14.12.2018,Пятница, 19:56
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Гуляць дык гуляць

…спакушаюць цябе фіналісты рэспубліканскага творчага конкурсу “А ў нашай хаце свята”. Натхнёныя Годам малой радзімы, рабяты ладзілі сапраўдны кухарскі фэст, даследавалі адметнасць кухні свайго рэгіёну. А ты можаш падтрымаць аўтара ўпадабанай нататкі на сайце газеты —ад цябе залежыць, да каго трапіць прыз глядацкіх сімпатый “ПВ”.

Справа густу

Сёння ў нашай хаце свята, калі ласка, у нашу хату. Гэй, рады спаткаць, гуляць дык гуляць!

Такімі словамі ў нашым НПК Палонкаўская д/с-СШ Баранавіцкага раёна пачалося кухарскае спаборніцтва пад дэвізам “Спазнай смак беларускай кухні”. Акрамя бацькоў, запрасілі нас­таўнікаў і вучняў Ляснянскай і Мірской сярэдніх школ. Удзельнікі фэсту пазнаёміліся з рэцэптамі старажытных страў, даведаліся, у якіх абрадах іх ужывалі продкі і якое значэнне мелі раней. Але аба ўсім па парадку.

Па даўняй традыцыі гасцей сустракалі хле­бам-соллю, жадалі моцнага здароўя, дабрабыту і частавалі. Чаго толькі не было: на сталах каўбаса, марынаваныя грыбы, наліснікі, клёцкі, дранiкi… Не хопіць пальцаў, каб пералічыць усе стравы. Вядома, не абышлося і без галоўнага прадукта беларусаў — сала. Зрэшты, чэмпіёнам стала бульба: бабка, камы, дранікі, калдуны, капытка, поліўка, тушанка…

Вучні 5–11-х класаў прадэманстравалі тэматычныя сталы з апетытнымі назвамі: “Стравы з агародніны”, “Стравы з мукі”, “Бліны”…

Кожная каманда мусіла прыгатаваць мінімум пяць пачастункаў, засервіраваць стол, пад­рыхтаваць яго прэзентацыю, скласці меню. Якую ежу і як гатавалі нашы продкі? Аб гэтым
і не толькі даведалі­ся госці падчас падзеі. А якое ж свята без конкурсаў, песняў ды скокаў! Тут гучалі ўрыўкі з твораў беларускіх пісьменнікаў пра стравы нацыянальнай кухні, загадкі, прыказ­кі, прымаўкі… Так, навучэнцы чыталі на памяць фрагмент з рамана ў вершах “Родныя дзеці”. Рабяты і дарослыя бралі ўдзел у спаборніцтвах: “Як зварыш, так і з’ясі!”, “Працягні прыказку”, “Хлеб — усяму галава”, “Збіванне масла”, “Бульба — хлебу падмога”, “Будзе час — будзе і квас, не ўсё за раз”. А яшчэ вызначалі найлепшую частушку. Актыўніча­лі вучні кожнай з трох школ, але асабліва ўсім спа­да­баліся жартоўныя радкі ў выкананні палонкаўскіх падлеткаў. Дарэчы, яны парадавалі гасцей песняй “А я ў печы не паліла…”

Журы ўлічвала артыстызм, арыгінальнасць, творчы падыход пры выкананні заданняў. Усе добра падрыхтаваліся, таму і атрыма­лі ўзнагароды. А пасля спаборніцтваў жадаючыя пазнаёміліся з выставай посуду і прадметаў побыту мінулых часоў.

Свята захапіла ўсіх! А галоўным яго вынікам стала сапраўднае імкненне кожнага з нас шанаваць і захоўваць спадчыну свайго народа. Мы ўзгадалі нацыянальныя традыцыі, далучыліся да сакрэтаў прыгатавання старажытных страў, дакрану­ліся да ўласных каранёў.

Аліна Емяльянчык, НПК Палонкаўская д/с-СШ Баранавіцкага раёна.

Смачна есці ўвесь год!

Кожны народ мае сваю гістарычна абумоўленую кухню з пэўным наборам прадуктаў, адметнасцямі іх прыгатавання. Аб тым, якія стравы ўжывалі на Шуміліншчыне, я даведалася ад сваёй бабулі Галіны Васільеў­ны Куляшовай і падчас удзелу ў праекце “Культура Шумілінскага рэгіёну”.

Галоўным лічыўся хлеб. Гатавалі яго так: у дзяжы разводзілі муку з вадой, клалі закваску — рошчыну (цеста, пакінутае з папярэдняга замесу: іржаная мука, вада, скарынка хлеба). Ставілі на ноч у цёплае месца. Раніцай дадавалі муку, соль, добра вымешвалі, рабілі боханы, памяшчалі на лапату, а пад іх — сушаныя дубовыя ці кляновыя лісты.

Важнае месца ў народным календары на па­чатку года займаюць калядныя святы. Да кожнага з іх рабілі пэўную ежу. Найбольш распаўсюджанай была мачанка: дамашнюю каў­басу смажылі, затым дадавалі цыбулю, абсма­жвалі яшчэ 5–6 хвілін, потым у патэльню залі­валі смятану. Усё перамешвалі і елі з блінамі.

На Саракі, калі адзначалі дзень веснавога раўнадзенства, выраблялі печыва ў выглядзе птушак з дзюбамі і крыламі, вочкамі, створанымі з сушаных ягад, — жаваранкаў. Для іх прыгатавання бралі муку, цёплае малако і дрожджы, кідалі цукар, растоплены тлушч, давалі цесту добра падысці. Затым падзялялі на палоскі, кожную раскатвалі ў валік і завязвалі ў вузел: аднаму канцу надавалі форму галоўкі з дзюбай, а другі разразалі нажом, каб атрымаўся хвост. Устаўлялі дзве ягадкі-вочкі і пяклі ў печы.

Вялікдзень лічыўся самым значным святам. Таму і абрадавай ежы надавалася вялікая ўвага. Асабліва шанаваліся велікоднае яйка (фарба­валі ў настоеным шалупінні цыбулі), булка.
Яе гатавалі так: у цёплым малацэ разводзілі дрожджы, усыпалі цукар, муку і замешвалі негустое цеста, ставілі ў цёплае месца, каб падышло. Затым дадавалі яйкі, растоплены тлушч,
муку і зноў добра замешвалі. Пакідалі ў цяпле. З ат­рыманага цеста рабілі булкі, раскладвалі ў па­тэльні і ставілі ў печ. Упрыгожвалі пад­смажанымі арэхамі.

У пачатку лістапада адзначалася апошняе свята гадавога календара — Асяніна (Змітраўка), памінальны дзень. Тады варылі кашу, поліўку, клёцкі. Ставілі на стол шклянку вады, клалі столькі лыжак, колькі ў хаце “дзядоў” (памерлых продкаў). Іх заклікаў гаспадар. Кашу гатавалі з ячменных круп, якія таўклі, прасейвалі і кідалі ў кіпень, салілі. Клёцкі рабілі з на­дранай на тэрцы бульбы, якую моцна адціскалі, падсольвалі. Фармавалі з яе невялікія кружочкі. Калі закіпала малако, укідвалі ў яго клёцкі, варылі. Вось якую смакату ўжывалі нашы продкі!

Вікторыя Іванова, СШ № 2 імя А.І. Дубасарскага г.п. Шуміліна.

Рэспубліканскі конкурс “А ў нашай хаце свята” працягваецца. Работы фіналістаў друкуюцца ў газеце, і ты можаш аддаць свой голас за ўпадабаную нататку, пакінуўшы каментарый на сайце. Імёны пераможцаў і ўладальніка прыза глядацкіх сімпатый вызначацца ў снежні падчас збору актыва акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў НДЦ “Зубраня”. Іх чакаюць дыпломы і падарункі Міністэрства адукацыі, а таксама “хвіліна славы” на старонках “ПВ”. Падрабязнасці — на pvz.by.

Свята сярод будняў ладзіла Ірына Хацук, “ПВ”.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь