15.11.2019,Пятница, 13:31
Мы в социальных сетях:
Главная » Малая родина: изучай –– действуй!

З любоўю да Радзімы

Марыш стаць знакамітым, але не ведаеш як? Удзельнікі новага творчага конкурсу “Постаці слаўныя краю майго”, які “ПВ” ладзіць сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, чэрпаюць натхненне ў жыцці і дзейнасці сваіх землякоў. Знаёмся з рэальнымі гісторыямі поспеху і самаадданай працы.

Мастацтва, якое стала жыццём Я нарадзіўся ў цудоўным горадзе Баранавічы і вельмі ганаруся, што з’яўляюся земляком знакамітага Міхаіла Мікалаевіча Пташука — народнага артыста Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаў най прэміі БССР, заслужанага дзеяча мастацтваў. Жыццё і дасягненні вялікага кінарэжысёра ўражваюць мяне. Сялянскі хлопчык з невялічкай палескай вёскі Федзюкі здолеў паступіць у прэстыжнае тэатральнае вучылішча ў Маскве і нават трапіць у Галівуд! Гэта сапраўдны прыклад поспеху для мяне iмаiх сяброў!

Міхаіл Пташук — выпускнік СШ № 13, дзе вучуся і я. У нашым школьным музеі сабраны багаты матэрыял пра гэтага таленавітага чалавека. Калі разглядаеш яго фотаздымкі, перад вачыма адразу паўстае жыццярадасная, шчырая і мудрая асоба. Нездарма пра яго беларуская паэтэса Раіса Баравікова напісала такія радкі:

А ён, нібыта так і трэба,
Глядзіць тужліва з-пад рукі,
З сабою ўзяўшы толькі неба
Палескай вёскі Федзюкі.

На баранавіцкую зямлю лёс прывёў Міхаіла пасля заканчэння Федзюкоўскай сямігодкі. Тут распраўлялі крылы яго запаветныя мары, тут ён вызначыўся з выбарам прафесіі. Родныя мясціны рэжысёра паклікалі і нас, яго юных землякоў: захацелася ўбачыць дом, дакрануцца да рэчаў, пагутарыць з аднавяскоўцамі знакамітасці… З нецярпеннем чакалі мы экскурсіі на малую радзіму Міхаіла Мікалаевіча.

І вось мы ў цягніку… Бяжыць удалеч дарога, мільгаюць за вокнамі прыгожыя палескія пейзажы… Мітусяцца і думкі аб нечым таямнічым і яшчэ нязведаным…

Нам пашчасціла апынуцца ў доме, дзе жыў рэжысёр. Валанцёрскі атрад нашай школы рэгулярна даглядае хату, якая пустуе. Вось і мы наведаліся сюды, каб падтрымаць чысціню і парадак. Хвалюючай была дарога да помніка-крыжа, узведзенага ў гонар Міхаіла Мікалаевіча ў вёсцы Федзюкі. Мноства кветак сведчаць пра тое, што свайго земляка не забываюць. Уражваюць словы: “Поклонный крест установлен во Славу Божию в память кинорежиссёра, народного артиста Беларуси Михаила Николаевича Пташука, уроженца деревни Федюки”.

Вельмі шкада, што гэты чалавек пайшоў так рана. Але памяць пра яго жыве… Шмат кінафільмаў пакінуў ён нам. Глядзяць iх землякі і пазнаюць родныя мясціны: героі ходзяць па яго хаце, іх характары нагадваюць многіх аднавяскоўцаў…

А на будынку школы не так даўно з’явілася мемарыяльная дошка з партрэтам і словамі М. Пташука:

“…Я ўдзячны школе за тое, што менавіта там я дакрануўся да мастацтва, якое стала для мяне Жыццём…”

Ідуць па гэтых бясконцых дарогах людзі. Мы ўзгадваем сваіх таленавітых землякоў, а святло іх спраў, як ліхтарык, будзе азараць наш шлях… І тая сцяжынка ад роднай хаты майго земляка да туманнага лугу палескай вёскі назаўжды застанецца у маёй памяці.

Мікіта Булыга, СШ № 13 г. Баранавічы.

Самародак з Лепельшчыны Аднойчы на экскурсіі ў Лепельскім доме рамёстваў маю ўвагу прыцягнулі цудоўныя карціны Васіля Жарнасека. Ён прадстаўнік інсітнага мастацтва. Як патлумачыла нам экскурсавод, гэта значыць, усё залежыць толькі ад самога творцы, асаблівасцей яго светаўспрымання. І мяне зацікавіў лёс гэтага чалавека…

Васіль Сцяпанавіч Жарнасек — адзінз найбольш вядомых у Беларусі самадзейных мастакоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Сітнікі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Калі яму было 12 гадоў, здарылася бяда: ад выбуху бомбы хлопчык застаўся без правай рукі і страціў зрок… Працаваць і карыстацца пэндзлем ён вучыўся левай рукой.

Мастак лічыў, што здольнасць маляваць ён атрымаў ад дзеда-іканапісца, які быў знаёмы з Іванам Хруцкім і Іванам Шышкіным, нават меў падораныя імі эцюды.

Стаўшы дарослым, Васіль Сцяпанавіч працаваў мастаком-афарміцелем, загадваў клубам і заўсёды маляваў. Часцей за ўсё — дзівосныя куточкі любай яго сэрцу Лепельшчыны, якія адлюстроўваў па памяці. Амаль на кожным яго палатне вабяць вока азёры, рачулкі, неабсяжныя лясныя прасторы. Адметная рыса творчасці мастака-аматара — гэта фарбы, заўсёды чыстыя, яркія, светлыя. Васіль Жарнасек працаваў пераважна ў жанры пейзажу, але ёсць і цэлая серыя работ на ваенную тэму.

Прызнанне прыйшло да мастака пасля таго, як ён стаў лаўрэатам усесаюзнага фестывалю народнай творчасці ў 1977 і 1979 гадах. А першую карціну, якая была выстаўлена на продаж у Лепелі, адразу ж купілі амерыканскія турысты. Але і стаўшы вядомым, Васіль Сцяпанавіч не здрадзіў сваёй малой радзіме — так і жыў на ўскрайку горада ў невялічкім доміку.

Творы Васіля Жарнасека ўпрыгожваюць музеі Мінска, Масквы, Кіева, Адэсы, Сімферопаля, Ніжняга Ноўгарада, Урэнгоя, Віцебска і роднага Лепеля.

На адной з яго персанальных выстаў у Мінску мастацтвазнаўца Міхаіл Раманюк адзначыў: “Гляджу на карціны і вяртаюся ў райскія сады, чыстыя і незабруджаныя прасторы, дзе пануюць спакой і ўзаемаразуменне”.

Мяне вельмі ўразіў складаны лёс гэтага чалавека і жыццесцвярджальная сіла яго мастацтва.

Яна Дзівіна, гімназія імя І.М. Ерашова г. Лепеля.

Постаці слаўныя краю свайго шукае Ірына Хацук, «ПВ».

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь