16.05.2021,Воскресенье, 04:42
Мы в социальных сетях:
Главная » Архив

Прачніся… і спявай!

ng-press_top_zr“Звонкая раніца” — праект, якога тысячы беларусаў штогод чакаюць з захапленнем і хваляваннем. Нехта марыць трапіць у НДЦ “Зубраня”, каб атрымаць каштоўныя веды ад высокакваліфікаваных педагогаў, некаторыя радасна паціраюць далоні, каб падтрымаць канкурэнтаў “гэтай зануды Іркі” і пакінуць ёй на памяць шэраг непрыхільных каментаў, а хтосьці шчыра хварэе за сваіх! Такім няхітрым чынам “ЗР” робіцца лепшым сябрам для кожнага. Але, на жаль, усё добрае мае ўласцівасць заканчвацца, і наш праект таксама падышоў да завяршэння. Запрашаем успомніць цудоўныя моманты творчага сяброўства і даведацца імёны сёлетніх пераможцаў.

Успомніць усё!

Конкурс юных вакалістаў “Звонкая раніца”, арганізатарамі якога з’яўляюцца ўстанова “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” і Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, праходзіць ужо пяты раз. Ён дае магчымасць таленавітым падлеткам з усёй Беларусі паказаць свае здольнасці, павысіць выканаўчыя навыкі, паўдзельнічаць у майстар-класах вядомых артыстаў і весела бавіць час у лепшым дзіцячым лагеры Беларусі. Для самых здольных гучаць апладысменты і пасля завяршэння конкурсу — іх запрашаюць на найбуйнейшыя канцэртныя пляцоўкі краіны: святкаванне Дня Незалежнасці ў Мінску, выступленні на Днях пісьменнасці, якія ўжо сталі добрай традыцыяй “Звонкай раніцы”. Нядзіўна, што з кожным годам колькасць жадаючых трапіць на кастынгі “ЗР” расце, а геаграфія робіцца ўсё больш разнастайнай. Напрыклад, сёлета ў адборачных турах, якія прайшлі ў 12 гарадах краіны, удзельнічалі амаль 400 чалавек. Па выніках папярэдняга адбору, у фінале апынуліся 39 прадстаўнікоў з 25 раёнаў Беларусі. А некаторым рабятам пашчасціла прыехаць у НДЦ “Зубраня” на правах членаў прэс-групы! Яны былі не менш заняты: стваралі відэадзённікі, праводзілі фотасесіі, працавалі аператарамі і вядучымі канцэртаў, пісалі артыкулы.

Урокі, урокі і яшчэ раз урокі!

Жыццё ў “Зубраняці”, калі туды прыязджае “Звонкая раніца”, мяняецца: пакоі напаўняюцца спевамі, кіпіць рэпетыцыйны рух, адзін за адным праводзяцца майстар-класы. А калі калектыў падбіраецца такі, як у гэтым годзе — кантактны, творчы, шумны і дружны, атмасфера ў НДЦ становіцца і ўвогуле па-добраму вар’яцкай. Дадае жару нязменны прадзюсар “Звонкай раніцы” Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў, які каго хочаш прымусіць працаваць да сёмага поту без усялякіх пернікаў і падпруг… Адным сваім станоўчым прыкладам.

Пасля традыцыйных урокаў па школьнай праграме рабяты бягуць да настаўнікаў па вакале, харэаграфіі,
сцэнічным маўленні і руху. Самыя адказныя для канкурсантаў — заняткі па вакале. Правіла “свежага вока”
датычыцца ўсіх выпадкаў — слых таксама можа “замыльвацца”. Таму новы педагог, які валодае належнай
кваліфікацыяй, здольны прынесці “дадатковыя ноткі” ў «гучанне» вучня. Зразумела, акрамя важнасці пастаяннай працы над сваім майстэрствам, азартным аматарам спеваў нагадваюць, што з “працоўным
інструментам” трэба абыходзіцца гэтак жа асцярожна, як з фарфоравай вазай эпохі Мінь, і нават яшчэ
далікатней. Таму праводзяцца заняткі па гігіене голасу, дзе канкурсанты даведваюцца, як правільна
яго даглядаць і чаму перад выступленнем нельга есці шакалад, арэхі, бананы і іншыя смачныя рэчы.

“ЗР” была б не “ЗР”, калі б абышлася без зоркавых педагогаў. Яе пастаянны сябар Пётр Ялфімаў і на гэты раз не пакінуў рабят без прафесійнага майстар-класа. Акрамя таго, заняткі для дзяцей правялі паэт Андрэй Скарынкін і актрыса Ірына Нарбекава.

“Звонкая раніца-5” — лаві пяць!

Вядома, самы адказны момант любога конкурсу — выбар пераможцаў, асабліва калі ўсе таленавітыя, абаяльныя і здольныя. На шчасце, у XXI стагоддзі існуюць тэхнічныя сродкі: падтрымку любімым выканаўцам маглі аказаць іх прыхільнікі, знаёмыя і родныя шляхам смс-галасавання, што дазволіла выбраць самага папулярнага ўдзельніка. Ім стала Уладлена Гулевіч. Уладальнік жа Гран-пры — Вераніка Самускевіч.

Пераможца галасавання гледачоў у зале — Артур Казіміраў.

Пераможца галасавання сярод удзельнікаў конкурсу — Серафім Лазука.

Пераможцы ў намінацыі “Прагрэс”: Мікіта Юркойць і Аляксандра Цімашэнка.

Пераможцы ў намінацыі “Баец”: Ганна Засімовіч і Аліна Пігулеўская.

Пераможцы конкурсу: Вераніка Самускевіч, Артур Міроненка, Артур Казіміраў, Вераніка Лашкова, Карына Вайцяховіч, Аляксандра Гесь, Уладзіслаў Пакалюк, Карына Ерафеева, Кацярына Ардынец, Ганна Лысянкова, Юлія Якута, Герман Беняш.

Акрамя пашаны, лаўрэаты конкурсу атрымалі матэрыяльныя ўзнагароды: лідару, вызначанаму па выніках галасавання членаў журы, падарылі планшэт, пераможцу смс-галасавання — мабільны тэлефон. А самыя каштоўныя прызы “ЗР” — цудоўныя ўспаміны і рафесійныя веды — дасталіся ўсім без выключэння.

Хочаш атрымаць такі ж бонус? Паспрабуй у наступны раз!

Віталіна Несцяровіч

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь