15.11.2019,Пятница, 13:28
Мы в социальных сетях:
Главная » Твой ровесник

Зорная рамантыка

Дзяўчына і астраномія — гэта не фантастыка, а рэальнасць! Патрэбны факты? Калі ласка! Знаёмся з першакурсніцай факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Міраславай Булгакавай.

Выпускніца ліцэя БДУ, а сёння — студэнтка Белдзяржуніверсітэта толькі пачынае свой шлях у таямнічы свет космасу. Чым яе вабіць зорнае неба?

— Ты заваявала “бронзу” на 13-й Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы ў Венгрыі. Чаму выбрала менавіта гэты прадмет?

— Аднойчы мой выкладчык Віктар Васільевіч Малышчыц прапанаваў наведаць яго факульта-тыўныя заняткі. Так і захапілася астраноміяй.

— У тваёй сям’і хтосьці яшчэ звязан з навукай?

— Часткова. Прабабуля была фізікам і працавала ў Вышэйшым інжынерным зенітна-ракетным вучылішчы, а прадзядуля вучыў студэнтаў матэматыцы ў БДУ.

— Раскажы, як рыхтавалася да спаборніцтваў.

— Спачатку неабходна было прайсці рэспубліканскі адбор. Далей, каб добра пракачаць свае веды, для ўдзельнікаў чэм­піянату арганізавалі зборы, дзе мы рашалі задачы з папярэдніх алімпіяд. Акрамя таго, я самастойна трэ­ніравалася на працягу вучэбнага года.

— Цяжка было сумяшчаць заняткі астраноміяй з вучобай у ліцэі?

— Не. Выкладчыкі заўсёды ішлі насустрач алімпіяднікам. Выдзялялі час для падрыхтоўкі да спаборніцтваў. Галоўнае было — своечасова здаць усе “хвасты”.

— Што стала самым складаным на алімпіядзе?

— Спачатку я вельмі хвалявалася. Але праз некалькі дзён улілася ў алімпіядную атмасферу. Выканаць заданне трэцяга тура было няпроста: трэба было назіраць за зорным небам пры дапамозе тэлескопа і за пяць хвілін разгледзіць неабходныя аб’екты, хутка адказаць на ўсе пытанні ў бланках. Такі іспыт адсутнічае ў нашай алімпіядзе, таму трэба заставацца вельмі ўважлівым.

— У беларускай камандзе ты была адзінай дзяўчынкай сярод чатырох хлапчукоў. Як сябе адчувала?

— Выдатна! На працягу ўсяго тыдня паміж намі панавала цёплая сяброўская атмасфера. Таму гэтую паездку буду ўспамінаць вельмі доўга.

— Якія пачуцці перапаўнялі, калі атрымала ўзнагароду?

— Упершыню адчувала спакой: была ўпэўнена, што адказала на ўсе пытанні, якія змагла. Таму вельмі ўзрадавалася “бронзе”.

— Каго можаш назваць сваім на­стаўнікам?

— Выкладчыка па астраноміі Віктара Васільевіча Малышчыца. Яго заняткі былі цікавыя, дынамічныя, пазнавальныя і праводзіліся на беларускай мове. Заўсёды з радасцю адказваў на пытанні вучняў і дапамагаў ім выпраўляць памылкі. Да таго ж ён проста цудоўны чалавек. Таксама вельмі ўдзячна сваім настаўнікам па фізіцы з гімназіі № 4 г. Мінска — Таццяне Аляксандраўне Рукшы і Аляксандру Віктаравічу Зязюле.

— Ці ёсць у цябе кумір?

— Такіх няма. Аднак вельмі паважаю навукоўцаў Ніла Дэграса Тайсана і Стывена Уільяма Хокінга. Яны папулярызуюць сур’ёзную навуку і распавядаюць пра складаныя рэчы простымі словамі. Люблю чытаць іх даследчыя працы. А таксама з задавальненнем гляджу навукова-папулярныя тэлеперадачы.

— Хто з’яўляецца тваёй падтрымкай?

— У асноўным бацькі. Яны заўсёды клапоцяцца пра мяне, з вялікай увагай адносяцца да маіх інтарэсаў. Дзякуючы чаму я займаюся любімай справай і паспяхова ў ёй развіваюся.

— Колькі ў тваёй скарбонцы перамог?

— У 2019 годзе атрымала дыплом другой ступені на рэспубліканскай алімпія-дзе па астраноміі. У 9-м класе заваявала дыплом трэцяй ступені на рэспубліканскіх спаборніцтвах па англійскай мове ў Магілёве.

— Чаму выбрала факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ?

— На жаль, у нашых ВНУ няма астранамічнай спецыялізацыі, але гэта мне не перашкодзіла. У будучыні планую заняцца навуковай дзейнасцю, звязанай непасрэдна з інфарматыкай і астраноміяй. Мабыць, ствару свой анлайн-планетарый.

— Як бавіш вольны час?

— Чытаю кнігі, слухаю музыку, хаджу ў кіно, гуляю з сябрамі. Заўсёды цікаўлюся адкрыццямі ў розных галінах навукі. Яшчэ мяне вельмі захапляе фігурнае катанне, таму магу гадзінамі глядзець спаборніцтвы па гэтаму віду спорту.

— А ёсць запаветная мара?

— Хачу аб’ездзіць увесь свет, каб пазнаёміцца з культурай і гісторыяй замежных краін.

— Што пажадаеш равеснікам, якія плануюць звязаць жыццё з навукай?

— Заўсёды працуйце над сабой. Старайцеся ператварыць мару ў мэту. Не лянуйцеся і верце ў свой поспех!

Анатомію поспеху вывучае Анастасія Дзерван, “ПВ”

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь