01.10.2020,Четверг, 15:55
Мы в социальных сетях:
Главная » Раўненне на дзядулю

Раўненне на дзядулю

Мне сёння вельмі радасна! Я еду ў любімую Башкіраўку — невяліч­кую вёску ў Шклоўскім раёне Магілёўшчыны. Восень… Залатое лісце сустракаецца то з празрыстым дожджыкам, то з бялюткім сняжком. А на душы цёпла, бо хутка ўбачу самых блізкіх людзей! У Башкіраўцы жывуць мае бабуля і дзядуля — Таццяна Леанідаўна і Мікалай Якаў­левіч Жарыкавы, а таксама прабабуля Еўдакія Паўлаўна Забабоніна.

…У прыўзнятым настроі іду па вуліцы. Вось і родная хата. Яе відаць здалёк, бо на веснічках прымацавана шыльдачка “Тут жыве ветэран”: Еўдакія Паўлаўна — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Яна была і партызанкай, і медсястрой на фронце.

Снеданне… Мы сядзім за круглым сталом, які засланы абрусам з карункамі. А на беленькіх талерках, нібы сонейкі, ззяюць залацістыя сырнікі — любімая страва бабулі. Нам цёпла і ўтульна. Мы размаўляем на розныя тэмы. Я расказваю ўсе свае навіны: пра вучобу, сяброў… А яшчэ — пра свята “Фестываль талентаў”, якое адбылося ў піянерскай дружыне. Чакаю пытанняў ад дзядулі, бо ён заўсёды задае іх. Але зараз задумліва маўчыць… А потым ціхенька кажа: “Ведаеш, Ганначка, я таксама насіў чырвоны гальштук! І сваё піянерскае дзяцінства ўспамінаю з вялікай цеплынёй…” Цікаўлюся: “Дзядуля, раскажы!” Ён пачынае аповед:

— Паслухай, унучка, табе раскажу
Пра тое, што ў сэрцы сваім берагу.
Пра тое, што помніць я буду заўжды,
Пра тыя мае маладыя гады.
Лінейка… Дружына… І клятва гучыць…
І гальштук чырвоны на шыі гарыць!
І радасцю сэрца напоўнена зноў,
І шчасце ў вачах у маіх, у сяброў!
І шмат было момантаў добрых такіх!
Я прыкладам быў для ўсіх вучняў малых…
Я добра вучыўся, пасля працаваў,
І вось камандзірам атрада я стаў.
Мы важныя справы рабілі тады,
Вучыцца стараліся мы, як маглі.
Мы шмат працавалі, любілі чытаць
І шчыра ўмелі заўжды сябраваць!
“Цімураўцам” кожны хацеў тады быць,
Каб подзвіг салдат на вайне не забыць!
Мы разам хадзілі старых даглядаць,
Ім хлеба прынесці, у хаце прыбраць.
Мы ўсіх паважалі, рабілі дабро,
У нашым жыцці так патрэбна яно!
Дзяцінства сваё немагчыма забыць,
У сэрцы заўсёды яно будзе жыць!
Я помню… Аднойчы ў школу ішлі…
У класе ў восьмым тады мы былі…
На вуліцы восень… Бліжэй да зімы…
І на ўрокі спяшаліся мы.
Ды раптам на ферме крычаць пачалі:
Цялят перагнаць у хлявы не змаглі.
Цяляты пабеглі ўніз, да вады,
Хвіліна — і лёд праламалі яны…
Вакол хваляванне… Ды мы не крычым —
Да возера шпарка з сябрамі бяжым.
І хутка кідаем усе рэчы свае…
І вось мы ўжо ля цялят… у вадзе…
Дарослыя хутка бягуць у ваду,
Усе разам ратуем, адводзім бяду!
І цягнем цялят з той халоднай вады,
А потым хутчэй іх вядзём у хлявы…
У школе сказалі: “Героі хлапцы!
Вы мужныя, смелыя! Вы малайцы!”
А ганарыліся вельмі тады,
Што не спужаліся льда і вады!
…Такое, унучка, дзяцінства было…
Заўжды застанецца са мною яно…
І я ганаруся, што я піянер,
Сябе маладым адчуваю цяпер!

Дзядуля ўсміхаецца. А я разважаю пра жыццё. Ідуць гады… Але ідэі дабра, справядлівасці, узаемадапамогі застаюцца! Абдымаю яго: “Мы з табой піянеры! Я буду старацца быць такой, як ты! Каб быць сапраўдным чалавекам!”

…На тварах бабулі Таццяны і прабабулі Еўдакіі шчырыя ўсмешкі. І я адчуваю цяпло на душы. А аповед дзядулі будзе натхняць мяне на добрыя справы, так патрэбныя людзям сёння!

Ганна Жарыкава, СШ № 15 г. Магілёва імя Тані Карпінскай.

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь