Не проста сурвэтка
Быць аўтарам ручніка — сімвала акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі» — справа пачэсная, але і вельмі адказная. Дзе васьмікласнік Раман Волкаў навучыўся традыцыйнаму мастацтву і хто прышчапіў яму любоў да сваіх каранёў і Радзімы?
Нашы продкі ставіліся да ручніка як да абярэгу, які суправаджаў іх у самых значных момантах жыцця. Такі выраб, сатканы Раманам Волкавым, вучнем Семежаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа iмя М. С. Высоцкага, стаў сімвалам рэспубліканскай міжканфесійнай дабрачыннай акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі-2021. Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера”.
— Рома, раскажы, з чаго ўсё пачалося?
— З дзяцінства. Мая маці працуе ў раённым цэнтры ткацтва. Яна брала мяне з сабой на працу. Там шмат цікавых рэчаў, якія мяне вельмі вабілі. Асабліва прыцягваў ткацкі станок. Мне было ўсяго тры гады, і я не даставаў да панажоў. Але я сядзеў на мамчыных каленях і ганяў чоўнік туды-сюды. Вось так і склаўся ў нас творчы дуэт. З таго часу я пастаянна займаюся ў цэнтры ткацтва.
— Атрымліваецца, мама — твой першы настаўнік?
— Так. Яна знакамітая ткачыха, народны майстар Беларусі, удзельнік міжнародных фестываляў рамёстваў. У яе шмат узнагарод і падзяк. Я вельмі ганаруся ёю! Мама вучыць мяне ткаць рэчы на кроснах, паясы — “на ніту”, “на дошчачках”, “на бердзечке”. Паказала, як плесці саламяных павукоў, ляпіць пано з салёнага цеста. Кожны год мы ўдзельнічаем у розных святах і фестывалях. Сваю першую ўзнагароду я атрымаў у пяць гадоў на абласным конкурсе па ткацтву “Матчыны кросны”.
— Сёння нямногія бачаць сэнс у такім працаёмкім працэсе, бо можна купіць гатовую рэч у краме. Што асаблівага ў ручніках?
— У краме, канешне, ёсць усё. Але да таго, што зроблена ўласнымі рукамі, зусім па-іншаму ставішся. У свой выраб укладваеш душу, настрой, думкі. І вельмі прыемна бачыць вынік. Рэчы ручной работы нясуць цеплыню і ўтульнасць, а тым больш ручнік! Пры яго вырабе выкарыстоўваюць розныя ўзоры, якія сімвалізуюць зямлю, сонца, продкаў, вечнасць і шмат іншых рэчаў. Гэта сувязь паміж пакаленнямі, а не проста сурвэткі для рук.
—Якія эмоцыі ты адчуваеш, калі вырабляеш ручнік?
— Заўсёды прысутнічае жаданне хутчэй выткаць яго, каб паглядзець на вынік. Бо бывае так: задумваеш адно, атрымліваецца крышку па-іншаму. Кожны ручнік можна чытаць як кнігу. Трэба толькі навучыцца разумець мову сімвалаў-узораў, якія традыцыйна ткалі і вышывалі нашы продкі. І гэта вельмі захапляе.
— Ты аўтар ручніка, які стаў сімвалам акцыі БРСМ «Аднаўленне святынь Беларусі-2021». Раскажы пра свой выраб падрабязней.
— Я працаваў над ім каля двух тыдняў. У яго аснову лягла ідэя народнага адзінства. Потым узнікла думка выткаць назву сваёй малой радзімы, з якой мы адзінае цэлае.
Як ніткі ў тканіне знаходзяцца вельмі блізка, так і ўсе людзі павінны быць у цеснай узаемасувязі адзін з адным. У творчасці заўсёды трэба прымяняць цікавыя прыёмы, шукаць новыя ідэі.
—Тваю працу заўважылі на рэспубліканскім узроўні! Як думаеш, што спрыяла поспеху?
— Мне вельмі прыемна, што ручнік зрабілі сімвалам акцыі. Мы ўручылі яго айцу Фёдару Поўнаму — мой выраб яму вельмі спадабаўся. Я ўдзячны сваёй матулі за такі поспех. Яна і мой настаўнік, і сябар, і дарадчык. А яшчэ сакрэт — у старанні: без руплівай працы нічога не даб’ешся.
—А памятаеш свой першы выраб? Цяжка ішла справа?
— Гэта была вышытая сурвэтачка. Я зрабіў яе ў чатыры гады: бабуля намалявала ўзор, паказала пару дэкаратыўных шыўкоў, я старанна выконваў, каб падараваць матулі на свята. Мая першая тканая цалкам рэч — пояс “на дошчачках”. Гэта заняло каля сямі дзён. Я ўважліва слухаў парады матулі і рабіў усё, што яна казала. Пакуль добра не навучышся, усё здаецца вельмі складаным. А як усё зразумееш, нічога цяжкага няма. І такі прынцып дзейнічае ўсюды.
— А кім ты марыш стаць? Напэўна народным майстрам Беларусі па ткацтве?
— Што чакае ў будучым, пакажа час. Галоўнае — каб былі шчаслівыя мае родныя і ўсе людзі. Я пакуль не вырашыў, якую прафесію выбраць. Стараюся добра вучыцца, развіваюся ў ткацтве: удзельнічаю ў розных мерапрыемствах, праводжу майстар-класы. Вельмі прыемна, калі людзі цікавяцца, купляюць тканыя рэчы і карыстаюцца імі.
— Хай табе ўсміхаецца ўдача на творчым шляху! А што пажадаеш нашым чытачам?
— Поспехаў. І каб усе маары здзейсніліся. А для гэтага трэба шмат працаваць, не ляніцца. Хай побач будуць надзейныя сябры — тады і жыццё будзе насычана прыемнымі падзеямі.
З будучым народным майстрам знаёміла(-ся) Соф’я Цыкунова, «ПВ».