18.11.2019,Понедельник, 00:10
Мы в социальных сетях:
Главная » Малая родина: изучай –– действуй!

Даюць фору маладым!

Яны ні хвіліны не сядзяць без справы, здзіўляючы сваёй нястомнай энергіяй. Пякуць найсмачнейшыя караваі, ладзяць фестывалі, адраджаюць традыцыі. Пра знакамітых землякоў распавядуць фіналісты рэспубліканскага творчага конкурсу “Постаці слаўныя краю майго”.

Прызванне рабіць дабро Каравайніца, паэтэса, стараста вёскі Акцябр Коб­рынскага раёна і проста цудоўны чалавек. Не перастаю здзіўляцца, адкуль яна бярэ сілы вырашаць праблемы аднавяскоўцаў, займацца любімай справай і ў свае ўжо сталыя гады накручваць на веласіпедзе не адзін дзясятак кіламетраў у дзень…

Нарадзілася Марыя Андрэеўна Кірылюк 18 лютага 1940 года ў вёсцы Бельск Кобрынскага раёна. У 1956-м выдатна скончыла Бельскую сямігодку, у 1959-м — Дзівінскую сярэднюю школу. У 1963-м пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута імя А. С. Пушкіна была накіравана настаўнікам матэматыкі ў Валовельскую сярэднюю школу Драгічынскага раёна.

У 1966-м Марыю Андрэеўну запрасілі ў вёску Акцябр, дзе ўжо праз год яна стала дырэктарам мясцовай васьмілеткі. Працавала на гэтай пасадзе 23 гады. У 1968-м выйшла замуж за Васіля Іванавіча Кірылюка, які 44 гады ўзначальваў Акцябрскі СДК.

З гэтага часу пачынаецца актыўная грамадская дзейнасць Марыі Андрэеўны. Да 20-годдзя калгаса “Кастрычнік” яна заснавала хор з 75 чалавек. Пад яе кіраўніцтвам была праведзена вечарына, якую здымала тэлебачанне.

Дзякуючы намаганням Марыі Андрэеўны ў вёсцы пабудавалі новую школу. Не супакоілася нястомная жанчына і на пенсіі. З увядзеннем інстытута стараст вяскоўцы аднадушна даверылі ёй гэтую справу. І не памыліліся! Каб пабудаваць мост цераз Каралеўскі канал і палепшыць падвоз дзяцей у школу, давялося пабываць на прыёме ў аблвыканкаме. Навядзенне парадку ў вёсцы, асфальтаванне дарогі, павелічэнне колькасці рэйсаў пасажырскага аўтобуса і нават газіфікацыя Акцябра — усё гэта таксама заслуга Марыі Андрэеўны.

Актыўны ўдзел прымае яна і ў культурным жыцці: разам з дачкой, сынам і ўнучкамі заснавала фальклорны ансамбль “Каралеўскія завітаначкі”, які, дарэчы, удзельнічаў у здымках дакументальнага цыклу Агенцтва тэленавін “Зямля беларуская” ў 2012 годзе. Прырода надзяліла Марыю Кірылюк і літаратурным талентам. Яна піша вершы, байкі, песні, казкі. У 2015-м да яе юбілею былі выдадзены кнігі “Слёзы памяці”, “Свет Великой Победы”, “Падарунак”.

Але больш за ўсё Марыя Андрэеўна любіць пячы караваі. Да майстрыхі звяртаюцца з заказамі з усёй Беларусі. Нездарма каравай Марыі Кірылюк занесены ў Фонд нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА як набытак Рэспублікі Беларусь.

У 2012 годзе “Каралеўскія завітаначкі” пабывалі на між­народным фальклорным фестывалі ў Бельску (Польшча), куды Марыя Андрэеўна прывезла свой прыгожы каравай. На гэты раз ён быў выкананы спецыяльна для Мітрапаліта Варшаўскага і ўсёй Польшчы Савы і ўручаны яму з нагоды 100-годдзя царквы ў Такарах і 150-годдзя з,яўлення Маці Божай на гэтым месцы. Дарэчы, тады пра нашу знакамітую зямлячку напісаў польскі часопіс “Бельскі гасцінец”.

Марыя Андрэеўна Кірылюк — асоба шматгранная. І сёння, у 79-гадовым узросце, яна турбуецца аб іншых. Пажадаем гэтай жанчыне з вялікім сэрцам моцнага здароўя, бо пакуль побач з намі знаходзяцца такія людзі, мы не забудзем свае традыцыі, гісторыю, мову.

Дзіяна Рабчынская, д/с-СШ № 4 г. Кобрына.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь