28.02.2021,Воскресенье, 15:28
Мы в социальных сетях:
Главная » Малая родина: изучай –– действуй!

Лёд. Кветкi. Фантазія

Зiмой усё наваколле белае, таму асабліва прыемна ўзгадаць вясну з яе разнаквеццем. Штогадовая рэспубліканская выстава-конкурс “Лёд. Кветкі. Фантазія” якраз стварае такі настрой! Сёлета ў ёй узялі ўдзел больш за 300 творчых работ у розных намінацыях: сюрпрызныя заданнi “Букет для Дзеда Мароза” i “Настольная кампазіцыя “Напярэдадні Калядаў”; фларыстычная елка “Новы погляд”; фларыстычны калаж “Знакі задыяку”; інтэр’ернае пано “Фантазіі фларыста”… Нагледзеўшыся на зробленую рукамі рабят прыгажосць, журы вызначыла пераможцаў. У іх лік трапіла і Антаніна Крупская, навучэнка ДУА “Палац дзяцей і моладзі “Золак” г. Мінска”. З гэтай нагоды “Ра” пагутарыла з уладальнiцай дыплома Мiнiстэрства адукацыi I ступенi і педагогам Тамарай Мiхайлаўнай Горбаль, кiраўнiком аб’яднання па iнтарэсах “Фларыстыка. Натхненне”.

—Тамара Мiхайлаўна, кветкi зараз дарагія, ды i растуць не круглы год.  Як  вы  працуеце  зiмой?

— Мы выкарыстоўваем не толькi жывыя расліны — злетку нарыхтоўваем лiсцiкi, пялёсткi. Сёння фларыстыка — вельмi шырокi напрамак работы, дзе патрэбны не толькi раслiнны матэрыял. Мы часта прыстасоўваем для працы побытавыя адходы: пластык, вечкі, слоічкі, вяровачкі, рознакаляровую паперу i г.д.

—Цi шмат матэрыялу ідзе на адну работу?

— Усё залежыць ад маштабу. Напрыклад, работа “Знакi задыяку” мае памер 50Х60 см. Звычайна мы выкладваем матэрыял у адзiн, рэдка — два слаi. Таму яго патрэбна няшмат.

Справа ў тым, каб мець выбар: кожны лiст мае асаблiвае адценне, непаўторныя пераходы колеру, якiя трэба гарманiчна спалучыць памiж сабой. Чым больш варыянтаў, тым лягчэй падабраць неабходны каляровы нюанс.

—Чаму вырабы з натуральных матэрыялаў атрымлiваюцца не вельмi яркiмi?

— Пры высушваннi кветкi i лiсты страчваюць свой колер, робяцца карычневымi. Прычым вынік залежыць ад мноства фактараў: калi сабраны кветкi, ранiцай цi ўвечары, у якую пару года і ў якіх умовах засушвалiся. Напрыклад, валошкi могуць захаваць свой блакiтны колер, ці набыць адценне кавы, у залежнасцi ад таго, у кнiзе цi памiж газетнымi старонкамі iх засушыць. Гэта непрадказальна. Да таго ж з цягам часу кампазiцыi з прыродных матэрыялаў трэба рэстаўрыраваць. Пялёсткi хутчэй страчваюць яркасць, лiсты больш устойлiвыя. Грыбы, якiя мы збiраем з дрэў, маюць уласцiвасць трухлявець, скарынкi апельсiна i лiмона псуюцца, страчваюць празрыстасць i яркасць — усе гэтыя часткi трэба паднаўляць, калi хочаш захаваць выраб у першапачатковым выгля­дзе. Па гэтай прычыне працы з натуральных матэрыялаў рэдка выстаўляюцца на продаж. Кампазіцыі з побытавых адходаў (фанцiкаў, слоiкаў) захоўваюцца значна даўжэй, з iмi лёгка працаваць:  не  баiшся  зламаць  цi  пашкодзiць.

—Антанiна, а табе з чым больш падабаецца працаваць?

— У залежнасцi ад мэты. Больш за ўсё — з цукеркамi, калi кампазіцыя не вельмi аб’ёмная, iх i з’есцi можна, а ў абгорткi закруцiць нешта менш мiлае сэрцу. Нядаўна мы рабiлi блiскучыя кветкi з дыскаў — атрымалася цудоўна!

—Фларыстыка — справа кар­пат­лiвая. Ты  цярплiвы  чалавек?

— Так, я магу доўга выконваць адну справу, у дзяцiнстве гадзiнамi ляпiла з пластылiну. Я колькi сябе помню захапляюся дэкаратыўна-прыкладной творчасцю: бiсерам, дэкупажам, цяпер фларыстыкай. Цярплiвасць i стараннасць у мяне ў крывi. Але, калi нешта не  атрымлiваецца,  я  здольная  раззлавацца.

—Цi шмат часу ты рабіла “Знакi задыяку”?

— Адразу мы з маiм кiраўнiком вызначылiся з тэмай, кампазiцыяй, эскiзам, матэрыялам, каб усё выглядала гарманiчна. На працягу тыдня  я  прыходзiла  на  заняткi  i  пакрыху  рабiла.

—Ці залежыць якасць тваіх вырабаў ад настрою?

— З кепскiмі думкамі не ўзнікае жадання нешта ствараць… Хутчэй, наадварот: калi мне хораша, радасна, раптам хочацца зляпiць снегавiка, маляваць на снезе, зрабiць падарунак маме, сяброўцы…

—А для таты ты ўжо паспела зрабіць модны  сёння  каўбасны  букет?

— Была такая думка, пакуль не здзейснілася, але  ўсё  яшчэ  наперадзе!

Гутарыла  Вiталiна  Несцяровiч.

Дакрануцца да скарба

Старадаўнія сямейныя рэчы, якiя некалi былi звычайнымi, штодзённымi, з цягам часу набываюць асаблівае значэнне. Іх трымалi ў руках нашы прабабулi і прадзядулі.
Цi гэта не цуд — дакрануцца да іншай эпохі і адчуць подых мінуўшчыны?

Пра самую дарагую кнігу

Ціха тахкаюць колы цягніка, ён імчыць мяне далёка, усё больш аддаляючы ад родных мясцін. Вось паўз акенца прабеглі маладзенькія бярозкі, а потым імкліва пранесліся волаты-дубы, за імі сіняй стужкай прамільгнула рачулка. І так захацелася спыніцца, крыху пастаяць, адчуць гэты знаёмы з дзяцінства лагодны ветрык… Але цягнік не спыняецца і імчыць усё далей і далей.

У гэтыя канікулы, як і заўсёды, я прыехала да сваёй бабулі Ірыны. Яе вочы, поўныя пяшчоты, заўсёды так лагодна ўсміхаюцца. Я штогод вяртаюся ў вёску, каб яшчэ раз адчуць бабулiну бясконцую любоў і дабрыню. У адзін з такіх бесклапотных дзён, калi не трэба нi вучыць урокi, нi ўспамiнаць пра школу, я прыйшла ў пакой да бабулі. Яна нешта перабірала ў сваёй скрыні.

— Што ты робіш, бабулечка?

— А вось, Аленка, трэба навесці парадак. Колькі часу збіралася, і ўсё нешта перашка­джала, — засмяялася бабуля Ірына і пачала даставаць хустку з нейкімі паперамі.

— Што гэта за архіў?

— Мая даражэнькая, гэта даўно трэба было спаліць у грубцы.

— Не, не трэба. Аддай мне. Можа, будзе карысць.

Бабуля працягнула мне стос папер у хустцы.

— Трымай. А я пайду, шмат чаго трэба зрабіць.

Калі я засталася ў пакоі адна, развязала хустку і…

Гэта быў сапраўдны скарб. Перада мной ляжала першае выданне беларускіх народных казак на роднай мове. Многія лісты даўно згубіліся, папера зрабілася жоўтай. Былі яшчэ такія старонкі, што нават літар немагчыма было разабраць. Вельмі старая кніга.

Прыйшла бабуля. У мяне ўзнікла столькі пытанняў да яе!

— Бабулечка,  адкуль у цябе з’явілася гэтая кніга? Паглядзі, нават і вокладка не захавалася, а старонкі ёсць. Такое адчуванне, што нехта хацеў спаліць яе.

— Ах, Аленка. Гэта мой бацька яе некалі прывёз з кірмашу. Я тады малая была, насіла гэтую кнігу ўсюды за сабой. Чытаць навучылася, напэўна, па ёй, бо так хацелася даведацца, пра што там распавядаецца… А потым пачалася вайна. Бацька пайшоў ваяваць супраць фашыстаў, так і не вярнуўся, загінуў.

Жылі мы ў гэтай вёсцы, толькі хата наша стаяла каля лесу. Прыходзілі да нас партызаны па хлеб, які пякла для іх мая маці. Потым у вёсцы з’явіліся карнікі. Матуля схапіла нас з братам і сказала, каб бяжалі ў лес… Рухаліся мы моўчкі, а я трымала ў руках сваю кнігу казак.

Далей было жыццё ў партызанскім атрадзе. Аднойчы мой брат Іван узяў мае казкі, хацеў пачытаць каля вогнішча і выпадкова падпаліў кнігу. Добра, што я паспела выхапіць яе з полымя. Некалькі старонак згарэлі, але ж не ўся. Так і пранесла я свой скарб праз усю вайну…

Прайшоў час. Думала, што згубіла свае казкі пры пераездзе ў новую хату. А вось, бачыш, яны столькі праляжалi ў гэтай скрыні…

Вельмі хутка скончыліся канікулы. Трэба было ехаць дамоў. Мы з бацькам кожны вечар складвалі вельмі акуратна старонку да старонкі, як калісьці ў старадаўняй друкарні невядомыя майстры… Тата зрабіў новую вокладку.

І вось у адзін з вечароў на маім стале я ўбачыла новую кнігу беларускіх народных казак. Возьмеш яе ў рукі, i адразу ўзнікае пачуццё замілаванасці. Угледзішся ў зялёны колер вокладкі, і ўяўляеш беларускія неабсяжныя палі, на якіх пакуль што нясмела ўзыходзіць, а потым набірае сілу рунь…

Гэтая кніга — самы дарагі скарб, у ёй дух і сіла майго народу, яго мары і надзеі, яго веліч і спакой.

Карына Шагава, ДУА “Рэчкаўская сярэдняя школа Магілёўскага раёна”.

Кукурузка з гісторыяй

Напэўна ўсе даўно распранулi навагоднюю ёлачку, схавалi рознакаляровыя цацкi ў куфар да наступнага года. А я заўсёды адцягваю гэтую справу. Не толькi таму, што не жадаю развiтвацца са святам i атмасферай канiкул. Справа ў самiх навагоднiх упрыгожаннях — яны сапраўдны скарб. З любым з iх звязана непаўторная гісторыя. Пачуць яе можна, калі возьмеш шарык і патрымаеш яго крыху ў руках.

У нашай сямейнай навагодняй скрыні захоўваюцца шарыкі, жывёлы, ліхтарыкі, прывезеныя з розных краін падчас вандровак. Але ёсць адна цацка, старэнькая і непрыкметная, якая кранае за самае сэрца… Маленькая кукурузка, крыху падзёртая з бакоў, — гэта гарачае прывітанне ад нашай прабабулі Аляксандры, якая ўжо памерла.

Колісь яна ўспамінала, што ў пасляваенны час у хатах замест свежай зялёнай ялінкі ставілі сухое дрэўца і ўпрыгожвалі яго. У ваенныя гады тэматыка елачных цацак змянілася. У той час выраблялі самалёцікі, пушкі, фігуркі ў выглядзе салдацікаў і санітарак. Такія цацкі да нас, на жаль, не дайшлі.

Але і пра нашу кукурузку бабуля тожа мела што расказаць. Цацка гэта — адгалосак эпохі Мікіты Хрушчова, які кіраваў савецкай краінай у 1953–1964 гадах. Менавіта тады пачалі выпускаць упрыгожанні ў выглядзе садавіны і гародніны. Мандарыны былі экзотыкай, але на ялінках цытрусавыя абавязкова віселі. Па словах нашай прабабулі, штучныя ле­дзяшы і кукурузкі — гэта сімвалы хрушчоўскіх часоў, так званага пацяплення, калі кукурузу высявалі ўсюды.

Кажуць, што мода на навагоднiя ўпрыгожаннi паўтараецца кожныя чатыры гады, таму старыя можна проста складваць у каробку і чакаць, калі яны зноўку стануць актуальнымі… Але насамрэч яны не губляюць сваёй каштоўнасцi нiколi: кожная цацка на ялінцы — гэта маленькi цуд, у якi так хочацца верыць штодня…

Аляксей Сохан, ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Масты”.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Comments are closed.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь