22.07.2019,Понедельник, 00:34
Мы в социальных сетях:
Главная » Постаці слаўныя краю майго

Прыгоды пачынаюцца!

Які падлетак адмовіцца ад захапляльных вандровак, цікавых адкрыццяў і яркіх уражанняў? Але неабавязкова выпраўляцца за імі далёка. Азірніся навокал і ўбачыш, колькі нязведанага і на тваёй малой радзіме. Чым не нагода праславіцца як юны краязнаўца? А дапаможа табе новы творчы конкурс “ПВ”. Які? Зараз распавядзём.

Хто самы лепшы ў краіне юны даследчык?

У чыіх руках лёс сапраўдных скарбаў? Якія турыстычныя маршруты па Беларусі сёння самыя запатрабаваныя? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні атрымаеш, узяўшы ўдзел у конкурсах рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”.

— Яна накіравана на далучэнне моладзі да пошукава-даследчай дзейнасці, вывучэнне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны малой радзімы, у выніку чаго паглыбляюцца пазнавальныя магчымасці навучэнцаў, — распавядае Аляксандра Яўгенаўна Кравец, загадчык аддзелам краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. — Нашы конкурсы дазваляюць выявіць і заахвоціць лепшых юных даследчыкаў у рэгіёнах, а рабятам даюць магчымасць прадставіць свае навукова-даследчыя праекты на рэспубліканскім узроўні. Усё гэта садзейнічае фарміраванню ў падрастаючага пакалення гонару за родны кут, павагі да дасягненняў славутых землякоў, спрыяе грама­дзянска патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Далучыўшыся да маштабнай акцыі, ты ро­біш асабісты ўнёсак у асветніцкую і грамад­ска-карысную краязнаўчую дзейнасць сваёй установы адукацыі. Назапашаны матэрыял плануецца выкарыстоўваць на факультатыўных, выхаваўчых і занятках у аб’яднаннях па ін­тарэсах, а таксама прадстаўляць на конкурсах, канферэнцыях, семінарах, злётах… А галоўны твой профіт — пашырэнне і сістэматызацыя ведаў па гісторыі, культуры, прыродзе роднага краю, што спатрэбіцца на ўроках.

Сёлета ў цябе ёсць магчымасць праявіць свае здольнасці ад­разу ў некалькіх творчых спаборніцтвах.

Постаці слаўныя краю майго

Так называецца намінацыя конкурсу даследчых работ “Малая радзіма вялікіх людзей”, якую ладзіць “ПВ”.  Калі табе 12–16 гадоў і ты цікавішся гісторыяй свайго рэгіёну — гэтая справа для цябе! А дапаможа яе здзей­сніць наша інструкцыя.

  1. Знайдзі героя для сваёй публікацыі — славутага земляка-сучасніка.
  1. Збяры цікавы матэрыл пра яго лёс і дзейнасць або сустрэнься з ім асабіста і запытайся пра дасягненні, справы на карысць вялікай і малой радзімы. Пры неабходнасці звярніся да супрацоўнікаў музеяў, навукоўцаў; выкарыстоўвай архіўныя і дакументальныя звесткі.
  1. Напішы творчую работу ў жанры нататкі або інтэрвью.
  1. Адпраў у рэдакцыю “ПВ” на e-mail: p_vozrast@tut.by да 10 кастрычніка.

Лепшыя сачыненні будуць надрукаваны ў газеце. Фіналісты конкурсу атрымаюць граматы і “хвіліну славы” на старонках “ПВ”. А яшчэ па выніках чытацкага абмеркавання вызначыцца ўладальнік спецыяльнай узнага­роды. Падрабязнасці пра конкурс — на pvz.by

Скарбонка краязнаўчых знаходак

Гэты конкурс ладзіць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Удзел у ім дае падлеткам шанец праявіць свае здольнасці ў пошукава-даследчай дзейнасці і адчуць сябе сапраўдным археолагам.

— Падчас распрацоўкі праектаў навучэнцы авалодваюць уменнямі навуковага асэнсавання і ацэнкі падзей, з’яў, якія адбываліся ў канкрэтным рэгіёне ў сувязі з агульны­мі гіс­тарычнымі ці сацыяльнымі працэсамі ў краі­не. Асаблівае значэнне мае выяўленне мала­вядо­мых альбо страчаных адметнасцяў матэрыяльнай і духоўнай культуры малой радзімы ці гістарычных фактаў сваёй мяс­цовасці, — патлумачыла Аляксандра Яўге­наўна.

Зацікавіўся? Падрабязнасці шукай на сайце РЦЭК (rcek.by).

Тым часам

Пакуль ты толькі разважаеш пра летні адпачынак, разглядаючы карту папулярных турыстычных маршрутаў, удзельнікі рэспублі­канскага конкурсу навуковых краязнаўчых работ прайшліся па сцяжынках роднай вёскі ці горада і даследавалі іх.

У фінал выйшла 56 навукова-даследчых работ са 120, а заключны этап адбыўся ў Рэс­публіканскім цэнтры экалогіі і края­знаўства. На працягу двух дзён рабяты абара­нялі свае праекты ў трох секцыях: “Гісто­рыя роднага краю”, “Культурная спадчына” і “Геаграфічнае края­знаўства”. Пераможцы і прызёры ўзна­гароджаны ды­пломамі Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь.

Што наперадзе?

Зразумела, яркае і насычанае лета! Яно чакае тых, хто аддае перавагу актыўнаму адпачынку. Для юных краязнаўцаў і даследчыкаў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства традыцыйна праводзіць:

  • рэспубліканскі злёт юных краязнаўцаў — з 11 па 19 чэрвеня;
  • рэспубліканскі злёт пошукавых атрадаў (клубаў) “Мы — нашчадкі Перамогі” — з 30 чэрвеня па 8 ліпеня;
  • рэспубліканскі злёт юных геолагаў — з 11 па 19 ліпеня;
  • рэспубліканскі злёт юных экскурсаво­даў — з 22 па 30 лі­пеня.

Гэты край Радзімаю заве Ірына Хацук, “ПВ”.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь