09.12.2019,Понедельник, 01:20
Мы в социальных сетях:
Главная » Малая родина: изучай –– действуй!

Я ганаруся…

Творчы марафон «Постаці слаўныя краю майго» завершаны. З сакавіка па кастрычнік яго ўдзельнікі — школьнікі з усіх рэгіёнаў краіны — вывучалі біяграфіі знакамітых землякоў і пісалі сачыненні пра выдатных сучаснікаў. Лепшыя работы друкаваліся ў нашай газеце (“ПВ” №№ 33–42). Наперадзе — узнагароджанне пераможцаў. Каго з юных аўтараў чакаюць дыпломы, прызы і хвіліна славы, хутка даведаемся. А пакуль чытаем чарговую падборку твораў фіналістаў конкурсу.

Па абавязку памяці

Пасля сустрэчы з некаторымі людзьмі разумееш, чаму іх называюць патрыётамі. Яны не любяць гучных слоў, не імкнуцца да славы, не патрабуюць падзякі, а моўчкі робяць для Радзімы тое, што лічыцца грамадзянскім подзвігам. Анатоль Міхайлавіч Пятровіч — мой зямляк. Ураджэнец вёскі Дубнавічы, ён чацвёрты год жыве і працуе ў Мінску на пасадзе начальніка галоўнага ўпраўлення адміністрацыі Нацыянальнага банка. Раней з’яўляўся прарэктарам па адміні страцыйна-гаспадарчай працы і будаўніцтве Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Пінску. Галіна яго дзейнасці далёкая ад вывучэння ваенных падзей. Але пачуццё адказнасці і любоў да малой радзімы дапамаглі здзейсніць важ­ную справу.

— Для мяне гэта гісторыя пачалася са слоў ма­ці: “Як яны застануцца там ляжаць?.. Ніхто ж не ўспомніць”, — распавядае Анатоль Міхайлавіч.

І разгарнулася карпатлівая пошукавая работа. У чэрвені 1943 года разведвальна-дыверсійная гру­па пад камандаваннем старэйшага лейтэнанта Аляксандра Багіна з партызанскага атрада Віктара Сураева, трапіўшы ў акружэнне, загінула ў перастрэлцы з ворагам паблізу хутара Гарэнец, што ў чатырох кіламетрах ад Дубнавіч. Маці Анатоля Міхайлавіча Людміла Маркіянаўна аказалася адзінай сведкай той трагічнай падзеі. Гэта гісторыя не пакінула яе сына абыякавым, і Анатоль Міхайлавіч стаў супастаўляць звесткі, знаходзіць пацверджанне прозвішчаў пахаваных. І вось 26 кастрычніка 2007 года рэшткі партызан былі перахаваны з вайсковымі ўшанаваннямі ў брацкую магілу на могілках у вёсцы Дубнавічы, дзе ўсталяваны абеліск з надпісам: “Тут пахаваны астанкі партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вечная памяць”. А ў маі 2014-га на помніку з’явілася мемарыяльная дошка з імем лейтэнанта Багіна.

Пераехаўшы ў Мінск, Анатоль Міхайлавіч пра-цягнуў сваю дзейнасць, узначаліўшы пошукавую секцыю Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны ваеннай разведкі”. Дзякуючы яму і яго калегам сталі вядомыя імёны дзевяці ваенных разведчыкаў, у пяці з іх адшукалі сваякоў. Зараз Анатоль Міхайлавіч рыхтуе да друку кнігу “Дзеля справядлівасці”. Прымаў актыўны ўдзел у пошуках астанкаў разведчыкаў у Лепельскім раёне. Дзяку-ючы намаганням БГА “Ветэраны ваеннай разведкі” і вайскоўцаў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны атрымалася знайсці рэшткі разведчыкаў членаў першага партызанскага атрада асобага прызначэння, які быў сфарміраваны ў жніўні — верасні 1941 года і непа-срэдна падпарадкоўваўся галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню генеральнага штаба Чырвонай Арміі.

У планах Анатоля Міхайлавіча — падняць і перазахаваць астанкі воінаў, чые імёны яшчэ трэба вярнуць з небыцця. Нам, маладому пакаленню, ёсць кім ганарыцца і ў каго вучыцца сапраўднаму патрыятызму.

ЮК. Кацярына Банько, Сошненская сярэдняя школа Пінскага раёна.

У святле Ліхтара

Слаўны род Ліхтароў паходзіць з вёскі Гоцк. У кожным пакаленні ёсць адданыя сваёй справе людзі, якія дораць святло, нібы ліхтарыкі. У нас іх клічуць Каледзіныя (ад слова “Каляда”) у гонар светлага свята. “Дзеляцца Ліхтары святлом душы і самі радуюцца жыццю”, — кажуць пра іх.

Аляксандр Ільіч Ліхтар — таленавіты мастак, паэт, спявак, майстар на ўсе рукі. Да былога настаўніка часта звяртаецца моладзь. Ён напісаў шмат вершаў, некалькі песень, паэму, прысвечаную старшыні калгаса “Партызанскі край” В. З. Каржу. А тэму ваеннага ліхалецця на Піншчыне Аляксандр Ільіч асэнсаваў у сваёй аповесці “Помста”. Працуючы над ёй, вывучыў шмат архіўных дакументаў пра партызанскі рух на Палессі. Зараз Ільіч піша мемуары аб сваім жыцці і пра аднавяскоўцаў.

Кола яго захапленняў здзіўляе: баяніст, тэхнік-канструктар, былы бібліятэкар і кінамеханік. І гэта яшчэ не ўсё! Найбольш яскрава раскрыўся яго талент як іканапісца.

Пасля карнай аперацыі “Харнунг” у лютым 1943 года ад вёскі Гоцк амаль нічога не засталося, акрамя чатырох закапцелых хат. І калі людзі пачалі будаваць новае жыллё, адчулі патрэбу ў абразах, без якіх і хата не хата. Першых святых хлопец намаляваў алоўкам. Вяскоўцы ацанілі і пачалі прасіць зрабіць ім такіх жа. Атрымалася каля пятнаццаці абразоў. Ну а з акварэльнымі фарбамі справа пайшла лепш. Таленавіты хлопчык выдатна аднаўляў старыя іконы, падмалёўваючы паблеклыя месцы. Было яму тады 8–9 гадоў. А сур’ёзна заняўся гэтым, калі пачаў служыць панамаром у царкве, што была пабудавана ў вёсцы ў 1993 годзе.

Далей адбылася знаёмства з былым Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усея Беларусі. Падчас урачыстасцяў у гонар франтавікоў у Салігорску святар атрымаў у падарунак уласны партрэт, які напісаў наш Ільіч. І з гэтага часу А. І. Ліхтар пачаў пісаць іконы высокага кшталту. На адкрыццё царквы Параскевы Пятніцы, інтэр’ер якой быў распісаны і ўпрыгожаны іконамі, падоранымі храму Ільічом, завітаў Філарэт і асвяціў усе яго работы. Асабліва пахваліў за вобраз Параскевы Пятніцы, імем якой названы храм, і благаславіў: “Вам толькі і працаваць у царкве! Упрыгожвайце яе, пішыце лікі святых! Бласлаўляю Вас! З Богам!”

Аляксандр Ільіч прызнаецца: ствараць вобразы святых цяжка. А іншы раз адчувае нейкую сілу, што кіруе яго рукою. Абразы піша алейнымі фарбамі, па пэўных канонах жывапісу. Аднавяскоўцы дзякуюць яму за іконы, якія даюць сілы, веру, надзею. За адданасць справе Ільіча абралі царкоўным і вясковым старастам.

Сёння Аляксандру Ільічу Ліхтару 84 гады. А ён, няўрымслівы, падцянуты, ладзіць экскурсіі для турыстаў, што наведваюць нашу вёску ў турах выхаднога дня “Запрашаем на Палессе!”, і распавядае пра сваё майстэрства жывапісу. І мабыць за яго службу, мецэнацтва Бог даў яму шанец жыць і пазбавіцца анкалогіі… Бо зярняткі дабра прарас лі магутным дрэвам жыцця ў імя малой радзімы.

ЮК. Валерыя Нікалаевіч, Гоцкі ВПК ДС-СШ Салігорскага раёна.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь