14.12.2018,Пятница, 20:04
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Завітвайце, пажартуем!..

…гасцінна запрашаюць фіналісты творчага конкурсу “А ў нашай хаце свята”. Хто-хто, а яны кемяць у народных гульнях! Сёння аўтары лепшых сачыненняў распавядуць пра пацехі ў пятніцу і зладзяць школьныя вячоркі.

З вечара да раніцы

У маёй школе існуе традыцыя штогод ладзіць вялікае фальклорнае свята, у якім бяруць удзел вучні, настаўнікі, мясцовыя жыхары. Надоечы праводзілі вячоркі.

Падрыхтоўка да іх пачалася з даследавання звычаяў малой радзімы: мы даведаліся, што такія пасядзелкі ў моладзі  праходзілі шумна, весела. А пажылыя людзі збіраліся асобна: вялі размовы пра надвор’е, будучы ўраджай, зацягвалі сумныя песні, вязалі, шылі, пралі воўну, спалучаючы адпачынак з працаю. Юнакі і дзяўчаты жартавалі, весела спявалі, танчылі, гулялі, распавядалі прыгодніцкія гісторыі. Спецыяльных музыкаў не запрашалі, бо заўсёды з’яўляўся хто-небудзь з вясковых гарманістаў, які акампанаваў. Частаваліся на вячорках яблыкамі, грушамі, гарбузікамі. Па словах мясцовых жыхароў, свята звычайна ладзілася ў адной хаце. А яшчэ старажылы казалі: гаспадар не пускаў, пакуль не адгадаеш некалькі загадак альбо не праспяваеш прыпеўку. Праходзілі пасядзелкі ў асенне-зімовы перыяд, па пятніцах. А доўжыліся — з вечара да раніцы!

Школьныя вячоркі мы ладзілі ў стылізаванай пад даўніну беларускай хаце: ёсць тут драўляны стол, дзежка, печ, гарлачыкі, глякі… З сабою госці прынеслі гармонік, прасніцы, вязальныя пруткі, печыва, а хто і проста добры настрой ды мех жартаў.

Разам са сталымі прыйшлі моладзь і малыя дзеткі, якім прапанавалі гульні і конкурсы. Вось было смеху! Акрамя забаў і пацех, мы даведаліся, адкуль з’явілася назва нашай вёскі: “На гэтым месцы раней стаяў густы лес. Наняў пан лесніка па прозвішчы Сяўрук. Пабудаваў яму леснічоўку. Была ў лесніка сям’я: жонка, сыны і дочкі. Яны жаніліся, выходзілі замуж, будавалі хаты і заставаліся тут жыць. І вырашыў пан назваць паселішча Сеўрукі ў гонар першага жыхара”.

Традыцыя адзначаць народныя святы дапамагае нам не толькі весела бавіць вольны час, але і даведацца, як жылі нашы продкі.

Таццяна Война, НПК Сеўрукоўская дзіцячы сад-базавая школа Баранавіцкага раёна.

Лепш зладзіць самому!

На працягу васьмі гадоў у нашай школе святкуюцца Масленіца, Каляды, Гуканне вясны, Дзяды, Вячоркі… Штогод, нягледзячы на надвор’е, Масленіца Шырокая збірае не толькі вучняў, але і ўсіх вяскоўцаў. Рабяты з цікавасцю даведваюцца пра звычаі і традыцыі беларусаў, ахвотна ўдзельнічаюць у тэатралізаваных прадстаўленнях, дзе выконваюць ролі Зімы, Вясны, Снегавіка, Мароза…

На школьным двары скамарохі і завадатары ладзяць гульні з дзецьмі “Скачкі на мятле”, “Паўлінаў хвост”, водзяць карагоды, танчаць. Колькі радасці прыносіць ім катанне на кані! Захапляльнае відовішча — спальванне пудзіла з заклікам “Гары, гары ясна!” або “Гэта пудзіла, браткі, разарвём мы на шматкі!”. Пасля ўсе частуюцца блінамі з гарачай гарбатай і з вясёлым настроем просяць адзін у аднаго прабачэння.

“Гуканне вясны” таксама праходзіць цікава. Дзяўчаты на ўзгорку спяваюць заклічныя песні і ў вышываным абрусе “ўзвышаюць” жавароначкаў (выпечаных птушак) — гэта сапраўды кранае душу.

Адзначалі ў нашай школе і свята першай баразны.

Пра звычаі на Дзяды рабяты даведаліся ў “Беларускай хаце” школьнага музея. Нават назва “Запаліце зоркі памяці” ўсхвалявала некаторых вучняў да слёз. Яны расказалі, як дома ўшаноўваюць памяць аб продках.

Каляды сустракаем крыху з меншым за Масленіцу размахам, але таксама ёсць што ўзгадаць. Часцей за ўсё Шчодры вечар адзначаюць вучні пачатковых класаў. Ім падабаецца пераапранацца ў Мядзведзя, Казу, Цыгана… Не стрымаць смеху, як Касалапы “на вечарынку збіраўся”, “цеста мясіў”, а Каза ўпала, каб атрымаць сала ды “на кожны ражок — піражок”.

Набыўшы вопыт у школьных імпрэзах, мы спрабуем свае сілы самастойна. Напрыклад, на багатую Каляду, з 13 на 14 студзеня, ходзім калядаваць. Потым дзелімся ўражаннямі. А ўлетку не застаецца без увагі Купалле. Дзяўчынкі рыхтуюць творчыя нумары, хлопчыкі з дарослымі носяць дровы для вогнішча. Усе шукаюць папараць-кветку, скачуць праз вогнішча, спяваюць купальскія песні…

Вучні Дашкаўскай сярэдняй школы заўсёды ў пошуках цікавай інфармацыі аб тым ці іншым святкаванні. Як сапраўдныя артысты, ужываюцца ў ролі, самі ствараюць ка-­
сцюмы. Нам падабаецца знаёміцца з жыццём продкаў. Праз гэта мы вучымся любіць і паважаць традыцыі беларускага народа. Па-
чуць або прачытаць пра народныя святы — гэта не тое, што ўдзельнічаць асабіста. Дакрануцца да духоўнага скарба малой радзімы душой, сэрцам, думкамі — вось сапраўднае свята!

Дар’я Гейн, Дашкаўская сярэдняя школа Магілёўскага раёна.

Шпаргалка-заклікалка 

Рэспубліканскі конкурс “А ў нашай хаце свята” працягваецца. Работы фіналістаў друкуюцца ў газеце, і ты можаш аддаць свой голас за ўпадабаную нататку, пакінуўшы каментарый на сайце. Імёны пераможцаў і ўладальніка прыза глядацкіх сімпатый вызначацца ў снежні падчас збору актыва акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў НДЦ “Зубраня”. Іх чакаюць дыпломы і падарункі Міністэрства адукацыі, а таксама “хвіліна славы” на старонках “ПВ”. Падрабязнасці — на pvz.by.

Свята сярод будняў ладзіла Ірына Хацук, “ПВ”.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь