14.12.2018,Пятница, 19:54
Мы в социальных сетях:
Главная » Малая родина: изучай –– действуй!

Сам сабе блогер

Што здольна захапіць больш за відэаролікі папулярных блогераў? Непаўторныя ўражанні, набытыя падчас экскурсій і вандровак па родным краі! У гэтым упэўненыя чытачы “Ра”, якія сёння запрашаюць цябе ў цікавае падарожжа па іх малой радзіме.

Гісторыя — побач 

Я жыву непадалёк ад вёскі, дзе калісьці жыла Магдалена Радзiвiл. Беларусы заслужана ганарыліся княгіняй-асветніцай. Нарадзілася яна 8 ліпеня 1861 го-да ў Варшаве, але дзяцінства яе прайшло ў маёнтках Жорнаўцы і Кухцічы ў Ігуменскім павеце. Бацька, граф Завіша-Кежгайла, паходзіў са старадаўняга беларускага роду. Быў вядомым археолагам, этнографам, імкнуўся прывіць дочкам любоў да роднай зямлі. Падчас наведвання вёсак, што размяшчаліся на яго землях, браў з сабою Марыю Магдалену і яе старэйшую сястру Марыю Еву. З сялянамі (дарэчы, як і дома) размаўляў па-беларуску. А маці жадала, каб дачок выхоўвалі ангельскія і французскія гувернанткі. Тыя прывілі цікавасць да французскай літаратуры і свецкія манеры. Адначасова з гэтым выхаванне ў сям’і Завіша-Кежгайлаў было надзвычай рэлігійным. Пачуццё любові да роднай зямлі, абуджанае бацькамі, глыбока кранула душу Марыі Магдалены і пазней дало вялікі плён. Яна марыла, каб беларусы размаўлялі на роднай мове, горача падтрымлівала ўсе сацыяльныя пераўтварэнні. Яе намаганнямі адчынены шпіталі, беларускія школы ў Кухцічах, Уздзе, Каменцы, збудаваная галінка Лібава-Роменскай чыгункі. Княгіня дапамагала беларускай выдавецкай суполцы “Загляне сонца і ў наша ваконца” ў Санкт-Пецярбургу, Беларускаму выдавецкаму таварыству ў Вільні. На яе грошы былі надрукаваны зборнікі вершаў класікаў айчыннай літаратуры: “Вянок” М. Багдановіча, “Курганная кветка” К. Буйло, “Рунь” М. Гарэцкага, “Васількі” Ядвігіна Ш., “Родныя з’явы” Тараса Гу­шчы (Я. Коласа), газеты “Наша Ніва”  і  “Biełarus”.

На месцы былога маёнтка ў Жорнаўцы па iніцыятыве неабыякавых жыхароў Асiповiцкага раёна ў 2016 годзе адкрылі памятны знак Магдалене Радзівiл. Традыцыйна каля яго ў пачатку лiпеня штогод праводзяцца Магдаленаўскiя чытаннi. Сёлета адбылася прэзентацыя кнiгi В.У. Хурсiка “Vale”, якая прысвечана знакамiтай мецэнатцы i культурнаму дзеячу.

Аліна Жук, Асіповіцкі раён. 

Аднойчы ў музеі

У Год малой радзімы мы, вучні, пачалі больш заўважаць прыгажосць роднай Гродзен­шчы­ны. Асабліва зацікавіліся звычаямі нашых продкаў. Мы часта наведваем школьны музей, дзе захаваліся старыя прылады працы, прадметы сялянскага побыту. Ладзім там народныя святы і абрады, далучаемся да адраджэння духоўна-матэрыяльнай культуры. Але ж хочацца пашыраць свае веды пра нашу малую радзіму. З гэтай мэтай мы, вучні Квасоўскай сярэдняй школы, вы­правіліся на Мількаўшчыну — у родныя мясціны Элізы Ажэшка — і наведалі прысвечаны ёй музей. Ён складаецца з сямі экспазіцый. Галоўная з іх звязана з жыццём і творчасцю пісьменніцы. Тут знаходзяцца копіі дакументаў, рукапісаў, фотаздымкаў, выданні твораў розных часоў на беларускай і польскай мовах, што да­зваляе паслядоўна прадставіць этапы жыццёвага і творчага шляху аўтаркі. У “Літаратурнай гасцёўні”, якая нагадвае бібліятэку, праходзяць тыдні памяці Элізы Ажэшка, абласныя Ажэшкаўскія чытанні, інсцэніроўкі народных абрадаў, сцэн з твораў беларускіх пісьменнікаў. У памяшканні “Свет побыту былога” можна ўбачыць прылады працы і прадметы хатняга ўжытку, якімі карысталіся сяляне ў XIX — пачатку XX стагоддзяў, а ў “Шляхецкім пакоі” дакрануцца да старадаўніх рэчаў, што калісьці меліся не ў кожным доме і вырабляліся майстрамі па індывідуальных заказах заможных гападароў. Нас вельмі ўразіла экскурсія ў музей! Яго загадчыцца Таццяна Анатольеўна Савянкова так гасцінна нас сустрэла, што нам здалося, быццам апынуліся ў вельмі ўтульнай хаце. Мы пазнаёміліся з вясковым побытам, са старадаўнімі абрадамі. Паглядзелі, якія былі раней калыскі, кухонныя і ткацкія прылады і шмат іншага. Асабліва спадабаліся танцы і гульні нашых продкаў, якія нам паказала Таццяна Анатольеўна. Потым мы частаваліся за святочным сталом. А наш Алёша Алюшкевіч нават зайграў на старым гармоніку, чым усіх здзівіў. Час праляцеў незаўважна. Нам не хацелася пакідаць “сялянскую хату”, і было вельмі прыемна, калі нас запрасілі сюды зноў. Дадому мы вярталіся задаволеныя, атрымаўшы асалоду ад таго, колькі новага даве-
даліся пра нашу малую радзіму.

Дзіяна Сеховіч, Гродзенскі раён.

Гэта трэба ўбачыць!

Прыгожы восеньскі дзень. Спяшаюся да сваёй бабулі Клавы — мы з ёй ся­броўкі. Мне вельмі цікава слухаць аповеды аб яе маладосці, захапленнях. Назаўсёды запалі ў душу бабуліны словы: “Жыві, шукай, усё рабі як след, каб на роднай зямлі твой свяціўся след”. Бабуля са шчырай усмешкай сустракае мяне на ганку. Я ўваходжу ў хату і бачу невялікі скрутак.

— А што гэта? Яна сціпла маўчыць. Разгортваю і бачу цудоўныя вышыванкі:
— Няўжо гэта ты рабіла?
— Так. Прыйду з працы, а вечар доўгі, вось і сажусь за іглу.Гляджу на бабуліны рукі, загартаваныя ў працы, і нават не верыцца.
— Пакажу гэтыя шэдэўры ў школе. У нас ёсць этнаграфічны куток — няхай дзеці ведаюць, якія майстры жывуць побач.
— Раней усе дзяўчаты вышывалі. Памятаю вяселле ў нашай вёсцы. Калі прыехалі да жаніха на другі дзень, то сваты неслі ў хату вышыванкі — вялікія, змешчаныя ў рамкі за шклом. Усе госці захапляліся. Я тады вырашыла, што таксама навучуся   гэтаму   майстэрству. Развітваюся з бабуляй і бягу ў школу. У этнаграфічным кутку раскладваю вышыванкі. Няхай усе бачаць, якія скарбы тояцца ў  бабуліным  куфэрку!

Дзіяна Каралёнак, Докшыцкі раён.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь