27.05.2020,Среда, 15:04
Мы в социальных сетях:
Главная » Малая родина: изучай –– действуй!

Пад крыламi музы

Наша зямля завецца вобразна i пяшчотна: Белая Русь, зямля пад белымi крыламi, Сiнявокая, край блакiтных азёр… Таму нядзiўна, што яна з’яўляецца радзiмай для тысяч яскравых талентаў. Сёння наша гаворка — пра паэзiю. Твае аднагодкi распавядуць пра сваiх адораных землякоў — утаймавальнiкаў лiрычнага радка.

Нешта большае

На літаратурным небасхіле Кобрыншчыны не так даўно ўзышла зорачка маёй зямлячкі Наталлі Мікалаеўны Сацуты — члена літаратурнага аб’яднання “Белы бусел”, у якім адточваюць сваё майстэрства мясцовыя аматары слова. Вершы і байкі маладой паэткі, напоўненыя свежасцю ўспрымання навакольнага свету і глыбінёй думкі, ужо палюбіліся шырокаму колу чытачоў. Лірычная гераіня Наталлі Сацуты са шчымлівым сэрцам і трапяткою душой жыве ў чаканні шчасця, ратуецца ад шэрай паўсядзённасці, раствараючыся ў паэтычным радку. Нядаўна ў Наталлi выйшаў другі зборнік вершаў “Рамонкавы пах”, што і паслужыла нагодай для інтэрв’ю.

—Наталля Мікалаеўна, Вы ўмееце радавацца кожнаму імгненню жыцця, бачыць незвычайнае ў звычайным… Здаецца, я ўжо знайшла адказ на пытанне ”Як прыходзяць вершы да чалавека?”. Мусіць, з адчування радасці і шчасця?

— І так, і не. Бывае, з нечаканай сустрэчы з незвычайным чалавекам, які моцна здзіўляе і выклікае захапленне. Іншы раз творы нараджаюцца з ціхага смутку і ад болю. Але больш за ўсё мяне натхняе наша прырода, у якой разліта столькі чар і хараства, гармоніі і гожства, што жыцця не хопіць, каб іх выказаць. А яшчэ калі чую беларускую мову, якую люблю з дзяцінства.

—Наша мова — сапраўды вялікі скарб цяпер ужо сусветнай культуры. Нават Анхела Эспіноса цудоўна піша па-беларуску і выдае кнігі вершаў. Ваш зборнік мае назву “Рамонкавы пах”. Ці не хаваецца ў радках “сціпленькі і крыху гаркавы”, “згубіцца недзе ў лугах, так і не зведаўшы славы” ваша паэтычнае крэда?

— Над гэтым я не задумвалася. Мне проста падабаецца выражаць свае думкі ў вершаванай форме. Так я рэалізую сябе і раблю гэта дзеля душы, якая прагне паэтычнага радка і пакуль не наталяецца.

—Паэзія для Вас — хобі ці нешта большае?

— Хобі, якое перарастае ў больш сур’ёзны занятак. Зараз я рыхтую дзіцячую кніжку з ілюстрацыямі мастака. Пісаць для дзяцей вельмі прыемна: я працую ў дзіцячым садку, і малыя — гэта яшчэ адна мая крыніца натхнення.

—Наталля Мікалаеўна, некалі Вы вучыліся ў Хабовіцкай школе. Што ўспамінаецца з тых гадоў?

— Гэта незабыўныя часіны! У нас быў дружны клас, мы ўсе сябравалі, жылі як адна сям’я. Ладзіліся школьныя вечарыны, піянерскія вогнішчы з песнямі, гульнямі, навагоднія аганькі, лінейкі… Колькі было шчасця, радасці, запалу! Рыхтаваліся, імкнуліся нічога не прапусціць. Мы так марылі…

—Здаецца, што час не ўласны над вашаю душой. Жадаем Вам творчага натхнення і здзяйснення мар!

Яна Яхнавец, Хабовіцкая сярэдняя школа, Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць.

 

Чалавек, якім я ганаруся

Пра маю бабулю Надзею Мікалаеўну Парчук можна гаварыць бясконца, і выключна добрыя словы. Яна не толькі цудоўная і разумная жанчына, таленавіты паэт, але і сумленны, стойкі чалавек з незвычайным лёсам, нязломным характарам.

Нарадзілася бабуля на Піншчыне ў вёсцы Ладараж. Скончыла Ладаражскую сярэднюю школу, затым — Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Пасля доўгі час працавала ў роднай вёсцы ў ашчаднай касе, была на добрым рахунку, аб чым сведчаць шматлікія ганаровыя граматы і падзякі.

У 2000-м бабуля пераехала ў Брэст і цалкам прысвяціла сябе літаратурнай творчасці. Яна піша цудоўныя вершы для дарослых і дзяцей, нарысы, эсэ, водгукі і рэцэнзіі на творы берасцейскіх пісьменнікаў, займаецца рэдакцыйнай дзейнасцю, дапамагае тым, хто спрабуе сябе ў паэзіі. А галоўнае — мая бабуля Надзея мае восем уласных зборнікаў паэзіі, у тым ліку і зборнік для дзяцей “Венерын чаравічак”, актыўна друкуецца ў раённых, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, калектыўных зборніках.

Паэтка Надзея Парчук вядома не толькі на Брэстчыне, але і ва ўсёй Беларусі. Станоўчыя водгукі пра яе творчасць пісалі вядомыя пісьменнікі: Людміла Рублеўская, Леанід Галубовіч, Алесь Карлюкевіч, Анатоль Крэйдзіч…

Нашу школу Надзея Парчук наведала двойчы: у мінулым навучальным го­дзе пісьменніца правяла творчую сустрэчу з вучнямі 7-х—8-х класаў, а ў гэтым упрыгожыла сваімі вершамі мой сола-канцэрт для малодшай школы. Хачу напрыканцы нагадаць вам словы любімай бабулі Надзеі з кнігі “Святло няскоранай душы”:

Дай жа, Бог, нам у радасці жыць,
Твой закон спасцігаць — не ляніцца!..
Каб ніхто не пасмеў чалавецтва згубіць,
Навучы, Божа, верыць і сэрцам любіць
І Табе, Дабрадаўцу, маліцца!..

Аляксандра Лебядзькова, сярэдняя школа № 12 імя К. Л. Губарэвіча, г. Брэст.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь