14.12.2018,Пятница, 20:46
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Чакаюць і дарослыя, і дзеці!

Творчы конкурс “А ў нашай хаце свята” набліжаецца да завяршэння! Але ў цябе яшчэ ёсць шанец пазнаёміцца з парай цікавых гісторый. Сёння іх аўтары распавядуць, як здымалі вясёлае кіно і каго ганялі дыркачамі.

А хто ў галоўнай ролі?

Ці часта ў вашай хаце святкуюць? Я маю на ўвазе не Каляды ці Між­народны жаночы дзень, а сапраўд­нае свята — тое, што ад самага ранку лунае ў паветры, якога чакаюць і дарослыя,
і дзеці…

Мне з маімі аднакласнікамі пашчасціла: у нашай школе адбылася менавіта такая па­дзея, успаміны аб якой і сёння выклікаюць цёплыя пачуцці і ўсмешку. Чаму? Усё проста: мы вырашылі паказаць, як продкі адзначалі зімовыя святы, і здымалі на камеру ўсё дзеянне. Нават самі выконвалі галоўныя ролі!

І закіпела работа. Напачатку даведаліся ад дзядоў і бабуль пра калядныя традыцыі нашай мясцовасці, склалі сцэнарый, вывучылі калядкі і шчадроўкі, падабралі для кожнага ўдзельніка вобраз у адпаведнасці з характарам. Ствараючы атмасферу мінуўшчыны, звярнуліся да кіраўніка школьнага музея, якая дапамагла юным артыстам увайсці ў ролю, узяла на сябе падрыхтоўку касцюмаў і здымачнай пляцоўкі ў музейным пакоі. Колькі звы­чаяў узгадалі рабяты! Аказваецца, каб год атрымаўся ўраджайны на бульбу, гаспадыня наматвала вялікія клубкі і скла­дала іх у рэшата, а каб сям’я жыла заможна, гаспадар разам з дачкою ўтыкалі ка­ласкі ў шчыліны дзвярэй і вокнаў. Вось і мы не забыліся пра сена, што кладзецца пад абрус. А яшчэ зварылі і паспра­бавалі куццю, напяклі смачных бліноў, пагадалі-паваражылі з чароўным гаршэчкам, павадзілі Казу, каб на полі нарадзіла, — тады ўсе будуць шчаслівыя і здаровыя.

І дзеці, і дарослыя атрымалі шмат эмоцый. З вялікім задавальненнем мы бачылі, з якім натхненнем і шчырай зацікаўленасцю ў доб­рым выніку жыла школа тымі днямі. Першыя
прагляды зманціраванага фільма, яго далейшая папулярнасць дазволілі пераканацца: з задачай прынесці свята ў кожны дом мы справіліся, а нашы артыстычныя спробы і імкненне да творчасці, няхай пакуль у гуллёвай форме, сведчаць аб карыснасці маленькіх штодзённых крокаў у будучыню, дзе здзяйсняюцца ўсе жаданні і мары. Нездарма ж калядная традыцыя абяцае: як пройдзе свята, такім будзе і ўвесь год. А ў нас яно атрымалася сапраўднае! Не верыце? Паспрабуйце самі!

Валерыя Сапёрава, СШ № 3 г. Скідзеля.

Дыркач у рукі — і наперад!

Каляды, Вялікдзень, Масленіца, Купалле, Дажынкі — знаёмыя нам з дзяцінства святы, распаўсюджаныя ва ўсіх рэгіёнах краіны. А вось у маёй роднай вёсцы Агдэмер, што на Брэстчыне, ёсць адметная традыцыя — праганяць зіму дыркача­мі (стары венік, якім падмяталі двор). Святкавалі “Дыркачы” на правадную ня­дзелю — праз тыдзень пасля праваслаўнага Вялікадня.

Сёлета 15 красавіка, дзякуючы праекту “Вёска, якая не павінна знікнуць”, у Агдэмеры быў адноўлены гэты старажытны абрад. Далучылася да яго і я разам з узор­ным клубам аматараў фальклору “Гутаў­цы”, што працуе на базе ВПК Гутаўская дзіцячы сад-СШ.

У рытуале бралі ўдзел толькі дзеці. Праганяць зіму пачалі з канца вёскі. З кожнай хаты выходзілі рабяты з дыркачамі, стукалі імі па веснічках і крычалі на мясцовым дыялекце: “Ідызыма до Кракова, вырнысь до нас однакова! Ідызыма до Кіева, ты нам всэ сено выела! Ідызыма до кучора, бо ты нам надокучыла!” Потым падкідвалі венікі ўверх і наперад.

І вось так шумным натоўпам ішлі за сяло, дзе ўсе дыркачы складвалі ў кучу і падпальвалі. Вакол вогнішча вадзілі карагод, спявалі песні-вяснянкі. Хлопцы і дзяўчаты скакалі праз по­лымя і весяліліся.

Па старажытным звычаі, пакуль дзеці выкон­валі абрад, дома мамы гатавалі для іх яеч­ню — яшчэ адзін абавязковы элемент свята. Яе запякалі ў гліняных місках. Дадавалі алей, малако або смятану, накрывалі вечкам і ставілі ў печ. Яечня атрымлівалася пышнай, залаціс­тай і незвычайна смачнай. Нас, удзельнікаў, таксама частавалі яечняй. Але пяклі яе не ў печы, а на вуліцы. І была яна таксама апетытная!

Потым усіх чакаў канцэрт. Выступалі народ­ны тэатр гумару, узорны дзіцячы ансамбль “Дараносіца” з вёскі  Хмелева Жабінкаўскага раёна, узорны ансамбль фальклорнага танца “Ліпачка” з вёскі Ліпнікі, фальклорны калек­тыў “Жураўка” з вёскі Вавулічы Драгічын­скага раёна; ладзіліся гульні, гучалі песні.

Вось так незвычайна, дзякуючы адра­джэнню старажытнага абраду “Дыркачы”, праганялі зіму ў маёй роднай вёсцы. Свята атрымалася змястоўным і вясёлым. Для сталых людзей гэта быў успамін пра дзяцінства і юнацтва. А мы, падлеткі, адчулі на сабе, як цікава жылі нашы бабулі і дзядулі.

Ганна Васілюк, ВПК Гутаўская дзіцячы сад-сярэдняя школа, Драгічынскі раён.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь