09.12.2019,Понедельник, 01:20
Мы в социальных сетях:
Главная » Твой ровесник

Аднойчы ў Парыжы…

Навукоўцы Стэнфардскага ўніверсітэта знайшлі новы метад прамянёвай тэрапіі, які дазваляе знішчаць ракавыя клеткі за некалькі секунд. А ў Масачусецкім інстытуце атрымалі пластычны палімерны матэрыял, які праводзіць цяпло ва ўсіх напрамках… Чым жа могуць ганарыцца юныя беларускія хімікі? Запытаем у выпускніка ліцэя БДУ Алега Караткова.

Сёння Алег — першакурснік Беларускага дзяр­жаўнага медыцынскага ўнівер­сі­тэ­та ля­чэбнага факультэта, прадаў­жаль­нік сямейнай дынастыі док­тараў. З захапленнем вывучае хімію і чытае беларускіх класікаў.

— Чым табе падабаецца хімія?

— У мяне быў цудоўны выкладчык — Аляксандра Генадзьеўна Шакун, якая добра тлумачыла кожную тэму. Як толькі яна заўважыла маю зацікаўленасць, адразу запрасіла на факультатыўныя заняткі. Пазней прапанавала прыняць удзел у школьным, а потым і ў рэспубліканскім спаборніцтвах.

— Ты заваяваў “бронзу” на 51-й Міжнароднай алімпіядзе па хі­міі ў Парыжы. Як здолеў?

— Добра падрыхтаваўся, займаўся з рэпетытарамі. Таксама для алімпіяднікаў у ліцэі былі арганізаваны курсы. Непасрэдна перад самой падзеяй на базе хімічнага факуль­тэта БДУ для беларускай каманды праходзілі зборы, дзе на працягу некалькіх тыдняў выкладчыкі чыталі лекцыі і рашалі з намі задачы.

— Якія ўражанні пакінула ван­дроўка ў Францыю?

— Я вельмі задаволены! Па-першае — спаборніцтва праходзіла ў рамантычным гора­дзе, які багаты не толькі сваёй гісторыяй, але і ста­ражытнай архі­тэк­ту­рай. Па-другое — пазнаёміўся з моладдзю з іншых краін свету. Пасябраваў з рабятамі з Бельгіі і ЗША.

— А што стала самым складаным на алімпіядзе?

— Заўсёды хвалюешся, калі чакаеш вынікаў: узнікаюць думкі, што мог выканаць лепш.

— Ці прыемна атрымліваць уз­на­гароду?

— Гэта неверагодна! Адчуваеш гонар за сябе і за краіну. А калі стаіш з медалём побач з лепшымі хімікамі свету, разумееш: ты ча­госьці варты!

— Гэта твая першая ўзнагарода?

— Не. У 9-м класе ўдзельнічаў у рэспуб­ліканскай алімпіядзе па хіміі, адкуль вярнуўся з дыпломам першай ступені. У 10-м атрымаў “бронзу” на 52-й Міжнароднай Мен­дзялееўскай хімічнай алімпіядзе і на 50-й Міжнароднай алімпіядзе па хіміі ў Славакіі і Чэхіі. Акрамя таго, у 2018-м зборную нашага ліцэя запрасілі на Усеўкраінскі фестываль натуральных навук “Рышэльеўская рэгата” для вучняў 9–11-х класаў. Мы вярнуліся адтуль не з пустымі рукамі: першае месца ў агульнакамандным заліку. А ў індывідуальных спаборніцтвах я заваяваў залаты медаль.

— Каго можаш назваць сваім настаўнікам?

— Выкладчыка па хіміі Аляксандру Ге­надзьеўну Шакун. Класнага кіраўніка Кацярыну Уладзіміраўну Уласевіч. Педагогаў ліцэя Ілью Мікалаевіча Бондара, Віталія Эдвардавіча і Вадзіма Эдвардавіча Мату­лісаў, Яўгенію Ва­лер’еўну Матуліс, Андрэя Вячаслававіча Кульшу. А таксама старэйшых таварышаў, алім­пія­днікаў мінулых гадоў Яўгена Аніскевіча, Дзмітрыя Баброва, Аляксандра Кукеля, Кацярыну Рагойжу. Я вельмі ўдзячны настаўнікам Алегу Вік­та­равічу Шахно і Аляксандру Паў­лавічу Падцяробу, якія на працягу амаль чатырох гадоў адточвалі мае веды.

—Дапамагае хімія ў вы­ву­чэнні іншых прад­метаў?

— Канешне! Асабліва ў такіх навуках, як атамная і малекулярная фізіка, фізічная тэрма­дына­міка, біяарганічная і біялагічная хімія.

— Што цябе натхняе?

— Жаданне быць лепшым, выхаванне бацькоў, якія нястомна падба­дзёрваюць. Падтрымлівала каханая дзяўчына, якая таксама вучыцца ў БДМУ. Гэта нас яднае яшчэ мацней і падштурхоўвае на да­лейшыя поспехі.

— І таму ты абраў Бела­рускі дзяр­жаў­ны ме­ды­цынскі ўні­вер­сітэт?

— Я пайшоў па слядах сваіх бацькоў. Яны працуюць у Мінскім навукова-прак­тычным цэнтры хірургіі, тран­с­план­талогіі і гема­­талогіі. Тата — загадчык ад­дзялення тран­с­планталогіі, а ма­ці — урач-пульманолаг. У 11-м класе я зра­зумеў: хачу звязаць сваё жыццё з хіміяй і медыцынай.

— Хто з вучоных для цябе з’яў­ляецца прыкладам?

— Пры­хіляюся перад усімі хімікамі арга­нікамі. Іх праца — вялікі цуд!

Таксама натхняюць заснавальнікі тэорыі квантавай фізікі — Нільс Бор, Макс Планк, Макс Борн…

— Як бавіш вольны час?

— Гуляю з сябрамі.

Захапляюся бела­рускай літара­ту­рай. З задавальненнем чытаю творы Віктара Марці­новіча, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Караткевіча. Таксама цікаў­люся гісторыяй нашага народа і дзяржавы.

— А якая твая запаветная мара?

— У мяне ёсць мэта: стаць паспяховым урачом. Вельмі хачу, каб ва ўсім свеце панавалі шчасце і спакой!

— Якую параду можаш даць адна­годкам?

— Займайцеся тым, што пры­носіць асалоду. Заўсёды прыкладайце максімум нама­ганняў, каб дасягнуць поспеху. І канешне, не забывайце пра адпачынак.

Анатомію поспеху вывучае Настасся Дзерван, “ПВ”.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь