25.09.2021,Суббота, 12:40
Мы в социальных сетях:
Главная » Конкурсные работы

“Калі ласка, у нашу хату!”

Так вітаюць гасцей юныя экскурсаводы музея СШ № 5 г. Наваполацка “Хата ў жыцці беларуса”. “Скарбніца” ўяўляе сабой драўляную хатку з сенямі і ганкам. Умоўна памяшканне падзелена на дзве часткі: першая прысвечана сямейнай абраднасці жыхароў Паазер’я канца XIX — першай паловы ХХ стагоддзя, другая — дэманструе фрагменты сялянскага жыцця.

Фонд налічвае 553 экспанаты. Першапачаткова яны былі здабыты падчас этнаграфічных экспедыцый па ваколіцах горада, у вёсках суседніх раёнаў (Глыбоцкім, Верхнядзвінскім, Ушацкім). Напрыклад, дзеравяннікі, дарожны самавар ручной работы (даследчыкі лічаць, што ён адзіны ў Рэспубліцы Беларусь), ступа для зерня, плецены кораб, вясельныя шумёлы, бязмен.

Яшчэ адной крыніцай набыцця прадметаў стала штогадовая акцыя “Захаваем спадчыну”. Падчас яе правядзення вучні і настаўнікі перадалі на захаванне не адзін дзясятак “дзівоцтваў”. Сярод найбольш цікавых  — самаробны пюрнік (пенал), які падаравала намеснік дырэктара школы Ала Аляксееўна Карначова. А вось былы кіраўнік установы Таццяна Сямёнаўна Шыбакова перадала запісы вясельных, радзінных і лірычных песень, сабраных у 1980 гадах дзякуючы жыхарам Наваполацка, што раней жылі ў вёсцы Залюхава. Адметны экспанат прынесла былая вучаніца Марыя Аржанік — скрыпку свайго дзядулі. Даследаванне актывістаў музея дало падставу для распрацоўкі тэматычнай экскурсіі “Аляксей-музыка і прыгоды яго скрыпкі”, з якой Дар’я Ільюхіна ўзяла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў і атрымала дыплом I ступені (2013 г.).

— Цікава, што навапалачане, ведаючы пра тое, што ў нашай школе ёсць этнаграфічны музей, перадаюць сюды разнастайныя рэчы сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, — распавядае кіраўнік Ганна Чаславаўна Сугакава. — Так у нас з’явіліся цудоўныя драўляныя рамкі з моранага дубу (у іх зараз змешчаны арыгіналы і копіі фотаздымкаў), куфар, дываны, вышыванкі. Незвычайнай знаходкай стаў вясельны ручнік. Дарэчы, у фондах захоўваецца цэлая калекцыя аўтэнтычных палоцен, а таксама шмат іншых цікавых прадметаў побыту сялян Паазер’я, якія сведчаць аб нялёгкай долі беларускага народа.

У музеі таксама праводзяцца ўрокі, беларускія абрадныя святы, конкурсы юных экскурсаводаў і знаўцаў народных традыцый. Актывісты штогод паспяхова ўдзельнічаюць у вучнёўскіх канферэнцыях. Сярод ганаровых гасцей — дэлегацыі з Арабскіх Эміратаў, Японіі, Францыі, Германіі і іншых краін.

ЮК. Валянціна Анікейчык, ЮК. Кіра Ганчарова.

Поделиться ссылкой с друзьями:

Мои друзья:

Сайт Президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь