01.10.2020,Четверг, 15:49
Мы в социальных сетях:
Главная » Наш герой і яго дружына

Наш герой і яго дружына

У вёсцы Суша стаіць на ўзгорку будынак былой школы. Сюды я хадзіла ў дзіцячы садок, скончыла тры пачатковыя класы. Кажуць, сніцца тое, чаго не хапае. Вось і я часта бачу ў мроях сваю школу. Але паблукаць па яе калідорах нельга, бо цяпер гэта прыватная ўласнасць…

І я звярнулася да тых, хто тут вучыўся і настаўнічаў: Валянціны Ісакаўны Скакун, Марыі Карпаўны Лабанок, Веры Дзмітрыеўны Паповіч, Мікалая Сцяпанавіча Скакуна, Ліліі Арцёмаўны Варошкі…

Дружына Сушанскай васьмігадовай школы ў 1970—1980 гады насіла імя Героя Савецкага Саюза Паўла Уладзіміравіча Ялугіна, які нарадзіўся ў вёсцы Янава на Лепельшчыне. Ён часта наведваўся ў Сушу да роднай сястры і заўсёды завітваў у школу. Кожны вучань быў асабіста знаёмы з ім. Таму Паўла Уладзіміравіча так і называлі: наш герой.

Прыехаць з Масквы, каб павіншаваць з уступленнем у піянеры, сказаць слова на дарогу выпускнікам, разам зладзіць паход — на ўсё знаходзіў час Павел Уладзіміравіч. Вось чаму на фотаздымках побач з рабятамі і настаўнікамі — гэты паважаны чалавек.

А яшчэ ўсёй дружынай штогод афармлялі альбом — своеасаблівую справаздачу пра сваю дзейнасць. Уявіце іх колькасць! Лілія Арцёмаўна Варошка (былая старэйшая піянерважатая) расказвае, што яны займалі цэлую шафу!

У піянерскім пакоі ёсць стэнд, прысвечаны П.У. Ялугіну, і амаль кожны вучань мог расказаць пра героя. А як жа інакш? Ён жа наш, мясцовы. Вось на здымку экскурсію праводзіць звеннявая акцябрацкай зорачкі (цяпер — важатая) Людміла Сцяпанаўна Варошка.

Звычайна прыём у піянеры праходзіў у красавіку — маі, калі ўжо было цёпла, бо гэта свята для ўсёй вёскі. На ўрачыстую лінейку збіралася шмат жыхароў. А пасля рабяты, якім толькі што павязалі чырвоныя гальштукі, садзілі дрэўцы. Яны і зараз стаяць роўнымі радамі вакол школы і стадыёна.

Традыцый у дружыны многа. Гэта і дзень нараджэння героя, і паходы партызанскімі сцежкамі, і сустрэча з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, і догляд брацкай магілы ў Сушы. Піянеры дапамаглі знайсці родных лётчыка Мацвеева, які загінуў у баях ля вёскі. Заўсёды на свята Перамогі з розных куткоў Савецкага Саюза прыязджалі родныя пахаваных тут воінаў.

У 1990-м П.У. Ялугін памёр. Піянеры праводзілі героя ў апошні шлях. І зараз былыя школьнікі даглядаюць яго магілу разам з рабятамі дружыны імя Веры Аляксандраўны Маргевіч Баброўскай школы, дзе з чацвёртага класа вучуся і я.

Ёсць свае традыцыі і ў Баброве. Яны таксама цікавыя. Але мне бліжэй усё ж сушанскія.

Яна Паповіч, Баброўская дзіцячы сад-сярэдняя школа, Лепельскі раён, Віцебская вобласць.

 

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь