14.12.2018,Пятница, 19:56
Мы в социальных сетях:
Главная » А ў нашай хаце свята

Яшчэ раз пра чароўнае…

…узгадалі фіналісты творчага конкурсу “А ў нашай хаце свята”. Амаль паўгода “ПВ” друкаваў на сваіх старонках лепшыя нататкі. Наперадзе — падвядзенне вынікаў. А пакуль чакаем навін з НДЦ “Зубраня” — трымай апошнюю порцыю сачыненняў. Сёння іх аўтары распавядуць, як весела зладзіць зімовыя святы.

А на покуце ля куцці…

Кожны год на зімовых канікулах, як толькі пачынаюцца Калядкі, я з хваляваннем чакаю ка­лядоўшчыкаў, бо яны прыносяць у хату штосьці чароўнае, таямнічае, казачнае. Здалёк чуваць іх спевы, а сэрца замірае: “Ну калі ж яны зойдуць да нас?” І вось на парозе — дзіўныя істоты. Сярод іх Каляда, якая “прыехала вечарам у маляваным вазочку, на белым кані, прынесла дудачку ў рэшаце, сама села на покуце ля куцці”. Гэтыя словы мяне вельмі здзівілі.

— А чаму на покуце, а не ў іншым месцы? — шэп­там пытаюся ў бабулі.

— Покуць — кут пад абразамі, галоўнае месца ў хаце, — тлумачыць яна.

— А чаму ля куцці?

— Бо гэта абрадавая страва, якую, зварыў­шы ў печы, ставяць пад абразы.

У мяне ўзнікае шмат пытанняў, але бабуля забараняе ўсялякія размовы. Яе ўвагу прыцягваюць калядоў­шчыкі. Галіна Фёдараўна Кулік, Марыя Рыгораўна Ярко­віч, Зоя Іванаўна Фралова спяваюць прыгожымі, моцнымі галасамі — нібыта сапраўдныя артысты. Бабуля запрашае іх увайсці. Але яны не рухаюцца з па­рога. Тады бабуля прапаноўвае стул Марыі Рыгораўне (са­май старэйшай). Калядоўшчыкі спяваюць велічаль­ныя, калядныя песні, у якіх нахвальваюць дзядулю і бабулю і нас, дзяцей. Дзядуля ў песні шчодры, бабуля — працавітая. Калядоўшчыкі жадаюць гаспадарам, “каб у полі жыта расло высокае, спела і каласілася пшаніца, а ў хляве ўсё вялося: і конь здаровым быў, і карова шмат малака давала, а свінні вадзіліся і пладзіліся”.

Мне вельмі падабаецца Галіна Фёдараўна Кулік, бо спявае яна лепш за ўсіх: адну песню выконвае звонкім і высокім голасам, іншую — працяглым, нізкім. За прыемныя пажаданні дзядуля аддзяквае гасцям па­частункамі, якія кладзе ў палатняную торбу, што вісіць цераз плячо ў аднаго з калядоўшчыкаў. Мне вельмі хочацца, каб гэтыя вясёлыя людзі як мага даўжей затрымаліся ў хаце, але яны спяшаюцца далей.

Толькі дзверы за імі зачыніліся, а я зноў да бабулі з пытаннямі:

— А чаму на іх былі маскі?

— А ты пачытай у сеціве, — раіць яна.

“Пераапрананне, надзяванне масак давала магчымасць калядоўшчыкам быць не самімі сабой: у такім выглядзе ім дазвалялася больш. Лічылася, што толькі вяселле, шумлівыя гулянні здольныя напалохаць злыдняў ды аберагчы людзей ад іх”, —падказвае Гугл.

— А чаму на Каляды нельга працаваць?

— Бо гэтыя вечары святыя. Так рабілі нашы продкі.

— А калі гузік згубіцца ці сукенка пар­вецца?

— Я табе ўсё  адрамантую, а пасля Калядак нанова ўсё перашыю, на ганку галень перасяку ды ў печы спалю.  А калі гэтага не зрабіць, то з жывёлай будзе бяда: можа свінка не апара­сіцца, ці кароўка не расцеліцца, конь захрамае…

Вось якія традыцыі святкавання Каляд заха­валіся  на Кругляншчыне. І пакуль яны жывуць,  не страціцца сувязь паміж пакаленнямі.

Дар’я Гарыновіч, Рубежскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, Круглянскі раён.

Вось якія пірагі!

Мае сяброўкі мараць пра лета. А я чакаю зіму. Спытаеце чаму? Не, у мяне не дзень нараджэння. І падарункі на Новы год тут ні пры чым. Проста я люблю зіму з-за шматлікіх забаў: гуляць у снежкі, ляпіць бабу, слізгаць па лёдзе на каньках, катацца на санках ці лыжах… Гэта чароўная пара, а галоўнае — насту­паюць Каляды, бадай самае вясёлае свята!

У XXI стагоддзі святкаванне Нара-джэння Хрыстова адрозніваецца ад таго, як яго адзначалі нашы продкі, таму мы кожны год адпраўляемся да бабулі ў вёску Гарадная, што на Століншчыне. Вось дзе па-сапраўднаму дакранаемся да мінулага! Ставім ялінку, упрыгожваем хату, гатуем смачную ежу. Бабуля гаворыць: стол павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе.

Меню на Раство налічвае 12 посных страў. Бабуля дастае са схованак розныя ласункі: арэхі, яблыкі, мёд, бярозавік, печаны хлеб, потым гатуе куццю, грыбны квас, узвар, кісель, пірагі… Пад абрус кладзём сена, якім пасля частуецца каза Брошка, бо “яно павінна зберагчы жывёлу ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надояў малака”. Таксама сенам звязваюцца лыжкі на стале, каб усе сваякі трымаліся разам і дапамагалі адзін аднаму.

Калі на небе з’яўляецца першая зорка, пачынаецца вячэра. Дзед запальвае свечку, “запрашае” за стол усіх продкаў, а бабуля ціха распавядае пра калядныя традыцыі беларусаў. І ў нашай хаце наступае свята…

Галоўная страва, канечне, куцця. Але мае любімыя — пірагі, а дакладней — пірагі з… душамі! На першы погляд, яны нагадваюць звычайныя варэнікі, але гатуюцца па-асобаму. Бабуля гаворыць, што пірагі ўсё “адчуваюць”, іх трэба пячы з добрым настроем і прыгожа апранутым, а таксама пажадана напяваць песню. Робяць іх з розным начыннем: бульбай, грыбамі, капустай. А ў іншых схаваны і запіскі з жартоўнымі пажаданнямі — вось та­ды пацеха пачынаецца!

Калядныя песні, шчырыя віншаванні, гульні і забавы, пачастункі, прыемныя падарункі, доўгачаканыя госці, чароўныя здарэнні — усё дорага майму сэрцу. І я люблю Каляды, таму што свята сямейнае, аб’ядноўвае за сталом усіх сваякоў, а гэта і ёсць галоўная каштоўнасць для чалавека.

Аксана Цеплавухава, Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь