09.04.2020,Четверг, 11:27
Мы в социальных сетях:
Главная » Премьеры, концерты, фестивали

З любоўю да людзей

Ці існуе сапраўднае каханне? Чым вымяраецца сяброўства? Што трымае чалавека на Зямлі? І як дасягнуць зорных вяршынь? Аб гэтым і не толькі “ПВ” пагаварыў з беларускай пісьменніцай Зояй Іванаўнай Падліпскай.

Зоя Падліпская — аўтар шматлікіх публікацый у перыёдыцы, шэрагу асабістых і калектыўных паэтычных зборнікаў. У 2014-м выдала кнігу выбранай паэзіі “Малюся зорам”; у 2019-м — раман-споведзь “Маналог у паўстагоддзя…” . А сёлета на свет з’явілася анталогія “Update”. У гэтым міжнародным праекце Зоя Іванаўна выступіла як перакладчык і пісьменнік.

— Чатыры аўтары з Беларусі, ЗША і Ізраіля аб’ядналіся, каб разабрацца ў тонкасцях чалавечых пачуццяў. І стварылі ўнікальны зборнік прозы. Я з радасцю, але і хваляваннем узялася за гэтую справу. Працаваць з шаснаццацігадовай беларускай літаратаркай Сафіяй Ворса і замежнымі калегамі Вікторыяй Левінай, Ларай Продан — адказная місія. Важна было не толькі якасна перастварыць тэкст з рускай мовы на беларускую, але і абавязкова захаваць і перадаць пачуцці, эмоцыі, якія ўклала кожная пісьменніца ў свой аповед. Тым больш прадметам нашага даследавання сталі такія паняцці, як любоў (у шырокім сэнсе — да сябе, родных, продкаў) і каханне (пачуццё паміж мужчынам і жанчынай). Спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі нам удалося наблізіцца да спасціжэння гэтых вечных каштоўнасцей і данесці свае думкі да чытача.

— Кожны твор анталогіі заснаваны на біяграфічных звестках. Які галоўны ўрок дае чытачам ваша гісторыя?

— На маю думку, любоў да людзей і вера ў сапраўднае каханне — гэта асноўныя стваральныя сілы, якія трымаюць чалавека на Зямлі і дазваляюць яму дасягаць зорных вяршынь. Аб чым і сведчыць мой мастацкі нарыс “Бакавым — на бак, ютавым — на ют!”.

— А памятаеце свае першыя спробы пяра?

— Канешне. Свой дэбютны верш пад назвай “Працаўнік бабёр” я склала ў сем гадоў. У юнацтве ўдзельнічала ў семінарах маладых літаратараў, дзе вядомыя беларускія паэты і празаікі Алесь Пісьмянкоў, Генрых Далідовіч, Галіна Каржанеўская, Леанід Дранько-Майсюк вучылі нас адчуваць слова, шчыраваць над радком…

— Ці паўплывала захапленне вершаскладаннем на выбар прафесіі?

— Так. Хаця працоўную дзейнасць пачала ў дзіцячай паліклініцы як медыцынская сястра, жыццё ўнесла свае карэктывы. Я прайшла шлях ад настаўніка беларускай мовы і літаратуры СШ № 10 імя С. Ф. Рубанава г. Слуцка да галоўнага інспектара ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. З 2009-га па 2019-ы займала пасаду галоўнага рэдактара навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”. Цяпер я дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры.

— За свае прафесійныя поспехі Вы адзначаны нагрудным знакам “Выдатнік друку Беларусі”, медалём Імператарскага ордэна Святой Ганны, Імператарскім ордэнам Святой Вялікапакутніцы Анастасіі Вызваліцельніцы, памятным знакам “У гонар заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”… Адкуль прага да творчасці?

— Думаю, ад роднай зямлі і сям’і. Мне пашчасціла з’явіцца на свет на славутай Случчыне, дзе ў свой час нарадзіліся Міхась Кавыль, Васіль Вітка, Юрка Гаўрук, Мікола Лобан, Алена Васілевіч, Алесь Жук…

Акрамя таго, я вырасла ў адукаванай сям’і: бабуля Арына Адамаўна добра ведала стараславянскую мову, бацька Іван Паўлавіч і старэйшая сястра Ларыса — прысвяцілі жыццё педагогіцы, адна з сясцёр, Таіса, — паэт, журналіст.

— А Вы самі падказалі каму-небудзь шлях у літаратуру?

— Працуючы ў школе, вяла літаратурны гурток “Парасткі”. Цяпер адна з выхаванак, Аляксандра Пшанічная, — аўтар трох раманаў і кнігі паэзіі, а другая, Алена Бабурэвіч, — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Падчас працы ў “Родным слове” раз на два гады ладзілі з калегамі для падлеткаў рэспубліканскі конкурс навукова-даследчых і творчых прац. Найлепшыя публікавалі на старонках нашага

выдання. Дарэчы, так я пазнаёмілася з юным талентам — Сафіяй Ворса: сціплая васьмікласніца стала пераможцаю літаратурнага спаборніцтва. Так пачалося наша сяброўства і творчае супрацоўніцтва.

— Над чым Вы працуеце сёння?

— Як укладальнік працую над кнігай пра жыццёвы і творчы шлях Раісы Баравіковай. Збіраю матэрыялы для кнігі-памяці пра знакамітага даследчыка, пісьменніка Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Паралельна з гэтым перакладаю на рускую мову ўласны раман-споведзь “Маналог у паўстагоддзя…”.

— Каго з айчынных пісьменнікаў Вы параілі б прачытаць падлеткам?

— Каб адчуць асалоду ад беларускага слова і зразумець творчасць сучаснікаў, раю найперш прачытаць раманы Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” і Івана Мележа “Людзі на балоце”, прапусціць праз сэрца кнігу Янкі Сіпакова “Зялёны лісток на планеце Зямля” і раман у вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”.

— Якую параду можаце даць чытачам “ПВ” і тым, хто марыць стаць літаратарам?

— Любіце людзей, шчыра сябруйце, пішыце, чытайце класіку, вучыцеся вершаскладанню ў сапраўдных мэтраў і не саромейцеся паказваць свае тэкставыя замалёўкі бацькам і настаўнікам.

— Дзякуй за цікавую размову. І чакаем ад Вас новых кніг!

Госцю сустракала Анастасія Дзерван, “ПВ”.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь