01.10.2020,Четверг, 16:33
Мы в социальных сетях:
Главная » Слава Вярэйкаўскай школы

Слава Вярэйкаўскай школы

Слаўныя старонкі гісторыі піянерскай дружыны Вярэйкаўскай сярэдняй школы, дзверы якой адчыніліся ў верасні 1939 года, бяруць пачатак пасля Вялікай Айчыннай вайны: у 1944-м тут зноў зазвінелі дзіцячыя галасы, а ў 1948-м адбыўся першы выпуск. У гэты час і ўзнікла піянерская дружына. У 1952-м школа набыла статус сярэдняй агульнаадукацыйнай, а дружына — імя Алега Кашавога. У 1962 годзе ў яе радах ужо налічвалася 200 піянераў (8 атрадаў) і 87 акцябрат (3 групы). Рабяты дапамагалі сем’ям загінуўшых салдат, ветэранам.

Адметная дата — 20 студзеня 1964-га — урачыстае адкрыццё новага будынка. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, дырэктар саўгаса “Ваўкавыскі” Ілья Іванавіч Сушчэня перарэзаў чырвоную стужку. Мітынг распачаў дырэктар школы Павел Паўлавіч Якута, выказаўшы ўдзячнасць Савецкаму ўраду за цудоўны падарунак. А ў 1965 годзе піянеры і камсамольцы заклалі сад у гонар 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За добрасумленную працу атрымалі паездку ў Брэсцкую крэпасць-герой.

У 1982-м Вярэйкаўскую школу наведаў Герой Савецкага Саюза, палкоўнік Іван Данілавіч Лебедзеў, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, “За вызваленне Балгарыі”, “За абарону Ленінграда”…

А ў 1989-м дружыне прысвоілі імя Ніны Ільінічны Хомка. Яе сям’я жыла ў вёсцы Гудзевічы. Яшчэ перад вайной старшыня калгаса (муж Нінінай цёткі) набыў сцяг і хацеў уручыць яго піянерам пасля канікулаў, але прыйшлі фашысты. Ніна Ільінічна ўспамінае: “Неяк пачула размову дарослых: што рабіць са сцягам? Вырашылі схаваць. Я папрасіла маці даручыць справу мне. Усе ведалі, што за гэта сям’ю могуць расстраляць, але згадзіліся. Я зашыла сцяг у матрас малодшай сястрычкі. Аднойчы падчас вобыску фашысты звярнулі ўвагу на ложак. А калі знойдуць? Страх агарнуў усіх. Але бяда мінула, і я перахавала сцяг на гарышчы”. У ліпені 44-га дзеці Гудзевіцкай школы зноў селі за парты. Ніну абралі старшынёй піянерскай дружыны, куды яна 7 лістапада і прынесла выратаваны сцяг. А ў чэрвені 1945-га рэліквію перадалі ў Гродзенскі гісто­рыка-археалагічны музей, дзе і знаходзіцца дагэтуль. Ніна Ільінічна ўзнагароджана медалём “За адвагу”, доўгі час працавала настаўніцай у Вярэйкаўскай сярэдняй школе. Была ганаровым членам Батальёна беларускіх арлянят… Яе імя і зараз носіць наша піянерская дружына, і горда лунае над намі яе сцяг!

Ангеліна Якубчык, Вярэйкаўская СШ.

 

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь