З любоўю да мовы
На першы погляд Дар’я Жылінская — звычайная дзяўчына. Але пазнаёміўшыся бліжэй, разумееш, якая яна разумная! Адзінаццацікласніца Дзяржынскай гімназіі № 1,
акрамя таго што выдатна вучыцца, паспяхова ўдзельнічае ў навуковых канферэнцыях. Як толькі ўсё паспявае?
Сярод апошніх дасягненняў таленавітай гімназісткі — дыплом 2-й ступені абласнога этапа алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, які яна атрымала ў студзені. Зараз Даша рыхтуецца да рэспубліканскага этапа — выпрабаванне запланавана на 29 сакавіка.
— Раскажы, а даўно ты спаборнічаеш у алімпіядах? Ці не напаткала цяжкасцяў ў гэтым годзе?
— Я з трэцяга класа прымаю ўдзел у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Пачала рыхтавацца да іх з 9 гадоў. Кожны раз складальнікі прыдумваюць новыя цікавыя заданні. Здаецца, яны яшчэ ні разу не паўтараліся. У гэтым годзе рыхтавацца было цяжэй, чым у мінулых. Па-першае, пандэмія. З-за вірусу нельга было сустракацца з выкладчыцай так часта, як хацелася. Але мы вырашылі праблему: займаліся па відэасувязі. Хочацца выказаць шчырую падзяку маёй любімай настаўніцы, чалавеку з вялікай літары — Алене Чаславаўне Сяліцкай. Яна прывіла мне любоў да роднай мовы і літаратуры, штогод рыхтуе да алімпіяд і канферэнцый! Па-другое, адчуваецца і вялікая нагрузка ў гімназіі.
Трэба зрабіць дамашнюю работу, рыхтавацца да экзаменаў з рэпетытарамі ды яшчэ прарашаць тэсты для падрыхтоўкі да ЦТ. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, я паказала годныя вынікі на абласным этапе алімпіяды.
— Дапамагае табе вопыт, што атрымліваеш на інтэлектуальных спаборніцтвах?
— Канешне. Раней я вельмі хвалявалася і нервавалася на ўсіх конкурсах. А зараз успрымаю гэта як адно з выпрабаванняў, якіх у жыцці будзе шмат. Вопыт удзелу ў спаборніцтвах сфарміраваў у мяне стрэсаўстойлівасць. На маю думку, гэта вельмі спатрэбіцца на школьных экзаменах. Таксама алімпіяды развіваюць памяць і логіку. Заняткі беларускай мовай дапамаглі папоўніць слоўнікавы запас. Зараз я з лёгкасцю пішу дыктоўкі, сачыненні і пераказы.
— Ты кожны год імкнешся патрапіць на алімпіяду. Чаму?
— З радасцю чакаю гэтай падзеі. Пасля выканання заданняў аналізую іх, разважаю над тымі, якія выклікалі цяжкасці. Так разумею, якія тэмы трэба паўтарыць. І мне становіцца прыемна ад думкі, што кожны год атрымліваю новыя веды. Акрамя гэтага, мне вельмі падабаецца атмасфера на трэцім этапе. Ты прыязджаеш туды і праводзіш ночы, паўтараючы ўвесь матэрыял. А пасля разумееш: усё не дарэмна. Да таго ж на “вобласці” існуе магчымасць пазнаёміцца з рознымі цікавымі людзьмі, знайсці аднадумцаў, якія становяцца сябрамі. Мы маем добрыя зносіны і па-за межамі спаборніцтваў. З некаторымі я падтрымліваю сувязь у сацыяльных сетках і сёння.
— Зараз ты рыхтуешся да рэспубліканскага этапа. Як усё адбываецца?
— Я ўжо была на зборах, якія праходзілі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Туды з’ехаліся лепшыя з лепшых школьнікаў. Кожны дзень мы спасцігалі нешта новае. Але і паўтараць вывучанае не забывалі. Таксама мне спадабаўся сам настрой. Тут усе думалі толькі пра алімпіяду, і нават узгадваць пра іншыя рэчы не хацелася. Гэта быў прадуктыўны час. Не магу дачакацца наступных збораў!
— Раскажы пра свой удзел у канферэнцыях. Чым яны адрозніваюцца ад алімпіяд?
— Я пачала прымаць удзел у канферэнцыях з сёмага класа. На маём рахунку — абласны і міжнародны ўзроўні. Мне вельмі падабаецца працэс пошуку і падбору матэрыялу. У гэтым заўсёды дапамагае Алена Чаславаўна. Зараз у маёй скарбонцы пяць прац. Чатыры — на беларускай мове і адна на рускай. Напрыклад, у “Хранатопе “Вянка” я прааналізавала паэзію Максіма Багдановіча. У вершах Багдановіч апісвае зімовую ці асеннюю ноч або вечар, і дзеянне найчасцей адбываецца ля возера ў лесе ці на палявой дарозе. А праз ужыванне вобразаў-сімвалаў самотных зорак і месяца падкрэсліваецца трагізм лёсу аўтара. Вядома, што паэт хварэў на сухоты. Ці вось яшчэ прыклад: у мінулым годзе я праглядала часопіс пра касметыку і заўважыла, што назвы зусім не супадаюць з колерам тавараў. Я пагаварыла з настаўніцай, і мы вырашылі правесці даследчую працу. Як вынік, магу адзначыць, што каталогі перапоўнены штучна створанай лексікай, а некаторыя колеры ўвогуле не вызываюць ніякіх асацыяцый у чытачоў… Канферэнцыі як і алімпіяда. Ты ніколі не ведаеш наперад, што там можа адбыцца. Але на канферэнцыях журы задае пытанні па тваёй працы. Аднойчы мяне запыталі пра тое, да чаго я не была падрыхтавана. Але я не апусціла рукі і, успомніўшы ўсё, што ведаю, паспяхова адказала.
— Кім ты хочаш стаць у будучыні?
— Раней думала звязаць жыццё з лінгвістыкай. Гэтаму паспрыяла мая любоў да роднай мовы. Але ў восьмым класе вырашыла пайсці ўслед за сваім братам і стаць менеджарам-эканамістам. Тым больш што ў нашым родзе эканамістаў шмат.
— Што можаш параіць хлопцам і дзяўчатам, якія збіраюцца ўдзельнічаць у алімпіядзе ўпершыню?
— Вы павінны старанна папрацаваць. Не трэба хвалявацца, бо тыя веды, якія вы атрымалі раней, абавязкова дапамогуць. Успрымайце спаборніцтвы як добрую падзею ў жыцці. Трэба атрымліваць задавальненне ад таго, чым вы займаецеся. У вас усё атрымаецца. Жадаю вам поспехаў!
А мы жадаем поспехаў Дашы, няхай спраўдзяцца ўсе яе мары!
ЮК. Паліна Бабук, г. Мар’іна Горка.
Анатомію поспеху вывучае Ганна Каралевіч, “ПВ”.