Да чаго ляжыць душа?
Ты марыш стаць высакакласным інжынерам альбо зрабіць прарыў у 3D-мадэлізме? А ці ведаеш як? Лайфхакамі з табой падзеляцца зоркі WorldSkills.
Чым сёння займаюцца самыя перспектыўныя і працавітыя хлопцы і дзяўчаты нашай краіны? Падрыхтоўкай да паездкі ў Казань: з 22 па 27 жніўня там пройдзе 45-ты Міжнародны чэмпіянат па прафесійнаму майстэрству WorldSkills Kazan 2019. Беларусь у Расіі будуць прадстаўляць 36 удзельнікаў у 33 кампетэнцыях. Каб больш даведацца аб гэтых спаборніцтвах і высветліць, як туды патрапіць, “ПВ” звярнуўся да ўдзельнікаў.
Адкрывае спіс зорак WorldSkills Уладзіслаў Дзерван. Хлопец надоечы скончыў машынабудаўнічы факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спе-цыяльнасці “тэхналогія машынабудаўніцтва”. Зараз працуе ў ААТ “Амкадор”, дзе займаецца праектаваннем тэхналагічнай аснасткі рэжучага інструмента.
—Уладзіслаў, у хуткім часе ты выправішся ў Казань. Што туды вязеш?
— Мая кампетэнцыя называецца “Інжынерны дызайн CAD” — гэта трохмернае цвёрдацельнае праектаванне, напрыклад, для машынабудавання ці прыборабудавання. Прасцей кажучы — 3D-мадэлі.
—Адкуль паўстала зацікаўленасць да гэтага напрамку?
— Распачалося ўсё на 3-м курсе вучобы ў БНТУ. Выкладчык-куратар курсавога праекта прапанаваў студэнтам, якія хочуць атрымаць высокую адзнаку, зрабіць 3D-мадэль рэдуктара. Ідэя мяне захапіла. Увечары, пасля заняткаў, я разгледзіў відэаролікі на YouTube. Потым пачаў разбірацца ў спецыяльнай праграме, працаваць. Так зацягнула, што скончыў займацца а сёмай гадзіне раніцы (смяецца). Нават пасля таго як абараніў курсавую работу, працягнуў цікавіцца 3D-мадэляваннем для сябе. Пра гэта даведаўся адзін з выкладчыкаў і параіў паспрабаваць сябе ў руху WorldSkills.
—Як праходзіць падрыхтоўка да міжнароднага чэмпіяната?
— Кожны дзень, пасля працы, акрамя выхадных, займаюся па 3–4 гадзіны ў спецыяльнай праграме — Autodesk Inventor, дзе мне неабходна перакласці гатовыя чарцяжы ў мадэлі, каб потым з іх зрабіць зборкі, а ўжо са зборак зноў чарцяжы, розныя схемы разборак…
—Чаму абраў менавіта машынабудаўнічы факультэт БНТУ?
— Шмат знаёмых казалі, што ў мяне тэхнічны склад розуму. Да таго ж, у дзяцінстве любіў гуляць з канструктарам і рабіць розную тэхніку. Мой тата часта ўзгадвае, як за некалькі гадзін у мяне атрымлівалася сабраць то бензапілу, то вежавы кран, то яшчэ штосьці.
—Раскажы падрабязней, як трапіў у зборную Беларусі?
— У лютым 2018-га праходзіў адбор на рэспубліканскі чэмпіянат, у якім я заняў першае месца. І ў мае ўжо браў удзел у рэспубліканскім чэмпіянаце WorldSkills Belarus, дзе за званне лепшага змагалася 10 чалавек. Я здолеў апынуцца на першым месцы. Гэта дазволіла мне паехаць у Абу-Дабі і абараняць гонар сваёй краіны ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
А ў сакавіку 2019-га адбыўся закрыты адбор на міжнародны чэмпіянат, які ў хуткім часе пройдзе ў Казані. Спаборніцтва праходзіла ў кожнай кампетэнцыі. Перамагчы мог любы з трох, але менавіта мне ўсміхнулася фартуна, таму з вялікай радасцю еду на чэмпіянат у Расію.
—Ці вартая перамога ўсіх тваіх намаганняў?
— Калі прызналі лепшым у першы раз, мяне перапаўняла шмат пачуццяў, нават кайфаваў ад гэтага. У другі — была менш бурная рэакцыя на поспех. Але, даведаўшыся, што буду прадстаўляць Беларусь у Расіі, адчуў вялікі гонар, таму што змог дасягнуць мэты.
—Ты зрабіў гэта сам? Ці хтосьці падтрымліваў?
— Заўсёды падбадзёрваюць бацькі і сябры. Яны рады, што я займаюся любімай справай і атрымліваю ад яе задавальненне.
—З якім настроем накіроўваешся ў Казань?
— Адчуваю гордасць за сябе, краіну, універсітэт і сваю сям’ю.
—Што параіш тым, хто марыць дасягнуць поспеху ў інжынерыі?
— Чытаць неабходную літаратуру. Вучыць тое, што патрэбна для паступлення ва ўніверсітэце, а таксама падмацоўваць веды на практыцы.
Кропелька гісторыі
WorldSkills — міжнародны некамерцыйны рух, мэта якога — павышэнне статуса прафесійнай адукацыі, стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі і папулярызацыя рабочых прафесій. Існуе на працягу 70 год і з’яўляецца адным з самых маштабных конкурсаў прафесійнага майстэрства. Беларусь далучылася да міжнароднай арганізацыі WorldSkills International у 2014 годзе і ўжо ўзяла ўдзел у двух сусветных чэмпіянатах — у Сан-Паулу (Бразілія, 2015) і Абу-Дабі (ААЭ, 2017).
Міні-анкета Улада
- Любімы прадмет у школе: матэматыка.
- Любімы прадмет ва ўніверсітэце: інжынерная графіка і тэхналогія машынабудаўніцтва.
- Любімая настаўніца: пачатковых класаў Наталля Аляксееўна Паўлец.
- Любімы выкладчык ва ўніверсітэце: па тэхналогіі машынабудаўніцтва Юліян Юліянавіч Ярмак.
- Хобі: веласпорт.
З зоркай WorldSkills пазнаёмілася Настасся Капцава, «ПВ».