культурна-пазнавальны маршрут мясцовасці.

Мы зразумелі: вясельны каравай — гэта не проста хлеб, а абрадавая страва, сімвал будучага сямейнага шчасця і дабрабыту. Паводле ўяўленняў нашых продкаў, ён мог уплываць на жыццё маладой пары. Таму пры выпяканнi не існавала дробязяў: улічвалася і асоба таго, хто мясіў цеста, і прадукты, з якiх рабілі каравай, і посуд.

Пагутарыўшы з жыхарамі вёскі Дабраўляны, заўважылі, якія яны працавітыя, памяркоўныя і добрыя. Людзі ахвотна дзеляцца назіраннямі з жыцця і перадаюць свае традыцыі з пакалення ў пакаленне. Асабліва прыемна было тое, што вясковыя гаспадыні не толькі падзяліліся рэцэптамі, але і пачаставалі нас смачнымі стравамі. Вялікі дзякуй усім жыхарам такой гасціннай вёскі!

Анастасія Нарбут, Суботніцкая СШ, Іўеўскі раён.

Адпачынак з хлебам-соллю

Самабытнасць нашай вёскі Гоцк Салігорскага раёна вельмі адметная. Тутэйшыя жыхары захавалі цудоўную фальклорную спадчыну: у хатах сялян побач з сучаснай тэхнікай і мэбляй cуседнічаюць даматканыя посцілкі, вышытыя сурвэткі і абрусы, на паліцах — выцінанкі. Сёння людзей цяжка чымсьці ўразіць. Але мы паспрабавалі, і ў нас атрымалася. Што мы здзейснілі? Сумесна з настаўнікамі і бацькамі вучні нашай школы арганізавалі для жадаючых адпачыць у этнаграфічным асяродку тур выхаднога дня “Запрашаем на Палессе!”. Мы прапанавалі турыстам акунуцца ва аўтэнтычную атмасферу палескай глыбінкі.

Па даўняй традыцыі гасцей сустракаем хлебам-соллю са шчырымі словамі прывітання на мілагучнай роднай мове. Усе ўдзельнікі фэсту апрануты ў народныя строі, што стварае атмасферу ўзнёсласці, нацыянальнай годнасці, радуе душу і вока.

Калі госці на парозе, іх перш за ўсё трэба завесці ў “Харчэўню” і смачна накарміць. На снеданне — верашчака з блінцамі. Далей — культурны маршрут. Юныя гіды запрашаюць усіх на вершаваныя экскурсіі ў музей этнаграфіі і побыту вёскі Гоцк і “Беларускую хатку”, дзе кожны экспанат — сведка даўніны. Наведнікаў уразілі кросны, вырабы ткацтва, прылады працы, саматканае адзенне, гліняны посуд…

Майстар-клас “Сучасныя рамёствы” знаёміць з творчасцю выхаванцаў “Этнаграфічнай майстэрні” і прапануе самім стварыць выраб, які адразу трапіць на паліцы “Сувенірнай крамы”. Тут можна набыць разнастайныя рэчы, гаспадарчыя дробязі. А міні-кірмаш “Кулінарны пачастунак” вабіць прысмакамі: тут і печыва, і сыр, і сала, і садавіна з гароднінай з вясковых падвор’яў.

На выставе “Прыгажосць палескага краю” дэманструюцца вышытыя крыжыкам карціны, і госці атрымліваюць асалоду ад каляровай гамы твораў мясцовых майстроў, не стрымліваючы эмоцый: “Сапраўдны цуд!

Потым пачынаецца тэатральна-фальклорнае прад­стаў­ленне “Няма смачней вадзіцы, як з роднае крыніцы”. Яно ахінае каларытам палескай вёскі праз песні, побытавы танец, жарты. Паабедаўшы клёцкамі па-гоцку, госці адпраўляюцца ў царкву Параскевы Пятніцы, дзе знаёмяцца з майстрам жывапісу А.І. Ліхтаром і яго цудоўнымі абразамі, падоранымі храму. А ў пакоях Г.П. Ермаковіч — майстрыхі палескай вышыўкі — госці радуюцца ўбачанаму інтэр’еру. Гаспадыня зладзіла і майстар-клас па выпечцы хлеба на рошчыне. А яшчэ пачаставала ўсіх духмянымі наліснікамі з печы. У альтанцы на сядзібе Л.М. Вялічка турыстаў чакалі вясёлыя гульнёва-забаўляльныя “Блінныя пасядзелкі”. На вогнішчы каміна вандроўнікі пяклі бліны ды аладкі да мёду, запівалі гарбатай на зёлках.

І навошта нам бераг заморскі, калі такая прыгажосць наўкол?

Ганна Казак, Гоцкі ВПК дзіцячы сад-СШ Салігорскага раёна. 

Свята сярод будняў ладзіла Ірына Хацук, “ПВ”.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Оставьте свой комментарий!

Оставьте свой комментарий ниже.

Пожалуйста, старайтесь придерживаться темы публикации.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь