09.12.2019,Понедельник, 01:17
Мы в социальных сетях:
Главная » Малая родина: изучай –– действуй!

Ведаем, шануем, захапляемся

Пад такім дэвізам з сакавіка па кастрычнік “ПВ” ладзіў творчы конкурс “Постаці слаўныя краю майго” ў межах рэспубліканскай акцыі “Я гэты край радзімаю заву”. Школьнікі з усіх куткоў краіны пісалі сачыненні пра славутых землякоў-сучаснікаў. Лепшыя работы юных аўтараў друкаваліся на старонках нашай газеты (“ПВ” №№ 33–44). Наперадзе — узнагароджанне пераможцаў. Хто атрымае дыпломы і падарункі? Хутка даведаемся! А пакуль трымай апошнюю падборку твораў фіналістаў.Наш Панкратавіч Ёсць людзі, якіх усе паважаюць і ганарацца імі. Пётр Панкратавіч Бычкоў — з такіх. Чалавек з вялікай літары, былы старшыня нашага калгаса “Беларусь” (цяпер ААТ “Жарабковічы”). Ён прайшоў вайну і самааддана працаваў у мірны час. Яго любілі ўсе: даяркі, жывёлаводы, чые цяжкія пасляваенныя будні ён імкнуўся аблегчыць.

Аб гэтым я даведалася з успамінаў Надзеі Лук’янаўны Рамановіч (у мінулым загадчыцы Жарабковіцкай МТФ), якія ўвайшлі ў кнігу “Ёсць край такі…” былога настаўніка нашай школы Уладзіміра Міхайлавіча Лаўрэнава і маёй прабабулі Таццяны Максімаўны Рымко. Шафёры, трактарысты дзякавалі Пятру Панкратавічу за абноўлены аўтапарк, які дазваляў апрацоўваць калгасныя землі і атрымліваць высокія ўраджаі. Аб гэтым узгадваюць Мікалай Сільвестравіч Арэшка, Васіль Паўлавіч Ждановіч, Уладзімір Рыгоравіч Штундзер у той жа кнізе.

Наш Панкратавіч! Наш бацька! Надзея Аляксееўна Грамак, з якой я часта сустракаюся ў Жарабковічах (дапамагаю маме разносіць пошту), успамінае, як Бычкоў прыняў яе ў калгас аграномам, як прыслухоўваўся да парад маладога спецыяліста.

Ганна Сяргееўна Несцяровіч, якая ў той час была паляводам, памятае, як старшыня, закасаўшы рукавы, разам з калгаснікамі будаваў дамбу на возеры паміж Жарабковічамі і Зарытавам, выкапаным спецыяльна для патрэб працаўнікоў. Як закладваў парк-сад, каб там маглі адпачыць пасля напружанай працы механізатары. Аднойчы спатрэбілася перасяліць жыхароў з хутароў вёскі Зарытава. Не ўсе былі задаволеныя, але Пётр Бычкоў знаходзіў словы падтрымкі для кожнага. І толькі для Вольгі Барадзіной (Бычковай), галоўнага рэдактара газеты “Ляхавіцкі веснік”, ён быў проста татачкам. Самым любімым, самым дарагім. Яго рэдка бачылі дома, але яны з матуляй і братам ганарыліся бацькавымі заслугамі перад Радзімай. І зараз у сям’і захоўваюцца франтавыя ўзнагароды і адзнакі за стваральную працу ў мірны час — ордэн “Знак Пашаны”, атрыманы ім у 1958 годзе. Калгас “Беларусь” быў неаднаразовым удзельнікам Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, сам Пётр Панкратавіч у 1964 годзе быў узнагаро-джаны сярэбраным медалём ВДНГ. Аб гэтым я даведалася з успамінаў Вольгі Пятроўны, апублікаваных у газеце “Ляхавіцкі веснік” (№ 8 ад 31.01.2018), якую захоўваю як рарытэт.

Заслужаны настаўнік БССР Алена Іванаўна Таранда, былая даярка Валянціна Фёдараўна Ждановіч, узнагароджаная медалём “За працоўную адзнаку”, разам са старшынёй пелі ў калгасным хоры, які звінеў на ўсю ваколіцу.

У 1955 годзе Панкратавіч са сваімі харыстамі прыязджаў у Мінск, дзе быў высока адзначаны кіраўніцтвам рэспублікі. А яшчэ, узгадвае Алена Іванаўна, старшыня быў вельмі сціплым чалавекам. Ніколі не чакаў узнагарод, слоў падзякі. Проста аддаваў сваё сэрца і душу служэнню людзям. Такім наш Панкратавіч застанецца ў памяці аднавяскоўцаў.

ЮК. Вікторыя Кендыш, Жарабковіцкая сярэдняя школа, Ляхавіцкі раён.

Дзедава мара

Мой дзед Аляксей Фёдаравіч Карусевіч — асоба неардынарная. Нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Падаліца на Лепельшчыне. З маленства да глыбокай старасці галоўнай каштоўнасцю лічыў родную вёску, якую ён па памяці адлюстраваў на карце. Пазначыў кожную хату з імёнамі гаспадароў, кожнае поле, лагчынку, пералесак. Я не ведаю іншага чалавека, які з такой пяшчотай і болем распавядаў бы пра сваю малую радзіму. Яго думкі заўсёды там, у Падаліцы. Пахо-джанне назвы дзед тлумачыць так: “У ХVІ стагоддзі ў час Лівонскай вайны на гэтым месце ішла бітва. Шмат людзей злажылі тут свае галовы. Гінулі людзі — “падали лица”.

У лютым 1943-га Падаліцу знішчылі немцы. Жыхароў сагналі ў калгасны хлеў у Казлоўшчыне, дзе яны правялі доўгую і жахлівую ноч. А потым ім загадалі рассяліцца па пустых хатах. Было няўтульна і страшна апынуцца сярод зімы ў чужым месцы. Па начах сямігадовы Лёша марыў аб тым, каб вёска адрадзілася і людзі вярнуліся ў свае дамы. І гэта стала сэнсам яго жыцця.

Пасля вайны хлопчык вывучыўся і атрымаў спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача. Працаваў у Домжарыцах, але хутка вярнуся дамоў. Уладкаваўся ў саўгас “Баброва” галоўным ветурачом. Жыхароў у яго роднай вёсцы станавілася ўсё меней. І хутка яе напаткаў лёс многіх маленькіх вёсачак — яна знікла з карты мясцовасці. У кнізе “Памяць. Лепельскі раён” адзначана, што вёска не існуе з 1997 года, калі яе пакінулі апошнія жыхары.

Як Аляксей Карусевіч перажыў знікненне роднага гнязда? Ён адным з першых на Лепельшчыне стаў фермерам: атрымаў зямлю дзе б вы думалі? Правільна, у Падаліцы. Набыў тэхніку, але кіраваць ёй не здолеў. Дапамог мой тата, які тады якраз скончыў БАТУ: кіраваў трактарам і камбайнам, рамантаваў тэхніку, удасканальваў яе, нават ствараў новыя механізмы. А дзед тым часам імкнуўся захаваць памяць аб вёсцы, аб знакамітых людзях. Звярнуўся ў сельсавет, каб прывезлі вялізныя валуны, і ўсталяваў адзін з іх на ўездзе ў Падаліцу. Другі — у былой вёсцы Гарані, на месцы хаты партызанкі Веры Маргевіч. Аб дзедавых камянях пісалі нават у раённай газеце. Ён лічыць, што вёскі, як людзі, жывуць, пакуль аб іх памятаюць. Летам 2008 года, калі фермерская гаспадарка перастала існаваць, дзед Аляксей сабраў у Падаліцы сваякоў, каб яны развіталіся з вёскай, з бацькоўскай хатай. А яго душа засталася там назаўсёды.

І сёння Аляксею Фёдаравічу няма спакою, бо ў пакінутай вёсцы гаспадараць звяры: дзікі жывуць у бярэзніку, а бабры зрабілі запруду і затапілі адзіную дарогу, што вядзе на могілкі. Кожны год на Раданіцу былыя жыхары сутыкаліся з праблемай: як перабрацца праз забалочаную лагчынку. Зноў за справу ўзяўся дзед. Звярнуўся ў сельскі савет, потым у раённы Савет дэпутатаў. Выдзелілі тэхніку, адрамантавалі дарогу. Як жа ён радаваўся, што змог зрабіць нешта на карысць землякоў… Ці здолею я так любіць сваю зямлю, край, дзе нарадзіўся, — пакажа жыццё.

ЮК. Максім Карусевіч, Старалядненская яслі-сад-базавая школа, Лепельскі раён.

Захавальніца Палесся

Імя Таццяны Аркадзьеўны Хвагінай добра вядома не толькі ў Пінску, але і па-за межамі Беларусі. Пазнаёмімся са славутай жанчынай бліжэй. Таццяна Аркадзьеўна — экскурсавод, краязнаўца, навукоўца, педагог, загадчык навукова-даследчай лабараторыі рэгіянальнага турызму. Амаль сорак гадоў яна прысвяціла развіццю турызму на Палессі. У 1990-х узначаліла Пінскае аддзяленне Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў, арганізавала першы ў краіне семінар па экскурсійнай справе і першы з’езд экскурсаводаў і гідаў перакладчыкаў Беларусі. За гэты час яна падрыхтавала дзясяткі спецыялістаў, распрацавала мноства экскурсійных маршрутаў, выдала шмат кніг, даведнікаў, зрабіўшы Палессе папулярным турыстычным цэнтрам.

Сваю любоў да роднага краю Т. А. Хвагіна выказала ў кнігах “Пінск — чароўная казка Палесся” (2002 г.), “Палессе ад Буга да Убарці” (2005 г.), “Пінскія ваколіцы” (2007 г.). Гэтыя прыгожыя выданні былі прадстаўлены на міжнародных кніжных выставах і знайшлі свайго чытача. Без перабольшвання іх можна назваць шэдэўрамі турыстычнай літаратуры. А яе яскравыя даведнікі-пуцяводнікі “Ад Белавежскай пушчы да Палескіх балот”, “Пинский район: жемчужина Полесья”, “Познай Брестчину”, “Полесские узоры”, “Припятское Полесье” знаёмяць з багатай этнакультурнай спадчынай рэгіёну, садзейнічаюць яго турыстычнай прывабнасці.

Т. А. Хвагіна — аўтар і разработчык экскурсійных маршрутаў “Пинск — город девяти веков”, “По историческому центру Пинска”, “Узоры и песни Полесья”, “Полесский венок”, “По древней Туровской земле”, “Людзі на балоце”, “Пінск — палескі Іерусалім”. Каб прыцягнуць увагу да гісторыі і трагічнага лёсу Пінскай габрэйскай суполкі, яна падрыхтавала кнігі “Холокост на Пинщине” (2007 г.) і “Урок памяти” (2011 г.), распрацавала маршруты па габрэйскай гісторыі рэгіёна, па якіх вандруюць турыстычныя групы з Польшчы, Германіі, Ізраіля і нават з далёкай Аўстраліі.

За сваю плённую працу Таццяна Аркадзьеўна ўзнагароджана шматлікімі граматамі, дыпломамі і падзякамі. Не аднойчы была пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Беларусь”. Яна прызнана лепшым экскурсаводам 2018 года па выніках нацыянальнай турыстычнай прэміі “Пазнай Беларусь”. А яшчэ мая зямлячка піша вершы, сцэнарыі да гарадскіх свят, нарысы, артыкулы. Гэта таленавіты, мэтанакіраваны, крэатыўны чалавек, сэнс жыцця якога — у творчасці. Нядаўна адбылася прэзентацыя новай кнігі Т. Хвагінай “Пінск — палеская легенда”. Нашаму гораду пашчасціла, што тут жыве і працуе неабыякавая да гісторыі роднага краю жанчына. Сваім прыкладам яна вучыць берагчы спадчыну і адкрывае нам ня-зведаныя куточкі Бацькаўшчыны.

ЮК. Данііл Дз’ячок, Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання.

Запрашаюць “Сваякі”!

У маёй памяці паўстае карціна з дзяцінства. У клубе сабраліся аднавяскоўцы. Усе вітаюць адзін аднаго, уладкоўваюцца зручней у мяккіх крэслах. Мне крыху боязна, але вельмі цікава. Паступова знікае святло, наступае цішыня. На сцэне з’яўляюцца постаці людзей у нацыянальных строях. Чую шэпт за спінай: “Сваякі!” Гучыць цудоўная мелодыя, і чароўны голас запаўняе залу…

А пачыналася ўсё ў далёкім 1981 годзе. На сваю малую радзіму вяртаецца ўчарашняя студэнтка Мінскага вучылішча мастацтваў Марыя Белая. І ўладкоўваецца ў вясковы Дом культуры. Далучае да самадзейнасці сваіх бацьку і дзядзьку (адмысловых гарманіста і скрыпача), родную сястру Лілію, якая вызначаецца прыгожым голасам. Паступова ансамбль пашыраецца: у ім выступаюць браты з жонкамі, сёстры, жонка дзядзькі, кум і яго дачка… Усіх аб’ядноўвае любоў да беларускай песні і павага да народных традыцый. Неўзабаве Марыя выходзіць замуж. З гэтага часу яе будуць ведаць як нязменнага кіраўніка сямейнага ансамбля “Сваякі” Марыю Эдуардаўну Бачынскую.

Паступова пашыраўся і рэпертуар калектыву: выконваліся беларускія, рускія і ўкраінскія народныя песні, кампазіцыі вядомых гуртоў і арыгінальныя творы мясцовых аўтараў. Нездарма ў 2001-м да назвы “сямейны ансамбль” дадалі званне “народны”. Акрамя папулярызацыі беларускай народнай песні, “Сваякі” захоўваюць нацыянальныя традыцыі. У Доме культуры аграгарадка Юбілейны пад кіраўніцтвам Марыі Бачынскай створаны музей “Матчына хатка”, дзе прадстаўлены быт сям’і Белых. Цікава зазірнуць у мінулае, даведацца, як жылі продкі, дакрануцца да спадчыны народа.

Выбітны калектыў вядомы сваімі перамогамі ў шматлікіх конкурсах, фестывалях. У 2018 годзе стаў пераможцам праекта “Хата на хату” тэлеканала “Беларусь 3”. Тады ж адбылося святочнае адкрыццё музейнай экспазіцыі “Сцяжынкамі жыцця “Сваякоў”. Тут можна пазнаёміцца са шматлікімі фотаздымкамі ўдзельнікаў з канцэртных выступленняў, узнагародамі калектыву, касцюмамі і музычнымі інструментамі.

Разам з Аленай Станіславаўнай Навіцкай Марыя Эдуардаўна прыняла ўдзел у тэлепраекце “Беларуская кухня”, падчас якога пазнаёміла гледачоў з сакрэтамі прыгатавання страў па традыцыйных беларускіх рэцэптах (бабка па-панску, шышкі, бонда з юшкаю).

За захаванне, развіццё і папулярызацыю сямейнай аматарскай творчасці, арганізацыю і правядзенне фестывалю-конкурсу творчых дынастый “Сваякі запрашаюць” калектыву прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2018 года. Яркія выканаўцы, носьбіты беларускіх традыцый, “Сваякі” з’яўляюцца сапраўдным прыкладам шчырай любові да народнай спадчыны. Дзякуючы іх творчасці імя маёй малой радзімы гучыць далёка за яе межамі.

ЮК. Аляксандра Сурмач, НПК дзіцячы сад-СШ п. Юбілейны, Ваўкавыскі раён.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь